Упершыню юку ніткаватую я ўбачыла яшчэ школьніцай, у 1976 годзе, у парку Сухумі. Таму і ўспрыняла яе, як звычайную цеплалюбівую расліну. Але якое ж было здзіўленне, калі я ўбачыла такую юку ва ўсёй квецені ў садзе бесперапыннага цвіцення каля ўніверсітэта ў Брэсце, прыехаўшы туды на сустрэчу з выпускнікамі! Заўважала яе і ў жыхароў прыватнага сектара. Але здзівілася яшчэ больш, убачыўшы юку ў родным Гродне каля касцёла. Пагаварыўшы з жанчынай, якая даглядае клумбу, я даведалася шмат цікавага аб гэтай кветцы.
Юка ніткаватая — надзвычай прыгожая вечназялёная расліна з сямейства лілейных. Нягледзячы на свой трапічны выгляд, яна добра зімуе на тэрыторыі ўсёй нашай краіны. Адна з найбольш марозаўстойлівых, выносіць кароткачасовыя маразы да -20 градусаў, часам і больш. У юкі скурыстае завостранае лісце даўжынёй 30—60 см і шырынёй 3—10 см. Край ліставых пласцінак расшчэплены на тонкія валокны (адсюль і назва расліны). Лісце сабрана ў прыгожую разетку, у якой з часам утвараюцца бакавыя атожылкі. Кветанос — велізарная (да 2 м вышынёй) разгалінаваная мяцёлка — з’яўляецца ў чэрвені — ліпені. Шматлікія (да 200 штук) варонкападобныя паніклыя кветкі, белыя або крэмавыя, дыяметрам да 6 см маюць вельмі прывабны выгляд.
Цвіценне юкі — сапраўднае свята, якое працягваецца на працягу двух-трох тыдняў. Зацвітае расліна звычайна праз два гады пасля пасадкі. Аднак у некаторыя гады юка не цвіце — такое адбываецца, калі мінулай зімой надземная частка расліны падмерзла.
Пасадка і догляд
Асаблівых патрабаванняў пры пасадцы юкі ніткаватай няма. Галоўнае, пазбягаць залішняй вільгаці, інакш карані юкі пачнуць гніць. Можна выратаваць юку, выдаліўшы большую частку кораня і зноў перасадзіўшы расліну ў гаршчок для кветак. І толькі праз год, выхадзіўшы юку, можна зноў пасадзіць яе ў сваім садзе па ўсіх правілах. А правілы такія: юку ніткаватую варта пасадзіць у месцы, дзе няма небяспекі застою вады. Яна можа расці нават на пяску, галоўнае, забяспечыць ёй умовы, далёкія ад сырасці, і менш паліваць, нават у моцную спякоту.
Важны і дрэнаж. Яму для пасадкі юкі ніткаватай трэба падрыхтаваць не менш за 80 см глыбінёй і дыяметрам не менш за 40 см. Затым насыпаць гальку або аскепкі цэглы ў яму, на сантыметраў 5—10, а затым напалову засыпаць буйным пяском, а яшчэ лепш апалым лісцем (яно каштоўнае як угнаенне), пясок змяшаць з попелам — гэта толькі палепшыць эфект.
Таксама многае залежыць ад складу глебы на ўчастку. Калі глеба больш пясчаная, можна адразу саджаць. Калі ж на ўчастку суглінак ці чарназём, то непасрэдна перад пасадкай “развядзіце” яго пяском.
Месца для юкі ў садзе выбірайце толькі сонечнае. Расліна можа расці і ў паўцені, аднак будзе мець неахайны выгляд, бо лісце выцягваецца. Ідэальна пасадзіць юку на схіле, дзе назапашваецца вільгаць.
Высаджаную расліну добра паліваюць. Догляду юка не патрабуе амаль ніякага, яна ўстойлівая да шкоднікаў і вельмі рэдка хварэе.
Размнажэнне
Размнажаюць юку ніткаватую дзяленнем карэнішчаў, бакавымі атожылкамі або насеннем. Вясной з карэнішчаў юкі наразаюць чаранкі даўжынёй 3—5 см. Пасля падсушвання на адкрытым паветры на працягу 3—4 гадзін іх высаджваюць для ўкаранення ў парнікі на глыбіню 5—7 см у супяшчаны грунт. Вясной і восенню ад куста таксама аддзяляюць маладыя расліны і высаджваюць іх на пастаяннае месца. Звычайна такую працэдуру праводзяць раз у 3—4 гады. Вырошчванне юкі ніткаватай з насення — значна больш складаны працэс і не заўсёды ўдалы.
І памятайце: цвісці юка пачынае не ў першы год пасля пасадкі, а мінімум праз тры гады.
У садзе юка ніткаватая складзе ўдалую кампазіцыю з больш нізкімі кветкамі — настуркамі або браткамі, і можа стаць яго галоўным упрыгажэннем.
Прыкрыццё на зіму
Паколькі ў нас зімы бываюць халоднымі, пажадана рабіць над раслінай паветрана-сухое ўкрыцце. Для гэтага знайдзіце драўляную скрыню без дна, на яе нацягніце нятканы покрыўны матэрыял (спанбонд) і накрыйце кветку. Вакол скрыні насыпце сухога лісця (а яшчэ лепш пакласці лапкі хвойных дрэў), а зверху яшчэ закрыйце поліэтыленавай плёнкай. Такое сховішча мае паветра ўнутры і не прапускае вільгаць звонку. Калі ж зрабіць яго немагчыма, з надыходам халадоў звяжыце лісце юкі ў пучок — верхавіна расліны не падмерзне, а лісце не зламаецца пад снегам. А вось карэнішча ў юкі трывалае, з доўгімі каранямі, таму не пакутуе ні ад маразоў, ні ад спёкі.
Юка вельмі непераборлівая. Сонца і вада — залог яе цвіцення. Кветанос пасля цвіцення неабходна выдаліць, як і саму старую разетку, калі з’явяцца новыя. Юка жывучая. У тых месцах, дзе яна калісьці расла, увесь час з’яўляюцца новыя расліны. Раскапаўшы такі “расаднік” на газоне, можна ўбачыць “ствол” таўшчынёй у руку, які ляжыць гарызантальна, — гэта і ёсць асноўны корань.
Днём кветкі юкі выглядаюць фарфоравымі, але асабліва прыгожая расліна вечарам, яе султаны нібы асвятляюць уваход у храм.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара і з інтэрнэту.