Магічная сіла пеларгоніі

Пеларгонія адносіцца да сям’і гераніевых. Іншая, больш звычная назва гэтай кветкі, — герань. Радзімай гэтай мілай і такой знаёмай усім нам з дзяцінства расліны з’яўляецца Паўднёвая Афрыка.

Калісьці верылі, што пеларгонія валодае магічнымі ўласцівасцямі. Тады яна выкарыстоўвалася ў якасці талісмана для прыцягнення дабрабыту і шчасця, а таксама прымянялася ў магіі. Лічылася, што чароўныя ўласцівасці пеларгоніі залежаць ад афарбоўкі кветак. Так, ружовую пеларгонію выкарыстоўвалі ў любоўных замовах, белую — для павелічэння нараджальнасці, а чырвоную — для абароны ад злых сіл, прыцягнення здароўя і дастатку.

Міф пра тое, што пах пеларгоніі (герані) абараняе дом ад злых духаў і розных негатыўных уплываў, жыве і сёння. Лічыцца, што калі расставіць вазоны з пеларгоніяй па ўсім доме і распыліць гераніевую ваду, можна стварыць сваеасаблівы ахоўны бар’ер. Я з дзяцінства памятаю, як мама раскладала галіны пахучай герані па паліцах у шафе, дзе захоўвалася адзенне, каб там не заводзілася моль.

Народная медыцына лічыць, што пах лісткоў герані знімае галаўны боль, праганяе стомленасць. Герань і да гэтага часу застаецца найлепшым упрыгажэннем балконаў, малых кветнікаў і буйных паркаў, вялікіх сквераў і плошчаў. Ёй упрыгожаны падаконнікі нашай школы на першым паверсе. Яна цудоўна выглядае ў кампазіцыі з іншымі кветкамі.

Віды пеларгоній

Пеларгоніі аб’ядноўваюцца па дэкаратыўных прыметах у пяць асноўных груп: буйнакветкавыя, духмяныя, плюшчалісцёвыя, сукулентныя і занальныя.

Занальныя пеларгоніі

Назву гэтая група атрымала з-за палоскі, якая праходзіць на некаторай адлегласці ад краю і дзеліць ліставую пласціну на вобласці розных адценняў. Занальная пеларгонія шчодра і працягла цвіце, а таксама мае разнастайную афарбоўку пялёсткаў: белую, ружовую, ліловую, чырвоную.

Плюшчалісцёвыя пеларгоніі

Прадстаўнікі гэтай групы адносяцца да ампельных раслін. Лісце плюшчалісцёвых пеларгоній тоўстае, цёмна-зялёнае, з глянцам. Кветкі бываюць махровымі, паўмахровымі і простымі. Суквецці сабраны ў гронкі, афарбоўка палёсткаў разнастайная. Самымі дэкаратыўнымі з’яўляюцца гатункі з лісткамі, абведзенымі светлай аблямоўкай. Лісткі плюшчападобнай герані, у адрозненне ад звычайнай, не маюць апушэння, а галінкі доўгія, спадаюць уніз. Яны нагадваюць ніці плюшчу і здольны дасягаць 90 см у даўжыню. На канцы парасткаў распускаюцца кветкі, якія маюць форму гронак або пампонаў. Ампельная герань добра размнажаецца, таму заўсёды можна папоўніць сваю калекцыю новымі раслінамі або абнавіць ужо існуючыя экзэмпляры.

Духмяныя пеларгоніі

Галоўны крытэрый выбару духмянай пеларгоніі — гэта пах яе лісткоў. Выведзены гатункі з пахамі ружы, мяты, лімона, апельсіна, яблыка, мускатнага арэха, імбіру, абрыкоса, карыцы, вербены. Куст дасягае вышыні 90 см і нават больш. Лісткі не толькі духмяныя, але і дэкаратыўныя: адны глыбока зрэзаны, другія маюць густыя брыжы па краі. Суквецці ў форме парасонікаў. Афарбоўка пялёсткаў белая, чырвоная, ружовая і нават фіялетавая.

Буйнакветкавыя пеларгоніі

Вельмі дэкаратыўная і раскошная група пеларгоній. Нездарма яе яшчэ называюць каралеўскай. У параўнанні з іншымі відамі гэтая пеларгонія вельмі капрызная ў доглядзе. Куст вырастае да 60 см. Лісткі невялікія з зубчастым краем. Кветкі буйныя, гафрыраваныя, да 5 см. Афарбоўка пялёсткаў можа быць белай, ласасёвай, ліловай, бардовай, чырвонай.

Сукулентныя пеларгоніі

Гэтая група раслін карыстаецца папулярнасцю толькі ў тых кветкаводаў-энтузіястаў, якіх не пужаюць цяжкасці агратэхнікі. Існуе ўсяго некалькі відаў сукулентных пеларгоній: гарбатая, картузалісцевая, мясістая, чарговая, пушысталісцевая, тоўстасцябловая, вуглаватая. Ёсць віды з калючкамі. З-за здольнасці сцябла віцца сукулентныя гатункі выкарыстоўваюць для атрымання бансай.

АСВЯТЛЕННЕ

Для стварэння камфортных умоў герань трэба падвесіць або паставіць у добра асветленае месца. Для гэтага расліну лепш размясціць на вокнах з паўднёвага або заходняга боку. На паўночных і ўсходніх вокнах кветцы будзе не хапаць сонечнага святла, і ў выніку гэта негатыўна паўплывае на цвіценне герані

Размнажэнне

Герань можна размнажаць насеннем і пасынкамі. Для таго каб з пасеянага насення выраслі маладыя моцныя расліны, трэба прытрымлівацца некалькіх правіл.

1. Насенне ўсейваюць у шырокія ёмістасці — скрыні, паддоны і г.д. Склад грунту павінен уключаць торф і пясок. Глеба павінна быць лёгкай, рыхлай, з добрай аэрацыяй. Пасля сяўбы насення глебу ўвесь час падтрымліваюць вільготнай.

2. Вялікі ўплыў на паспяховыя ўсходы аказвае тэмпературны рэжым. Температура ў памяшканні павінна быць строга 20—22°C, а калі з’явяцца першыя ўсходы, яе адразу зніжаюць да +15°C.

3. Калі ўсходы падрастуць, іх можна пікіраваць у асобныя вазоны. Але варта памятаць, што расліны не любяць прасторныя вазоны і кошыкі, таму памер вазончыка падбіраюць у адпаведнасці з памерам каранёвай сістэмы. Глыбіня вазона павінна быць на два сантыметры большай за даўжыню каранёў.

Пасынкаванне

Укараняць пасынкі пеларгоній можна ў любую пару года, але найбольш удалы час — люты — красавік і жнівень — верасень. Зімой і летам пасынкі ўкараняюцца складаней, прыйдзецца ўлічваць некаторыя асаблівасці гэтых перыядаў: зімой пеларгоніі адпачываюць, а ў летнія месяцы актыўна цвітуць (летам, у час гарачага надвор’я пасынкі ўкараняцца вельмі павольна або не могуць укараніцца ўвогуле). Перыяд размнажэння звязаны з тэмпературай паветра, якая павінна быць не вышэй чым 25°С. Халодным летам размнажэнне працягваецца больш паспяхова. Пры больш высокай тэмпературы пасынкі загніваюць, таму ўкараненне лепш праводзіць у стэрыльных субстратах (можна грунт праліць кіпенем), у сумесях са сфагнуму, пяску і вермікуліту. Пасынкі лепш наразаць з парасткаў, якія ўжо адцвілі, пасынкі расліны, што цвіце, укараняюцца цяжка.

Стэрыльным нажом зразаем здаровыя пасынкі ў 2—3 ліставыя вузлы, выдаляем лішнія лісты, пакідаем толькі верхнюю пару лістоў, робячы зрэз пад пупышкай наўскос. Апрацоўваем фунгіцыдам (сера, драўнінны вугаль) зрэзы на матачнай расліне і пасынках, пасынкі пакідаем падсохнуць на паветры да наступнага дня. Пасынкі падвяльваюць у цёмным і халаднаватым месцы.

Пры ўкараненні ў глебавай сумесі насыпаць злёгку вільготную сумесь (земляная сумесь павінна быць лёгкай) у шклянку, зрабіць заглыбленне і пасадзіць пасынак на глыбіню 2—3 см. Зямлю вакол сцябла пасынка зрабіць больш цвёрдай, пасаджаны пасынак паліць зусім нямнога. У далейшым доглядзе сачыць за палівам пасынкаў, пры пераўвільгатненні яны лёгка могуць загнісціся. Паліваць лепш па краі шклянкі, а не пад сцябло пасынка.

ТЭМПЕРАТУРНЫ РЭЖЫМ

Нягледзячы на тое, што расліна цеплалюбівая, яна не пераносіць спёку, таму аптымальная тэмпература ўтрымання герані павінна быць +20—25°C. З надыходам зімы яе зніжаюць да +12—15°C..

Пасынкі змяшчаюцца ў месцы з добрым асвятленнем, без прамых сонечных промняў, з тэмпературай +23°С. Калі тэмпература ніжэй чым +21°С, то ўвільгатняць трэба вельмі асцярожна. Увільгатняць трэба вельмі асцярожна і тады, калі сумесь прасохне на 1/3 вышыні ёмістасці. Пры высокай тэмпературы паветра сумесь падтрымліваюць злёгку вільготнай. Для паскарэння працэсу ўтварэння каранёў пасынкі можна апусціць у раствор са стымулятарамі росту або стымулятарам коранеўтварэння (я карыстаюся герэрааўксінам і экасілам).

Пасынкі пеларгоній пры ўкараненні нічым не накрываюць! Гэта адна з нямногіх раслін, якой для ўкаранення пасынкаў і прарастання насення цяплічныя ўмовы не патрэбны. Пеларгоніі не любяць залішняй вільгаці, у закрытай цяплічцы кандэнсат, які ўтвараецца, прывядзе да загнівання пасынкаў.

Умовы для добрага росту

1. Выбраць добра асветленае месца. На дзень пеларгонія павінна атрымліваць натуральнае асвятленне на працягу 5—6 гадзін. У адпаведнасці з гэтым і трэба падбіраць месца для размяшчэння вазона з кветкай. Аднак у гарачыя часы расліну неабходна прыцяняць ад пякучага сонца.

2. Забяспечыць дрэнаж. Пеларгонія не пераносіць вельмі вільготную і сырую глебу, гэта можа прывесці да хвароб. Таму, высаджваючы яе, абавязкова трэба памятаць пра стварэнне дрэнажнага пласта на дне ёмістасці.

3. Правільна падабраць глебу. Гэтая расліна добра адгукаецца на ўрадлівыя глебы з нейтральнай і шчолачнай рэакцыяй. Глебу для ўкаранення лепш набываць у магазіне, але можна змяшаць і самастойна. Для гэтага ў роўнай колькасці бяруць торф і пясок. Перад тым як пасадзіць пасынкі, глебу неабходна прадэзынфіцыраваць. Такія меры спрыяюць зніжэнню колькасці бактэрый і грыбоў і паспяховаму прарастанню пасынка. Зрабіць гэта можна некалькімі спосабамі. У першым выпадку робяць раствор марганцоўкі і праліваюць ім глебу. Можна праліць грунт крутым кіпенем або прапячы яго ў духоўцы. Пасля заканчэння падрыхтоўчых мерапрыемстваў глебе трэба даць астыць.

4. Даць дастаткова месца для росту. Адной невялікай расліне патрабуецца вазон дыяметрам 15—20 см, больш буйным кветкам — ёмістасць дыяметрам да 25 см. Калі вы вырашылі пасадзіць расліны ў рад у адзін вялікі дэкаратыўны кантэйнер, адлегласць паміж кветкамі трэба вытрымаць у 15 см.

Высаджваць зрэзаныя парасткі варта ў латкі, запоўненыя кампостам, змяшаным з рачным пяском. У пасынкаў на цёплым падаконніку хутка развіваюцца карані і лісце. У сакавіку — красавіку пасынкі, якія ўкараніліся, можна перасадзіць у вазоны з мнагамэтавым кампостам. Саджанцы папярэдне трэба шчодра паліць. Праз пару гадзін расліны трэба акуратна дастаць разам з камяком зямлі з кантэйнера і перасадзіць у звычайны вазон. Пры гэтым важна рабіць усё акуратна, каб не пашкодзіць карані. Пункт росту пры перасадцы павінен размяшчацца на адным узроўні з паверхняй глебы. Пасля працэдуры пеларгонію трэба паліць.

ПАЛІЎ І ВІЛЬГОТНАСЦЬ

Вільготнасць глебы павінна быць аптымальнай, таму паліваць расліну трэба рэгулярна, але не дапускаючы застою вады ў вазоне. Для таго каб прадухіліць пераўвільгатненне, перад пасадкай расліны на дно вазона насыпаюць дрэнажны пласт. Ён дапамагае адвесці лішнюю ваду.

Хваробы пеларгоній

1. Бактэрыяльная плямістасць. Цёплы і вільготны мікраклімат становіцца прычынай з’яўлення на расліне бактэрый Xanthomonas campestris. З-за іх лісты пеларгоніі бурэюць і ападаюць, а на сцёблах можа з’явіцца чорная гніль.

Як пазбегнуць: правярайце, ці не заражаны саджанцы. Пры пасадцы пакідайце паміж раслінамі свабодную прастору. Палівайце пеларгоніі раніцай, ваду вакол не расплюхвайце. Часцей разглядайце лісткі, падазроныя выдаляйце. Калі з’яўляюцца прыметы захворвання — апрацоўвайце расліны медным купарвасам.

2. Чорная ножка і/або чорная гніль сцябла. Звычайна гэта захворванне пасынкаў, але часам прыметы пашкоджання могуць сустракацца і на дарослых экзэмплярах. Спачатку сцябло чарнее ўнізе, а потым хвароба паступова “падымаецца” наверх.

Як пазбегнуць: знімайце пасынкі толькі са здаровых раслін. Перад абрэзкай пеларгонію не палівайце пару тыдняў. Глебу перад пасадкай праліце кіпенем з дабаўленнем марганцоўкі. Заражаныя пасынкі можна выратаваць, калі своечасова апрацаваць іх фунгіцыдам.

3. Шэрая гніль. Плямы з’яўляюцца не толькі на лістах, але і на пялёстках. Грыбок шэрай гнілі развіваецца на пеларгоніях, якія растуць у вельмі халодных і сырых памяшканнях. Калі ў калекцыі з’явіцца хаця б адзін хворы экзэмпляр, то хутка ён можа заразіць усе расліны, якія знаходзяцца побач.

Як пазбегнуць: рэгулярна аглядайце расліны. Вазоны трымайце адзін ад аднаго на некаторай адлегласці, каб было добрае праветрыванне. Пастаўце пеларгоніі на яркае святло, у сухое памяшканне. Пры з’яўленні шэра-карычневага налёту апрацуйце расліну фунгіцыдам.

4. Іржа. Часцей за ўсё гэтае захворванне пашкоджвае занальныя пеларгоніі. Пры гэтым на лістках з’яўляюцца плямы: жоўтыя — на верхняй частцы пласцін, карычневыя — на ніжняй. Праз час лісткі дэфармуюцца і ападаюць. Грыбок пашкоджвае таксама сцёблы і чаранкі.

Як пазбегнуць: рэгулярна аглядайце кветкі. Хвароба можа трапіць да вас з хворым “навічком”, прынесеным з магазіна. Апрацоўвайце новыя пеларгоніі фунгіцыдам і першыя часы трымайце іх у каранціне.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.