Лёгкаўзгаральныя вадкасці (ЛУВ) — аб іх небяспецы гаворыць ужо сама назва. Між тым, вырашаючы самыя простыя бытавыя пытанні, мы сутыкаемся з імі ўвесь час: калі спрабуем “выратаваць” любімую рэч плямавыводнікам і адцерці растваральнікам фарбу, выкарыстоўваем клей на спіртавой аснове і асвяжальнік паветра. Ці варта гаварыць пра бензін, газу або ацэтон, калі нават звычайны алей і тое загараецца даволі хутка.
Грэбаванне правіламі бяспекі пры рабоце з падобнымі рэчывамі заканчваецца дрэнна — да сур’ёзных траўм можа прывесці нават самая малая неасцярожнасць. І заснавана гэта, на жаль, не толькі на тэарэтычнай верагоднасці, але і на рэальных прыкладах з жыцця.
Так, з-за ўласнай няўважлівасці пацярпеў жыхар Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Мужчына фарбаваў дома вокны і выпадкова разліў на адзенне растваральнік. Праз некаторы час, знаходзячыся на вуліцы, вясковец закурыў — вопратка на ім загарэлася літаральна ад адной іскры. У мясцовую бальніцу мужчына быў дастаўлены з апёкамі 80% цела. Яшчэ адзін няшчасны выпадак адбыўся ў Брэсцкай вобласці. З дапамогай трымера гаспадар касіў траву на прысядзібным участку. Падчас работы закурыў, а затым кінуў непатушаную цыгарэту на зямлю, з-за чаго загарэлася разлітае паліва. Полымя імгненна перакінулася на адзенне. З апёкамі 18% цела мужчына быў шпіталізаваны. Сур’ёзныя тэрмічныя траўмы атрымалі і жыхары Лідскага раёна Гродзенскай вобласці — у цяжкім стане (апёкі 45% і 90% цела) мужчына і жанчына былі дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне мясцовай бальніцы. Як высветлілася, пажар адбыўся ў гаражы — пасля прамывання запчастак аўтамабіля бензінам грамадзяне выкарыстоўвалі адкрыты агонь, што і прывяло да ўзгарання.
Прыкладаў такіх больш чым дастаткова, а вось выснова можа быць толькі адна: спадзявацца на авось у такім выпадку не трэба. Прычым выконваць меры засцярогі неабходна не толькі падчас эксплуатацыі, але і пры захоўванні лёгкаўзгаральных вадкасцей.
У першую чаргу вывучыце інструкцыю і прытрымлівайцеся ўсіх пазначаных патрабаванняў. Памятайце, што трымаць “запасы”, скажам, бензіну або іншых ЛУВ (растваральнік, спірт, ацэтон, газа) дома небяспечна. Пры гэтым не дапускаецца пакідаць іх на балконах або лоджыях, бо тут яны падвяргаюцца дзеянню сонечных промняў. Захоўваць падобныя рэчывы можна ў гаражах або іншых дапаможных памяшканнях, але не больш за 20 кг і ў металічных, са шчыльнымі накрыўкамі ёмістасцях. Курыць і карыстацца адкрытым агнём там строга забараняецца. Акрамя таго, трэба ўлічваць і іншыя асаблівасці: напрыклад, калі ў вас старая праводка, то наяўнасць лёгкаўзгаральных вадкасцей будзе расцэньвацца як парушэнне.
Ёсць і яшчэ некалькі нюансаў. Па-першае, не пералівайце ЛУВ у іншыя тары, надпіс на якіх не адпавядае змесціву. Упэўненасць у тым, што вы беспамылкова памятаеце “што ёсць што”, усё ж можа падвесці. Да таго ж ёсць яшчэ і вашы блізкія, якія пра такія важныя змены могуць не ведаць. Па-другое, усе небяспечныя рэчывы захоўвайце ў месцах, недаступных для дзяцей.
Абавязкова растлумачце свайму дзіцяці, што ЛУВ прызначаны зусім не для гульняў. Не забудзьце згадаць таксама лак для валасоў, асвяжальнік паветра, парфуму і іншыя бытавыя аэразолі — часам дзецям прыходзіць у галаву ідэя пырснуць з яркага флакончыка на канфорку газавай пліты. Безумоўна, прадбачыць усе сітуацыі цяжка, але нагадаць дзецям элементарныя правілы бяспекі неабходна.
Што тычыцца непасрэдна работы з лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі, то трэба звярнуць увагу на наступнае: ні ў якім разе не выкарыстоўвайце пры эксплуатацыі адкрыты агонь (запалкі, цыгарэты, свечкі і інш.); не стаўце ёмістасці з імі на батарэі; не разагравайце іх на пліце.
У выпадку, калі ЛУВ загарэлася, не забудзьцеся, што вада вам не дапаможа. Усе гэтыя вадкасці лягчэйшыя па ўдзельнай вазе, таму яны ўсплываюць на паверхню і працягваюць гарэць. Акрамя таго, плошча пажару павялічваецца, бо вада расцякаецца. Тут лепш за ўсё выкарыстаць парашковы вогнетушыцель, аднак у большасці выпадкаў побач яго няма. Тады вас выратуюць шчыльныя тканіны (брызент, кошма, коўдра з лямцу), адзенне альбо іншыя рэчы, змочаныя вадой. Справіцца з полымем можна таксама з дапамогай пяску або зямлі, закідаўшы імі падпаленую паверхню (рабіць гэта трэба акуратна, каб не запырскаць іншыя прадметы).
У любой сітуацыі старайцеся не паддавацца паніцы. Будзьце ўважлівыя. Памятайце, што вы маеце справу з патэнцыяльна небяспечнымі рэчывамі, менавіта таму ваша першачарговая задача — пазбегнуць узнікнення надзвычайнай сітуацыі!
Алеся ДЗЕНІСЕНКА,
Цэнтр прапаганды МНС Беларусі.