Мішкі Тэдзі крочаць ад сэрца да сэрца

Памятаеце свае дзіцячыя цацкі? Ці захавалася ў вас хоць адна з гэтай бясцэннай калекцыі? Не сумуйце, калі рассталіся з любімцамі дзяцінства. Захоўвайце іх вобразы. Яны адкрыюць вам доступ да, здавалася б, забытых пачуццяў, падзей, сэнсаў далёкага, але ўсё ж блізкага часу ціхамірнасці, абароненасці, адкрытасці і фантануючай радасці. Гэты час — выток усяго нашага Я, ключ да разумення сябе і іншых, крыніца энергіі, стымул да развіцця і прасоўвання па жыцці.

Але калі дзяцінства абышлося без фантануючай радасці, то ўсё роўна памятайце яго і запусціце зараз гэты фантан на поўную катушку. У дарослага (нават калі ён пра гэта не ведае) ёсць вялікія перспектывы ў зносінах з цацкамі. Я нагадваю нам, мужчынам і жанчынам, што існуе краіна няствораных цацак. У кожнага ёсць магчымасць у патрэбны для сябе момант запрасіць іх адтуль у наш рэальны свет. Што з гэтага атрымаецца? Свет стане дабрэйшым і больш утульным, яркім і высакародным.

Гэтыя думкі ўзніклі ў маёй галаве дзякуючы сустрэчы з умелым майстрам-тэдзістам Вольгай Сяргееўнай Цітовай. “Мішкі, іх гісторыя, магчымасць ствараць сваімі рукамі такіх, як бачу толькі я, зачаравалі мяне ў 2011 годзе, — успамінае Вольга. — Цацкі дазволілі ажыццявіць мару — пабываць у Лондане”.

Оля з дзяцінства была чалавекам творчым — любіла маляваць. А як жа інакш, бабуля — таксама Вольга Аляксандраўна, і таксама чалавек, які любіць маляваць, — вучыла гэтаму. “Мама з бабуляй спрабавалі навучыць мяне і шыць, але гэтым заняткам мяне захапіць не атрымалася, — смяецца Вольга. — Прыходзілася бабулі і маме для ўрокаў працы заданні па шыцці за мяне самім рабіць”. Затое зараз Вольга Цітова прашывае рукамі кіламетры швоў, што здзіўляе маму Тамару Аляксееўну Папову, бо яна памятае, як было ў дзяцінстве.

У старшых класах школы і ў час навучання ў інстытуце Вольга захаплялася рэканструкцыяй сярэдневяковага (XIII стагоддзе) еўрапейскага касцюма і прадметы побыту. “На фестывалі з гэтай тэматыкай з будучым мужам пазнаёмілася. Ажаніліся мы таксама ў сярэдневяковых касцюмах, — расказвае Вольга Сяргееўна. — Мы з Косцем нават работнікаў ЗАГСа ўразілі. Яны нас няспынна фатаграфавалі”.

— Як жа, Вольга, вы выбралі мядзведзяў цэнтрам свайго творчага сусвету?

— Пайшла ў першы дэкрэт і захапілася лямцавымі цацкамі (вырабляюцца з дапамогай тэхнікі “валенне”). Першыя іголкі мне прывезлі з Масквы. Вучылася, практыкавалася. Вельмі падабалася. Важнай падзеяй для набліжэння любові да цацачных мішак быў пераезд у Мінск. Пачала працаваць педагогам дадатковай адукацыі ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя”. Аднойчы трапіла на выставу аўтарскай лялькі “Балаганчык”. Там убачыла пашытых аўтарскіх мядзведзяў. Яны адразу запалі мне ў сэрца.

— Што адчувае чалавек або чалавечак, які гуляе з мішкам, многія разумеюць і памятаюць. А што адчувае майстар, які яго стварае?

— Вяртанне ў дзяцінства, задавальненне, радасць, творчы ўздым! І нават сувязь часоў, бо мішкі Тэдзі вырабляюцца з 1902 года. Я вельмі глыбока адчуваю, што захоўваецца маё ўнутранае дзіця. Нават сыны Дзяніс і Лёва, расказаўшы пра нейкія ўражанні свайго жыцця, гавораць мне: “Мама, толькі не расказвай дарослым!” Гавару дзецям: “А я хто такая?” Яны мне: “Ты свая”. Малодшы Лёва заўсёды абдымае нядаўна створанага мной мішку, тым самым дае зразумець, што рады яго нараджэнню.

— Як пашанцавала вашым хлопчыкам! Напэўна, і ў педагагічнай рабоце дапамагаюць адносіны да вас выхаванцаў як да “сваёй”?

— Так, магчыма, менавіта такія адносіны з выхаванцамі дазваляюць ім рабіць таксама сур’ёзныя поспехі ў вырабе цацак. Сама здзіўляюся якасці работ Ангеліны Ціхановіч, Ані Самусевіч, Паліны Марковіч і многіх іншых дзяўчынак з аб’яднання па інтарэсах.

— Цацачныя мядзведзі заваявалі практычна ўвесь свет. Нават “жалезная заслона” ім не перашкодзіла. І дзеці савецкіх часоў мелі сваіх мішак. Асабіста я ведаю такога, якому за семдзесят (мішка майго свёкра Леаніда Аляксандравіча Каберава). Маленькі Лёня карміў, абшываў, нават зрабіў лыжы свайму цацачнаму сябру. Вольга, раскажыце пра сваіх аўтарскіх мядзведзяў і іх дасягненні?

— Пра ўсіх, напэўна, не атрымаецца. Але давайце пра самага знакамітага мішку ўспомнім. Гэта мішка Джэймс — брытанскі авіятар. Чаму такі вобраз? Таму што мне падабаюцца лётчыкі! А тое, што робіш з любоўю і ўвагай, падабаецца іншым. Можа, таму мішка ў вобразе авіятара і атрымаў мядзведжы “Оскар” на адной з самых прэстыжных выстаў Teddybear Total у Германіі ў гэтым годзе, а пасля дапамог атрымаць запрашэнне на старэйшую выставу Hugglets Teddy Bear Fest у Лондане. А падарожжа ў Лондан было маёй шматгадовай марай. Пакуль я мроіла аб Лондане, у маёй кватэры з’яўляліся сувеніры ў выглядзе вежачак Біг-Бена, шклянак з выявай лонданскіх славутасцей.

Як аказалася, гэтыя знакі набліжэння да жаданага падарожжа спрацавалі. Мішка-авіятар і муж павезлі мяне ў Лондан. Канстанцін быў маім перакладчыкам, і ў яго самога склаліся новыя адносіны да майго захаплення. Член журы адной з выстаў з Японіі Чыека Хазекі запрасіла маіх мядзведзяў пабываць у сябе на радзіме. Я была здзіўлена, бо японцы ў асноўным любяць вельмі незвычайных, нават брутальных мішак. Магчыма, мае цацачныя “дзеці” зрабілі брэш у гэтай традыцыі, праніклі і ў японскія сэрцы. Я з мішкамі ў Японію не ездзіла, а цацкі, створаныя мной, і без мяне мелі поспех у Токіа і Осацы.

— Вольга Сяргееўна, а якія перамогі былі ў вас да Лондана?

— Першая сур’ёзная — на выставе “Брыльянтавы мядзведзь” у Маскве ў 2015 годзе (1-е і 2-е месцы), наступная — 2-е месца ў Германіі (Мюнстэр) на выставе Golden George таксама ў 2015-м. Пасля Масквы пачала задумвацца больш пра свой аўтарскі стыль. Параўнаўшы ўласныя работы з цацкамі іншых майстроў, атрымала дадатковы імпульс да работы.

— Зараз вы можаце радавацца самаму жаданаму прызу для майстра-тэдзіста — статуэтцы “Залаты Джордж” з Германіі! А што ж далей?

— Удасканальваюся, канечне. Атрымліваю другую вышэйшую адукацыю ў нашай Акадэміі мастацтваў на факультэце “Графічны дызайн”. Увосень буду ўдзельнічаць у інтэрнэт-канферэнцыі “Лялечны фестываль” у якасці спікера. Нядаўна вярнулася з Масквы, дзе асвойвала новае для сябе ўменне: ствараць мядзведзяў у рэалістычным стылі, прапрацоўваючы ўсе падрабязнасці, уключаючы кіпцюры і нават зубы. Карпатлівая работа, складаная, затое такая ўстаўка павялічвае рэалістычнасць вобраза. А гэта павышае складанасць і якасць работы, што заўсёды цанілася.

— Якія яшчэ тэндэнцыі існуюць у майстроў-тэдзістаў?

— Адзяваць мішак. На іх могуць быць і кашулі з гальштукамі, і пінжакі з кішэнямі, і абутак разнастайны. Яшчэ модныя аксесуары.

— А майстар-тэдзіст іх таксама сам робіць?

— Канечне, сам, але можа звярнуцца па дапамогу да іншых майстроў. Я, напрыклад, сама шыла для авіятара скураную летнюю куртку, шлем з акулярамі, а мая сяброўка, майстар па пластыцы Настасся Арыновіч, і мой старэйшы сын дапамагалі ствараць англійскую стрэльбу для паляўнічага-ліса. Адзенне, абутак таксама раблю сама. Гэта вельмі цікава.

— Ужо зразумела, што сям’я і сябры падтрымліваюць вашу справу па душы. А як жа на рабоце?

— У нас цудоўны і дружны калектыў у Цэнтры творчасці “Вікторыя”. Падтрымку, дапамогу, суперажыванне атрымліваю ад усіх супрацоўнікаў і вучняў. Асаблівая ўдзячнасць — нашаму кіраўніцтву: Алене Анатольеўне Арловай, Вользе Аляксандраўне Усцінскай і Таццяне Валянцінаўне Старажэнка.

— Вольга, а чаму мішкам-цацкам далі імя Тэдзі?

— У гонар прэзідэнта Тэадора Рузвельта. Некалі на паляванні ён не захацеў стрэліць у медзведзяня, падрыхтаванага яму ў якасці трафея. Многія газеты апублікавалі матэрыял пра гэта з малюнкамі, дзе Рузвельт абдымаецца з медзведзяняткам. Гэтыя ўражанні і далі ідэю стваральнікам цацкі назваць мядзведзя Тэдзі. Папрасілі дазволу ў Тэадора Рузвельта. Дазволіў.

На замежных выставах часта гавораць, што людзі, якія вырабляюць цацкі, — гэта астравок міру, творчасці і стварэння. Мне падабаецца быць часткай такой прасторы.

Дарагія чытачы, ці памятаеце вы пра краіну няствораных цацак? Яна прыгожая і перспектыўная. А я бачу яшчэ адну. Гэта краіна ўзноўленых цацак. Калі вы або вашы пасталелыя дзеці сумуюць па страчаных сябрах свайго дзяцінства, то дайце сабе і дзецям шанс і нагоду вярнуцца да вытокаў. Зрабіце новую старую цацку. Прыемных усім цацачных успамінаў!

Святлана РАДЗЬКОВА,
вядучая рубрыкі.