Лёгкая і паветраная

Асцільбэ (асцільба) належыць да сямейства каменяломнікавых. Радзіма яе — Японія. Шматгадовая расліна з вытанчанай лістотай, з кветкамі ў вялікіх эфектных гронках у выглядзе карункавага ўзору разнастайнай афарбоўкі. Вышыня ад 60 см да 1,5 м. Час цвіцення — ліпень — жнівень.

Удзікім выглядзе асцільбэ расце ва Усходняй і Паўднёвай Азіі, у Паўночнай Амерыцы асцільбэ адносіцца да найбольш дэкаратыўных шматгадовых раслін. Гатункі асцільбэ адрозніваюцца па вышыні: нізкія — да 50 см, сярэднія — 50—80 см і высокія — больш за 80 см. Маюцца гатункі з белымі суквеццямі — Вейс Перл, Вейс Глорыя Белая і інш.; з ружовымі і бэзава-ружовымі кветкамі — Ружа Перл, Эрыка, Гіяцынт і інш.; са светла- і цёмна-чырвонымі — Скарлет, Гранат, Фінал, Пурпурная і інш. Акрамя афарбоўкі суквеццяў, гатункі асцільбэ адрозніваюцца па іх форме і шчыльнасці (мяцёлчатая, рамбічная, пірамідальная), а таксама па афарбоўцы лісця (светла-зялёнае, чырвонае, бардовае) і тэрмінах цвіцення (15—32 дні). Асцільбэ дасягае лепшага развіцця ў паўцені і на добра ўвільготненых месцах, але можа расці і пры яркім асвятленні. Размнажаюць расліну дзяленнем каранёў і насеннем.
Асцільбэ цэняць за арнаментальнае лісце і лёгкія, пухнатыя кветкавыя гронкі, якія выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання ўчастка і для зрэзкі ў вялікія букеты, якім яны надаюць лёгкасць. Пасля адцвітання гронкі становяцца бурымі. У гэты час іх трэба зрэзаць, за выключэннем тых, якія пакідаюць на насенне. Асцільбэ можна выкарыстоўваць для азелянення ўчастка ў цяністых, паўцяністых і на моцна ўвільготненых месцах, дзе іншыя мнагалетнікі могуць пакутаваць ад недахопу святла і лішку вады ў глебе; асцільбэ можа служыць добрым матэрыялам для азнаямлення з разнастайнасцю формы ліста і будовай кветак і суквеццяў, для работ па размнажэнні насеннем і дзяленнем кустоў.

Размнажэнне
Пры размнажэнні асцільбэ насеннем яго высяваюць у скрыні ў сакавіку — красавіку. Паколькі насенне дробнае, яго альбо толькі крыху зацярушваюць глебай, альбо зусім не прыкрываюць. Усходы пікіруюць у скрыні і пры змыканні іх (у маі) высаджваюць у грунт на пастаяннае месца.
Асцільбу разводзяць дзяленнем куста (у верасні або маі), а таксама чаранкаваннем з часткай карэнішча (у жніўні). Саджаюць расліны на адлегласці 25—30 см. Пупышкі павінны быць прысыпаны зямлёй.
Можна размнажаць асцільбэ дзяленнем кустоў у зімовы час. Для гэтага неабходна:
1. У жніўні выкапаць з грунту кусты асцільбэ і пасадзіць у прасторныя гаршкі або скрыні. Гаршкі ўкапаць у зямлю і да халадоў трымаць на паветры. Сачыць, каб яны не перасыхалі і залішне не заліваліся дажджавой вадой. Можна паставіць у парнікі.
2. Перад надыходам халадоў унесці ў падвал.
3. У снежні — студзені з падвала ўнесці ў памяшканне.
4. Асцярожна вытрасці з посуду. Прамыць, каб добра разгледзець пупышкі і карані на кустах.
5. Разрэзаць кожны куст так, каб на ім былі і пупышкі, і карані.
6. Месцы разрэзаў прысыпаць тоўчаным драўняным вугалем.
7. Пасадзіць падзеленыя кусты ў глебу. Паліць цёплай вадой.
8. На першыя два тыдні паставіць у светлае месца і трымаць пры тэмпературы +8—+12°С. Пры больш высокай тэмпературы ў расліны рана абуджаюцца пупышкі, а карані развіваюцца слаба.
9. Пасля з’яўлення новых белаватых каранёў тэмпературу можна павысіць да +14—+17°С.
10. Вясной расліны высадзіць у кветнікі.

Догляд
Асцільба — непатрабавальная расліна. Яна не губляе дэкаратыўнага выгляду пры вырошчванні на адным месцы на працягу 10 гадоў. Лепш расце на вільготных, рыхлых, слабакіслых глебах, у злёгку зацененых месцах, але не блізка ад вялікіх дрэў. Асабліва добра цвіце асцільба на ўчастках, дзе ўносяць арганічныя ўгнаенні. Амаль не падвержана хваробам і шкоднікам.
Шматлікія гатункі асцільбы недастаткова зімаўстойлівыя і ў маласнежныя зімы падмярзаюць, але часцей расліны асцільбы пакутуюць з-за позніх вясновых замаразкаў. У гэтым выпадку пашкоджваецца маладое лісце. Там, дзе расце асцільба, глебу трэба рыхліць і мульчыраваць. Асцільбы шчодра паліваюць, асабліва расліны, пасаджаныя на адкрытых месцах.

Выкарыстанне
Гэтыя расліны высаджваюць групамі на міксбордзерах, кветніках, імі афармляюць вадаёмы і рабаткі. Добра глядзяцца асцільбы ў спалучэнні з нарцысамі і іншымі цыбульнымі раслінамі. Нізкарослыя, пышна квітнеючыя гатункі асцільбы (Фінал, Скарлет, Ірліхт) можна выкарыстоўваць у ракарыях. Вырошчваюць іх для зрэзкі і для сухіх букетаў (асабліва гатункі з цёмна-чырвонымі суквеццямі).
Можна займацца і выганкай асцільбаў. Для выганкі асцільбэ мэтазгодна браць моцныя і нізкарослыя формы. Для гэтага расліны асцільбы высаджваюць восенню ў гаршкі і трымаюць у халодным парніку. Ужо ў студзені можна пераносіць іх у цяпліцу ці пакой; праз 10—12 тыдняў (гэта значыць да 8 сакавіка) яны зацвітуць.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.