Колас і яго машыны

Уяўляеце сабе такую сітуацыю. Ноч. 1940 год. Па трасе Мінск — Масква нясуцца яны — два чорныя навюткія прыгажуны легенды амерыканскага аўтапрама “Шэўрале”. Іх хуткасць — 140 кіламетраў у гадзіну. Адзін “Шэўрале” часам пераганяе другі. Другі пераганяе першы.

За рулём аднаго — вусаты дзядзька.

За рулём другога — менш вусаты, але на ноч няголены.

Пераганяючы адзін аднаго, яны час ад часу ўсміхаюцца адзін аднаму і пераміргваюцца.

Кожны ў гэты момант нешта сам сабе гучна прамаўляе.

Адзін: “Мой мілы таварыш, мой лётчык, // Вазьмі ты з сабою мяне! // Я — ведай — вялікі ўжо хлопчык // I ўмею ўжо лётаць у сне. // Мне мама сягоння казала, // Што стукнула мне ўжо сем год. // Табе гэта, можа, і мала, // А мне ляцець толькі ў палёт”.


Другі: “Дарогі, вечныя дарогі! // Знаць, вам спрадвеку самі богі, // Калі красёнцы жыцця ткалі, // І вашы лёсы вызначалі, // Няма канца вам, ні супыну; // Вы жывы кожную часіну, // То задуменны, смутна строгі, // Як след захованай трывогі, // То поўны чараў спадзявання, // То страхаў цёмнага знікання, // Калі душа свой лёс прачуе // І ноч нябыту зацянюе… // Дарогі, цёмныя дарогі! // Вы так маўклівы, вы так строгі! // Хто вас аблічыць? Хто вас змерыць? // Хто вашы звівы ўсе праверыць? // Хто вашы ходы абшукае? // Бо ўсё сваю дарогу мае!”

Яны нясуцца ў ноч… Па трасе Мінск — Масква.

За рулём аднаго аўто — Янка Купала. За рулём другога — Якуб Колас.

Яны — нашы шыкоўныя першыя два народныя паэты.

І ў абодвух — шыкоўныя чорныя амерыканскія “Шэўрале”.

Не верце, даверлівыя чытачы, таму, што я зараз напісаў. Магчыма, яны і несліся па трасе Мінск — Масква ў сваіх “Шэўрале”. Магчыма, і дэкламавалі свае вершы на хуткасці 140 кіламетраў у гадзіну. Але за рулём былі не яны, а іх асабістыя шафёры. А самі яны ставіліся да сваіх машын выключна як да “сталёвых конікаў”: адвязе — і добра… Абодва былі ад зямлі. Хаця адзін — больш ад неба.

У нашай “аўтамабільнай” свядомасці Янка Купала трывала асацыіруецца з “Шэўрале”, які і зараз можна ўбачыць у філіяле музея паэта. У гэтым сэнсе мы зусім нічога не ведаем пра Якуба Коласа. Але ж у яго за апошнія 20 гадоў жыцця было ажно 6 машын! Ад “Эмкі” да “Победы”. Пра гэта расказвае выстава, якая надоечы адкрылася ў адным з аўтэнтычных гаражоў паэта ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, “У хвалях няспыннага руху: аўтамабільнымі шляхамі Коласа”.

Вось некалькі момантаў ад навуковага супрацоўніка згаданага музея Анатоля Жыгадлы.

Першым машыну атрымаў Купала, а не Колас. І Колас нярэдка прасіў таго падвезці.


Першай машынай Якуба Коласа была “Эмка”. У 1939-м яе ў яго забралі і далі “Шэўрале”. Гэтай машыне пашчасціла выжыць у вайну. Дом Коласа згарэў, а аўто пад домам ацалела. На гэтым “Шэўрале” Колас з жонкай і эвакуіраваўся. Праблема была ў тым, што ні Колас, ні хто-небудзь з яго сям’і не ўмелі вадзіць машыну. Асабісты шафёр Фёдар Хадасоўскі на той момант ужо з’ехаў з Мінска. Давялося прасіць пляменніка суседа.

Пасля вайны Якуб Колас асабліва любіў “ЗіМ”, карыстаўся ім вельмі актыўна, хацеў нават выкупіць у аўтабазы акадэміі навук. “ЗіМ” каштаваў каля 40 тысяч рублёў. Сярэдняя зарплата савецкага чалавека ў той час складала каля 600 рублёў.

Колас прыплачваў сваім шафёрам з уласнай кішэні. Першы яго шафёр у 1937 годзе сышоў пасля двух тыдняў працы на грузавік — на шмат лепшую заработную плату. І Колас пачаў прыплачваць — даваў тысячу рублёў у месяц.

У пісьменніка са сваімі шафёрамі былі цудоўныя, амаль сямейныя адносіны. Калі ў пасляваеннага шафёра Коласа Уладзіміра Краўкова памерла маці, Канстанцін Міхайлавіч даў яму, па яго ўспамінах, “большие деньги”.

Праўда, з Фёдарам Хадасоўскім, які вазіў Коласа на “Шэўрале”, аднойчы адбыўся казус. Ён заснуў за рулём і… завёз паэта ў балота. Машына пачала тануць. Колас пачаў тануць. Хадасоўскі хутка ачнуўся. Да гэтага ён быў спартсменам. Быў нават чэмпіёнам СССР па барацьбе. Вылез праз правы бок з машыны. І Коласа выцягнуў праз фортачку… І хаця Фёдар Хадасоўскі выратаваў тады Канстанціна Міхайлавіча, сын Даніла Канстанцінавіч, калі даведаўся пра гэтую гісторыю, таго звольніў і наняў бацьку новага шафёра — Сяргея Сонюшкіна. Колас пісаў пра яго: “Я люблю яго, як сына…” А, дарэчы, тое “Шэўрале” потым з цяжкасцямі, але дасталі з балота.


Колас па-свойму ставіўся да нямецкіх машын, на якіх ездзіў: маўляў, яны прыйшлі сюды з мячом, яны разбурылі мой Мінск, яны забілі майго сына… а цяпер я езджу на аўто гэтых гадаў.

А самыя трапяткія пачуцці Якуба Коласа былі да “Победы”. Ён купіў яе пасля вайны за 15 тысяч. Нават не для сябе (у яго быў службовы “ЗіМ”), а для сям’і. Вадзіла тую “Победу” нявестка Канстанціна Міхайлавіча Зарына, жонка Данілы Канстанцінавіча. Гэта быў тады небывалы цуд — каб жанчына вадзіла аўто. Можна сказаць, з Зарыны і пачалася эмансіпацыя…

У Купалы з Коласам былі сяброўскія адносіны, у тым ліку што тычыцца машын. Канкурыраваць, хваліцца адзін перад адным, маўляў, у мяне аўто круцейшае за тваё — гэта было зусім не іхняе… Усім вядома гісторыя, як Купала высадзіў Коласа пасярод балота, на тым месцы, дзе сёння знаходзіцца плошча, названая ў імя апошняга. Канстанцін Міхайлавіч тады не пакрыўдзіўся на свайго сябра. Наадварот, успамінаў гэты эпізод жартам.

“Эмка”, “Шэўрале”, “Зімка”, два “Опелі”, “Победа”… Яны вазілі Коласа па зямлі. Па яго новай зямлі.

Апынуўшыся ў гаражы Якуба Коласа і ўбачыўшы ўсе гэтыя машыны, сённяшні школьнік палюбіць яго — пісьменніка і аўтааматара. Хоць той і ставіўся да сваіх шэдэўральных жалезных коней як да “сталёвых конікаў”. Адвязе — і добра…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.