З 2006 года дзейнічае мінскі гарадскі праект “Маладыя таленты сталіцы”, які аказвае падтрымку ў развіцці талентаў дзяцей і моладзі. У 2008 годзе ён атрымаў грант Мінгарвыканкама. У праекце прынялі ўдзел каля 100 адораных дзяцей, што прадставілі шырокай аўдыторыі сваю творчую дзейнасць. Гэта навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі Мінска, якія маюць годныя поспехі ў дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтве. Удзельнікам праекта, арганізатарам якога з’яўляецца Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, стаў і вучань сярэдняй школы № 3 Мінска Дзмітрый Саладуха. 26 лістапада ў рамках праекта “Маладыя таленты сталіцы” была адкрыта яго першая персанальная выстава.
На выставе прадстаўлена больш за 20 работ, выкананых у розных тэхніках саломапляцення. Цудоўныя работы колеру сонца вельмі разнапланавыя. Гэта і шматлікія кампазіцыі, пано, лялькі розных памераў, жывёлы і птушкі. У кожную з іх Дзіма ўкладвае сваё майстэрства, цярпенне і працавітасць. Гэтым відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 14-гадовы хлопец паспяхова займаецца з 1 класа пад кіраўніцтвам педагога Валянціны Васільеўны Пазняковай. Дзмітрый вельмі таленавіты ў сваёй справе, пра што сведчаць перамогі і ўзнагароды, атрыманыя ў міжнародных, рэспубліканскіх і гарадскіх фестывалях, конкурсах і выставах. Рэдка ў наш час можна сустрэць амаль ужо дарослага хлопца, які робіць сапраўдныя цуды з саломы сваімі рукамі. Такі матэрыял патрабуе ад творцы цярплівасці і ўседлівасці, бо саломку трэба папярэдне апрацаваць: ачысціць, замачыць, а здараецца, і пафарбаваць. Акрамя такога цікавага і няпростага віду творчай дзейнасці, Дзіма цікавіцца фальклорам. Ён удзельнік фальклорнага калектыву 9 “В” класа сярэдняй школы № 3. За выступленнем калектыву і самога Дзмітрыя Саладухі з захапленнем сачылі госці і наведвальнікі выставы. Яшчэ адным любімым заняткам хлопца ўжо восьмы год з’яўляецца таэквандо, дзе ён таксама мае значныя поспехі: перамогі ў міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Акрамя ўрачыстага адкрыцця персанальнай выставы, а таксама магчымасці адчуць сябе сталым творцам, кожны ўдзельнік гарадскога праекта спрабуе сябе ў ролі педагога. Ён арганізоўвае і праводзіць майстар-клас, навучае іншых асновам сваёй дзейнасці і наглядна дэманструе свае ўменні. На майстар-клас да Дзмітрыя завітала каля 20 жадаючых рознага ўзросту. Хлопец вучыў наведвальнікаў майстраваць штучныя саламяныя кветкі. І дзеці, і дарослыя ўважліва сачылі за кожным рухам маладога творцы, слухалі яго тлумачэнні, а ў канцы ўрока атрымалі прыгожыя саламяныя кветкі. Адметна, што майстар-клас Дзіма ўдала праводзіў на роднай беларускай мове.Як паведаміла куратар праекта “Маладыя таленты сталіцы” і культарганізатар аддзела дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Кацярына Яўгеньеўна Панасюк, удзельнікамі праекта становяцца дзеці ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў, якія з’яўляюцца лаўрэатамі, пераможцамі шматлікіх конкурсаў дзіцячай творчасці, а таксама актыўныя ў розных сферах жыцця. “Мы спадзяёмся, — адзначыла Кацярына Яўгеньеўна, — што гарадскі праект “Маладыя таленты сталіцы” многім сваім удзельнікам, у тым ліку і Дзмітрыю, дапамог і яшчэ дапаможа самарэалізавацца, дасць стымул працаваць і развівацца далей, а таксама сарыентавацца ў выбары будучай прафесіі”.
Алеся УШАКОВА.
Фота аўтара.