Вясной, у канцы сакавіка — пачатку красавіка, калі ўсе хмызнякі спяць пад снежным покрывам, прачынаецца фарзіцыя. Гэта не нейкая дзіўная расліна, якая толькі зрэдку сустракаецца ў заўзятых садаводаў, а вельмі распаўсюджаная кветка — не пабаюся так яе назваць. Раней я нават ездзіла ў раён тэатра музкамедыі любавацца цвіценнем фарзіцыі. Цяпер яна ёсць і ў нашым спальным раёне, але ўражанне ад цэлых зараснікаў прыгажосці засталося да цяперашняга часу.
Галоўная прычына залатога багацця ў тым, што кветкі ў фарзіцыі распускаюцца раней, чым лісце. І калі вясна будзе ўмеранай, не вельмі цёплай, то мы можам назіраць цвіценне амаль месяц.
У асноўным фарзіцыі — даволі густыя лістападныя хмызнякі сярэдняй велічыні (вышыня 2—3м і дыяметр 1,5—2,5 см). Кветкі не вельмі буйныя, сустракаюцца формы, у якіх у зеве бачны аранжавыя штрыхі. Прыгожая фарзіцыя і ўвосень, калі лісце набывае жоўта-фіялетавае адценне.
Віды фарзіцыі розныя па зімаўстойлівасці. Найбольш устойлівая фарзіцыя яйкападобная, якая ва ўмовах Беларусі расце без асаблівых праблем. Яе кветкі крыху драбнейшыя, чым у іншых відаў, але расцвітае гэты від раней за ўсіх. Зімуе без укрыцця, цвіце штогод, толькі ў суровыя зімы крыху падмярзаюць кончыкі аднагадовых парасткаў.
Дастаткова марозаўстойлівая і фарзіцыя звісаючая, якая таксама цвіце кожны год. Праўда, да трох гадоў гэты від фарзіцыі патрабуе ўкрыцця на зіму, але потым парасткі выспяваюць — і больш ніякіх праблем з ёй не ўзнікае. Прычым для ўкрыцця патрэбен своеасаблівы каркас, які потым уцяпляюць. Справа ў тым, што галінкі фарзіцыі не вельмі пругкія. Не варта яе ў маладым узросце звязваць у пук альбо прыгінаць да зямлі.
Каб фарзіцыя вас толькі радавала, а не засмучала, неабходна прытрымлівацца некаторых правіл.
Па-першае, гэты хмызняк любіць свабоду і па магчымасці сонечнае і абароненае ад халодных вятроў месца. Падумайце самі: ці будзе глядзецца фарзіцыя, калі яе з усіх бакоў сціснуць іншыя хмызнякі.
Па-другое, хмызняк патрабавальны да глебы. Яна павінна быць нейтральнай альбо слабашчолачнай, валодаць дастатковай вільготнасцю. Можна выкарыстаць наступную сумесь: 2 часткі перагною альбо кампосту, адна частка верхняга слою глебы, 2 часткі рачнога пяску. Фарзіцыя будзе ўдзячна, калі вы штогод будзеце ўносіць у прыствольны круг палову вядра перапрэлага гною і шклянку попелу.
Па-трэцяе, не пашкодзяць і мінеральныя ўгнаенні. У канцы сакавіка — першай дэкадзе красавіка, калі сыдзе снег (але да цвіцення), у прыствольны круг можна ўнесці 100—150 грамаў нітраамафоскі, пры гэтым неглыбока прарыхліўшы глебу. Такую ж падкормку трэба даць і пасля цвіцення. Увосень уносіцца спецыяльнае ўгнаенне для гэтага перыяду.
Калі ёсць жаданне і час вырасціць экзатычныя віды фарзіцыі — калі ласка, фарзіцыя еўрапейская, Джыральда і цёмна-зялёная. Яны патрабуюць абавязковага ўкрыцця і пры гэтым могуць цвісці не кожны год. Селекцыянеры вывелі фарзіцыю прамежкавую. Гэты гібрыд вельмі папулярны, ён таксама зімуе з укрыццем, але прыгожа і працягла цвіце кожны год.
Фарзіцыя не баіцца сякатара. Абрэзкай можна стрымліваць яе рост і рабіць больш-менш жаданую форму. Абразаюць старыя, засохлыя, адмерзлыя галіны. Такую санітарную абрэзку робяць у канцы мая. У пачатку сакавіка старыя галіны можна абразаць па пянёк.
Размнажаецца фарзіцыя вегетатыўна. Зялёныя чаранкі, нарэзаныя ў чэрвені, акараняюцца ў халодных парніках амаль ста-працэнтна. Верхні канец чаранка замажце кропляй садовага вару. Такія саджанцы звычайна зацвітаюць на другі год.
Калі вы хочаце атрымаць саджанцы немарозаўстойлівых відаў, захоўвайце чаранкі ў скрынях у халодным, але з плюсавай тэмпературай падвале. Сачыце, каб глеба ў скрынях была крыху вільготнай.
А цяпер аб фарзіцыі на фота. 10 студзеня, калі яшчэ было цёпла, але прагназавалася пахаладанне, я зрэзала галінку фарзіцыі і паставіла ў вазу без усякай падрыхтоўкі. Праз тыдзень яна зацвіла. Фота зроблена 24 студзеня. Гэта якраз у той кароткі перыяд, калі выпаў снег і быў моцны мароз. Фарзіцыя была непаўторнай і глядзелася як падснежнікі ў навагоднюю ноч. Калі хочаце паўтарыць мой эксперымент, але на вуліцы будзе холадна, патрымайце некалькі дзён галінку фарзіцыі ў ваннай у цеплаватай вадзе і стаўце ў вазу. Так вы пабываеце ў красавіку. Між іншым я вельмі доўга абдумваю свае эксперыменты, пракручваю некалькі варыянтаў. Крокусы, напрыклад, выкопваю кожны год, усё шукаю для іх лепшае месца. А тут усё атрымалася спантанна. Так што келіх шампанскага я заслужыла.
Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара.