Кветнік засеем увосень

Увесну, калі пачынаеце рыхтаваць сваю клумбу да пасеву, вы часта заўважаеце знаёмыя ўсходы. Гэта азначае, што кветкі, адцвіўшы мінулым летам, утварылі насенныя каробачкі, якія паспяхова перазімавалі і ўзышлі. Але, шчыра кажучы, не заўсёды проста скампанаваць расліны, падабраць ім падыходзячае месца. Ужо даволі даўно кветкаводы практыкуюць так званы “падзімні пасеў”, калі насенне высяваецца пад зіму. А спіс кветак, якія размнажаюцца такім чынам, даволі ўнушальны.

Для падзімняга пасеву ў трэцяй дэкадзе кастрычніка рыхтуюць глебу, выраўноўваюць яе і робяць так званыя “разоры”. Кожную нейкім чынам адзначаюць. Калі сярэднясутачная тэмпература складзе -2 — -4°С, можна высяваць насенне. Прысыпаюць яго торфам, торфам з пяском, перагноем. Спяшацца з такімі пасевамі не варта, бо пры цёплым лістападзе яно можа прарасці. Увогуле гэта, скажам так, рызыкоўны спосаб кветкаводства. Але ў дажджлівае лета многія расліны таксама падвяргаюцца рызыцы. Дык чаму б не паспрабаваць?
Пад зіму высяваюць наступныя аднагадовыя кветкі: рагульку, дымарфатэку, календулу, лаватэру, лабулярыю, нігелу, рэзеду, эшольцыю, флёкс Друмонда, іберыс. З мнагалетніх раслін можна рэкамендаваць анемону, пылюшнік, многія віды званочкаў, ліхніс халцэдонскі, ліятрыс, лубін.
Падзімні пасеў мае шмат пераваг. Усходы з’яўляюцца рана вясной, калі глеба прагрэта яшчэ недастаткова і захоўвае дастатковую колькасць вільгаці. Такія расліны трэба менш паліваць. Зацвітаюць яны на два-тры тыдні раней.
Цяпер крыху падрабязней аб кветках, якія падыходзяць для гэтай мэты.

диморфотекаДымарфатэка — расліна з вельмі разгалінаванымі, часам палеглымі сцёбламі вышынёй 20 — 30 см і буйнымі рамонкападобнымі суквеццямі — кошыкамі жоўтага, бэжавага, аранжавага, ласасёвага колеру. У кветкаводстве распаўсюджана дымарфатэка выемчатая — з цёмнай сярэдзінкай і ярка-аранжавымі суквеццямі. Расліна святлолюбівая, засухаўстойлівая і холадаўстойлівая. Цвіце з чэрвеня па жнівень.

Рагулька Аякса — стройная, слаба разгалінаваная расліна вышынёй да 120 см. Блакітныя, сінія, пурпурныя кветкі дыяметрам 3-4 см сабраны ў шчыльнае цыліндрычнае суквецце вышынёй 20 — 30 см, якое зацвітае ў чэрвені. Кветка добра расце на нейтральных глебах, у засушлівае надвор’е патрабуе паліву. Трэба падумаць і пра апоры для рагулькі, бо вецер можа паламаць высокія суквецці.

rjcvtzКасмея — кветка многім вядомая з дзяцінства. Яе просценькія бэзавыя, белыя, чырвоныя суквецці ў спалучэнні з ажурным дэкаратыўным лісцем былі амаль у кожным кветніку. Зараз выведзена шмат цікавых незвычайных гатункаў з махровымі суквеццямі, розных колераў, не вельмі высокіх, і можна смела сцвярджаць, што касмея перажывае другое нараджэнне. Адзінае, што трэба ўлічваць пры пасадцы, — яна не любіць лішку арганічных угнаенняў, бо тады кветкі атрымліваюцца дробныя, а лісце разрастаецца.

Флёкс Друмонда я адкрыла для сябе ў гэтым сезоне, вырошчвала яго расадным спосабам. Гэтая невысокая, памерам 20 — 30 см расліна мае незвычайнай прыгажосці суквецці: ружовыя, белыя, чырвоныя, пурпурныя, двухколерныя, з вочкам альбо штрышкамі. Прываблівае і форма суквецця — зоркавыя, рассечаныя, простыя, махровыя. imagesГэтую незвычайную кветку можна высяваць і пад зіму. Цвіце “друмондзік” з чэрвеня да канца верасня. Трэба ўлічыць толькі адну акалічнасць: спачатку гэтая раслінка вельмі кволая — дзве-тры тоненькія галінкі — і толькі праз некаторы час пачынае развівацца надземная частка.
Добра размнажаецца падзімнім пасевам і эшольцыя — каліфарнійскі мак. Гэтыя вясёлыя аранжавыя кветкі дабавяць у ваш кветнік пазітыўную энергію.
У падзімнім пасеве ёсць і яшчэ адзін пазітыўны момант. Часта ў насення ў канцы года канчаецца тэрмін прыдатнасці, і ў такім выпадку гэта якраз той удалы варыянт, які можна выкарыстаць.
Сярод мнагалетніх раслін пасевам пад зіму можна размножыць анемону лясную, аквілегію, пылюшнік, карпацкі званочак і іншыя.

анемонаАнемона лясная — расліна з вертыкальным карэнішчам, шматлікімі апушанымі сцёбламі вышынёй да 50 см і двух-трохпадзельным апушаным лісцем. Кветкі адзінкавыя, 3 — 7 см у дыяметры, на доўгіх кветканосах, белыя альбо крэмавыя. Цвіце ў чэрвені. Ёсць махровыя і буйнакветкавыя формы. Анемона аддае перавагу лёгкім, рыхлым, пажыўным глебам, нядрэнна пераносіць паўцень.

Аквілегія — таксама старая добрая знаёмая. Яна мае буйныя, дыяметрам 3 — 7 см кветкі, блакітныя, сінія, ружовыя альбо двух- і трохколерныя, сабраныя ў рыхлую мяцёлку. Дзяленне куста расліна пераносіць дрэнна, таму лепш размнажаць яе насеннем. Лепшае месца для аквілегіі — злёгку зацемнены ўчастак з вільготнай, пажыўнай глебай. На сонечных месцах патрабуецца дадатковы паліў. Без страты дэкаратыўных якасцей расце на адным месцы 5 — 7 гадоў.

Пылюшнік — буйная кветка з прамастаячым разгалінаваным сцяблом вышынёй 50 — 150 см і ажурным лісцем. Кветкі дробныя, белыя, бэзавыя, лілова-ружовыя, сабраныя ў рыхлыя мяцёлкі. Афарбаваныя тычынкі здаюцца даўжэйшымі за песцікі. Да глебы расліна непераборлівая, выносіць паўцень.

Ліхніс халцэдонскі часта сустракаецца ў кветніках. Гэта высакарослая расліна з ярка-чырвоным шчыткападобным суквеццем, мірыцца з беднаватай глебай. Добра выглядае ў кветніку ў якасці яркіх плям.
Увогуле часам самасеў даюць нават такія цеплалюбівыя культуры, як лабелія, агератум, петунія, клеома, тытунь духмяны. Гэта значыць, што ўсходжасць захавалася пад надзейнай снегавой шубай. А можа, меў месца яго Вялікасць Выпадак, які бывае не толькі ў чалавечым, але і ў кветкавым свеце.

Ала ШАЎЦОВА.