Над зялёным кустом лісця лунаюць белыя “крылы”…

Кала — гордая, чыстая, белая кветка, якая палюбіла беларускую зямлю. Яна па праву стала сімвалам Галавацкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.

Для вырошчвання калы ў закрытым грунце не патрабуюцца якія-небудзь спецыяльныя ўмовы, акрамя, уласна, цяпліцы, якая абаграваецца ў зімовы перыяд, прычым, расліна вытрымлівае дыяпазон вагання тэмператур ад +8°С да +50°С (летам, у перыяд спакою).
З 1979 года ў Галавацкай сярэдняй школе функцыянуе цяпліца плошчай 53 кв.м. Навокал снег, зіма, а праз шыбы выглядаюць беласнежныя кветкі і раскошная цёмная зеляніна лісця. Кветкі зімой — гэта наш даход ад пазабюджэтнай дзейнасці. У мінулым годзе ён склаў звыш 10 мільёнаў рублёў. Трэці год цяпліцай загадваю.

Вопыт вырошчвання калаў, які перадаецца ў спадчыну ад старэйшых навучэнцаў да малодшых, стаў школьнай традыцыяй і своеасаблівым рытуалам: вясной, да 15 мая, уся школа ўдзельнічае ў высадцы калаў з цяпліцы ў адкрыты грунт, а восенню, да 15 верасня, цяпліца прымае расліны, якія адпачылі і памацнелі. І зноў школа ў клопатах…
У канцы жніўня — пачатку верасня дзяленкі выкопваюць, для лепшай укараняльнасці лісты абразаюць да “калена” (чаранкі пакідаюць, каб не пашкодзіць кропку росту і кветканосы, якія намеціліся) і заносяць у цяпліцу. Глеба для пасадкі калы павінна быць кіслай, урадлівай, складацца з торфу, перагною, пясчана-дзярновай зямлі і гліны (1:1:0,5:1).
Расліна патрабуе мелкай пасадкі: карэнішча павінна быць злёгку прыкрыта зямлёй. На пачатковым этапе глебавы субстрат з дзяленкамі слаба ўвільгатняюць. Паліў павялічваюць толькі са з’яўленнем першых парасткаў.
Квітнеючую калу падкормліваюць растворам мінеральных угнаенняў, дзе пераважае фосфар і калій. Лішак азоту дае бурны рост лісця на шкоду развіццю кветак. Уносіць гэтыя ўгнаенні лепш у два прыёмы з інтэрвалам у 10 дзён; пры другой падкормцы дадаюць поўны набор мікраэлементаў.
Пры высадцы калаў у цяпліцу праводзяць сартаванне раслін па велічыні і колькасці клубняў на адной расліне. Даволі лёгка і хутка калу размнажаюць. У матачнікаў з аголеных карэнішчаў акуратна выломваюць “дзетак” таўшчынёй 0,5 — 1,5 см, якія змяшчаюць на дарошчванне на ніжні стэлаж. Пры добрых умовах наступнай вясной яны здольныя заквітнець. Часам для размнажэння цэлыя карняклубні дзеляць на некалькі частак, каб на кожную прыпадала адна пупышка, але лепш дзве. Пажадана акуратна ламаць, а не рэзаць нажом. Аголеныя месцы зломаў апрацоўваюць растворам марганцоўкі.
Зіму кала эфіопская звычайна сустракае ўжо падрыхтаваная да пачатку цвіцення, а найбольш буйныя карэнішчы — з ужо абазначаным кветканосам. Пасля якаснага адпачынку яна развівае магутнае лісце і потым зноў зацвітае.

За апошнія два гады навучэнцамі Галавацкай сярэдняй школы праведзены шэраг эксперыментаў па выяўленні ўплыву на цвіценне калы рэжыму асвятлення, паліву, падкормкі, шчыльнасці пасадкі раслін…
У 2012 годзе на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Першыя крокі ў навуку” навукова-даследчая работа “Метады вырошчвання калы эфіопскай у цяплічных умовах”была ўдастоена дыплома 2-й ступені.
У ходзе назіранняў эксперыментальным шляхам было даказана:
1. На цэнтральным верхнім стэлажы больш раслін, якія цвітуць, і покрыва кветкі намнога буйнейшае.
2. Для атрымання кветак высокай якасці аптымальнасць высадкі 9 калаў на 1кв.м: кветкі буйныя, сцёблы пругкія, вышыня да 1 м, ураджайнасць — 68 кветак у год.
3. Паліваць рэгулярна, не радзей чым 1 раз у тыдзень, строга пад корань раслін.
4. Выпрабаваны спосаб барацьбы з хваробамі — раствор карбафосу (20 — 30 г на 10л вады).
5. Зрэзку калаў неабходна праводзіць у паўроспуску, не пашкоджваючы зарастак іншай расліны.
6. Павелічэнне цеплавога рэжыму да +14°С і ўключэнне дадатковага асвятлення дазволяць зрабіць рэкордную выганку кветак да пэўнага тэрміну.
7. Калі штодня мяняць ваду і падразаць хвосцік, кветкі захоўваюцца свежымі да 1 месяца.
8. Па стане лісця сваёй расліны, як па жывым барометры, кветкавод можа сачыць за зменамі атмасфернага ціску: пры яго паніжэнні (г.зн. да дажджу) на кончыках лісця і покрываў суквеццяў з’яўляюцца кропелькі вады.

Самае галоўнае, якія б эксперыменты мы ні праводзілі, неабходна любіць і песціць калу, і ад гэтага яна становіцца яшчэ больш прыгожай і высакароднай, кожны раз спрабуючы нагадаць, якая цудоўная наша зямля…
Букет калаў, упрыгожаны раскошным лісцем, выдатна глядзіцца ў любым доме, у любым інтэр’еры.
Дзякуючы выключнай вытанчанасці і строгасці ліній, ідэальна беламу покрыву гэтая кветкавая культура знаходзіць дабратворны водгук у сэрцы кожнага чалавека.
Кала шчодрая, спагадлівая і непатрабавальная. Трэба толькі пачуць яе прыродны рытм і паспрабаваць аптымальна чаргаваць стадыі спакою і цвіцення.
Мы ганарымся тым, што некалькі гадоў запар наша прышкольная тэрыторыя — адна з самых квітнеючых і найпрыгажэйшых у Гродзенскім раёне.
І хай над велізарным зялёным кустом лісця лунаюць белыя “крылы”…

Станіслаў ДАЙНОВІЧ,
настаўнік біялогіі Галавацкай сярэдняй школы
Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці.

Фота аўтара.