Амерыга Веспучы, Міклуха-Маклай, Хрыстафор Калумб, Фернан Магелан, Джэймс Кук… Мы ведаем знакамітых падарожнікаў з дзяцінства і лічым, што эра адкрыццяў імі і завершана, бо свет для чалавецтва ўжо адкрыты. А чаму б не адкрываць свет для сябе? Вы думаеце гэтак жа, калі ў чарговы раз пакуеце чамаданы ў тур па Еўропе ці ў паездку на мора? Пазнаёміўшыся з жодзінцам Генадзем Пузанкевічам, мабыць, вы пагодзіцеся, што ў такіх паездках сапраўднае пазнанне свету штолета для многіх з нас праходзіць міма.
Экзатычная карта падарожжаў
Генадзю Канстанцінавічу — 56. Ён марыў падарожнічаць з самага ранняга дзяцінства, калі даведаўся, што ў свеце ёсць розныя краіны, а ў іх — разнастайная прырода, жывёлы і расліны. Першыя падарожжы — у суседні лес — ён пачаў, калі яшчэ ў школу не хадзіў. Школьнікам усе канікулы праводзіў у лясах, не выпускаючы з рук фотаапарата. Натуральна, што і жонку шукаў сабе да пары — такую ж аматарку падарожжаў. Працаваў лесніком, супрацоўнічаў з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, выхаджваў параненых жывёл і птушак, а калі гэта не ўдавалася, рабіў іх пудзілы — гэтым жа займаецца, працуючы ў Жодзінскім краязнаўчым музеі. А калі дзеці стварылі свае сем’і, Генадзь пачаў падарожнічаць. Амаль ва ўсе падарожжы ён бярэ сваю жонку Таццяну.Яны ніколі не шукаюць еўрапейскага камфорту, гарадскіх славутасцей, не лічаць зоркі на атэлях. Старажытная архітэктура, адметная культура, багаты прыродны і раслінны свет — тое, што іх падкупляе. Вось чаму за іх плячыма Індыя, Малайзія, Новая Гвінея, Экватарыяльная Афрыка, Кенія, Танзанія, Карэлія, Папуа — Новая Гвінея, Сінгапур, Дамініканская Рэспубліка, Салавецкія астравы, астравы Шры-Ланка, Калімантан, Барнеа, Інданезія, Гаіці і інш.У сваё першае падарожжа — на Шры-Ланку — Генадзь Канстанцінавіч адправіўся толькі ў 40 гадоў. Не стрымала і тое, што яно абышлося сям’і ў кошт аднапакаёвай кватэры ў Жодзіне. Але тады ён яшчэ не ведаў, што можна ездзіць па свеце без значнага ўрону для кашалька, што аэрапорты часта даюць аб’явы аб продажы білетаў у некалькі разоў таннейшых, што харчаванне за мяжой не даражэй, чым дома, а пражыванне можна знайсці за 3—4 долары ці ўвогуле бясплатна, калі ўзяць з сабой палатку. З той паездкі ён па некалькі разоў на год распрацоўвае новыя маршруты.
Калі перакладчык — аловак
Фотаапарат, шорты, сланцы і нататнік — усё, што бярэ вандроўнік з сабой, куды б ні ехаў. Калі багаж не здаваць у аэрапорце, то клопатаў значна менш.
Падарожнічае ён, практычна не звяртаючыся да паслуг турфірм. Па яго словах, адмова ад паслуг турфірм дапамагае не толькі сэканоміць шалёныя сумы, але і адкрывае перад вандроўнікам зусім іншы свет. Думаеце, праграму адпачынку і пытанні пражывання вырашае дыстанцыйна, праз інтэрнэт? Генадзь нават камп’ютар уключаць не ўмее!Парадокс і ў тым, што Генадзь не валодае ні англійскай, ні іншай замежнай мовай, але навучыўся пераадольваць моўны бар’ер без перакладчыкаў і размоўнікаў. Дома яму надрукавалі на аркушах некалькі фраз па-англійску. Таблічку “Мне патрэбен танны атэль” ён паказвае ў аэрапорце таксісту. У атэлі паказвае: “Мне патрэбен танны нумар”. І заўсёды знаходзіцца недарагі і цалкам прыстойны варыянт. А так любы пераклад робіць аловак і блакнот.
Што тычыцца культурнай праграмы і спіса ўсіх месцаў, якія ён плануе наведаць у падарожжы, пра гэта Генадзь ведае з кніг і тэлепраграм. Ужо шмат гадоў Animal Planet — яго любімы тэлеканал. З самага дзяцінства і да гэтага часу кнігі і даведнікі пра экзатычныя краіны, пра іх культуру, звычаі, прыроду — яго настольныя кнігі.Генадзь гаворыць: “Кожны павінен для сябе вызначыць, што хоча ўбачыць. Калі Эйфелеву ці Пізанскую вежу, Сафійскі сабор ці Рымскі калізей, то вам дапаможа любая турфірма (ды і любы даведнік па славутасцях). А калі ж ваша мэта — убачыць не знакамітыя месцы і архітэктурныя славутасці, а свет знутры, то пападарожнічайце “дзікуном”. Асабіста мне больш цікава паглядзець прыроду, незвычайныя для беларускага вока расліны, новых жывёл, якіх я ведаю толькі дзякуючы кнігам і тэлебачанню. Галоўнае, каб яны былі ў дзікай прыродзе, а не ў заапарках. Бачыць жывёл у клетках, якімі б камфортнымі яны ні былі, я не магу”.
Загадкавая Малайзія
Адно з самых цікавых падарожжаў, па меркаванні майго суразмоўніка, — у Малайзію. Там сям’я Пузанкевіч была ажно тры разы па месяцы. Аднойчы яны тут, у палатцы на ўзбярэжжы Індыйскага акіяна, сустракалі Новы год, які супадае з днём нараджэння Генадзя.
“Тут неверагодны раслінны свет, — тлумачыць мэту прывычнага ўжо маршруту вандроўнік. — Трапічныя джунглі, незвычайныя жывёлы і вельмі прыветлівыя, добрыя людзі. Тут можна начаваць, дзе хочаш: хоць у палатцы, хоць на лаўцы. Ніхто на цябе не зверне ўвагі. Ні разу не чуў пра грабяжы і сам ніколі тут не баяўся за кішэню. Вельмі проста з транспартам. Можна на спадарожных машынах ехаць за капейкі, аўтастопам увогуле грошай не трэба. А ездзіць тут можна і трэба шмат, бо мноства цікавых месцаў.Мне, напрыклад, цікава было паглядзець арангутангаў у дзікай прыродзе — у Малайзіі самая вялікая іх папуляцыя ў свеце. Там ёсць самы вялікі ў свеце рэабілітацыйны цэнтр па захаванні гэтага віду, бо іх засталося вельмі мала. Туды звозяць у асноўным асірацелых малпачак, калі іх маці забілі браканьеры. Там іх даглядаюць ва ўмовах, блізкіх да прыродных, каб малпы не адвыкалі ад свайго асяроддзя, кормяць праз соску спецыяльнай ежай. Прыматаў змяшчаюць у вальеры, а праз 2—3 гады выпускаюць у джунглі, прычым у джунглі пасля гэтага чалавек амаль не заходзіць, каб малпы прывыкалі да дзікага пражывання.
З дзяцінства хацеў убачыць малпаў-насачоў, часта разглядваў малюнкі ў кнігах. Яны жывуць толькі на суседнім востраве — Барнеа, маюць вялікі слівападобны нос. Я абкалясіў удоўж і ўпоперак увесь востраў. Напрыклад, тут ёсць нацыянальны парк Сабах, дзе раслінны свет на яго тэрыторыі 8 гектараў больш багаты, чым ва ўсёй Паўночнай Амерыцы. Тут жа расце найбагацейшая ў свеце калекцыя архідэй.Першы раз, калі там быў, мы з жонкай падняліся на найвышэйшую кропку Малайзіі — гару Кота-Кінабалу (больш за 4000 метраў). Гэта вельмі незвычайны пад’ём. Цікава назіраць, як мяняецца прырода ад трапічных джунгляў ля падножжа да дажджавога лесу, потым пачынаюцца хмызнякі, праз аблокі — мокрую зону, дзе бародамі растуць лішайнікі, а далей — голыя камяні. Світанне мы сустракалі на вяршыне гары, дзе ўжо ніякай расліннасці не было”.
Вось ужо дзе да месца народнае “было б жаданне”: прыляцеўшы на Калімантан і завітаўшы ў мясцовую турфірму, вандроўнікі высветлілі, што, каб падняцца на Кота-Кінабалу, трэба было запісвацца за 2 тыдні, на працягу якіх асвойваць тэорыю па пад’ёме. Але яны асвоілі навучанне экстэрнам. Не стала перашкодай і тое, што ў навічкоў не было з сабой патрэбных для пад’ёму на гару рэчаў. Ім далі правадніка, які пайшоў з імі ў магазін і паказаў, што абавязкова трэба купіць і ўзяць на гару.
Кіліманджара пад босымі нагамі
А вось на Кіліманджара Генадзь жонку не рызыкнуў узяць. Гэты пад’ём (5895 метраў) быў сапраўдным подзвігам і самай запамінальнай прыгодай у Танзаніі. У групе было 3 чалавекі: Генадзь, маладая жанчына з Жодзіна і руская немка — прафесійная альпіністка. Паднімаліся па паскораным маршруце, які прадугледжваў пад’ём і вяртанне за 5 дзён. Але гэта і стала прычынай цяжкасцей. Калі хто збярэцца падняцца на Кіліманджара, Генадзь раіць браць для гэтага хаця б на дзень больш, каб арганізм паспеў адаптавацца да вышынь, да горнага паветра і асабліва да яго недахопу. І не забывайце прыслухоўвацца да свайго арганізма. Нездарма пры ўзыходжанні штогод там гіне каля 10 чалавек.“Фізічна там нескладана, — гаворыць Генадзь, — але вельмі цяжка вытрымаць кіслароднае галаданне і горную хваробу, з-за чаго адбываецца ацёк лёгкіх. Нямецкая альпіністка не дайшла ўсяго сто метраў. Яе пад рукі, амаль непрытомную, павялі ўніз. Многія думаюць: калі ўжо сюды трапіў, трэба ісці да канца. Але гэта вялікая неапраўданая рызыка”.
Найчасцей прычына такой рызыкі — у кошце на пад’ём: каля 870 долараў каштуюць авіябілеты ў Танзанію, узыходжанне — 1600 долараў (у суму ўваходзіць харчаванне, паслугі правадніка, насільшчыка). Плюс 100 долараў чаявых, якія абавязкова трэба даць правадніку.
Такія грошы Генадзь збіраў доўга і не шкадаваў іх, бо падняцца на гару марыў з дзяцінства. Яшчэ з пачатковых класаў, калі ён упершыню чытаў пра Кіліманджара, не мог сабе ўявіць, што на вяршыні, якая знаходзіцца на экватары і дзе круглы год стаіць спякота, пастаянна ляжыць снег. Гэта не давала спакою Генадзю.Калі Генадзь спусціўся з гары, стаў знакамітым на ўсё Жодзіна. А яшчэ больш людзей здзіўляла тое, што ён падняўся на Кіліманджара басанож. Толькі на самай гары, калі мароз перавысіў 15 градусаў і снег стаў вельмі калючым, Генадзь абуў пластыкавыя сланцы. Для майго суразмоўніка нічога незвычайнага ў гэтым няма. Ён ніколі не носіць цёплага абутку, круглы год — у сланцах. Нават калі падзарабляе на будоўлі дамоў і прыходзіцца працаваць на слізкім ад снегу і лёду даху, сланцы — самы зручны абутак. Толькі калі больш за 30 градусаў марозу, ён абувае летнія туфлі.
Калі жыхары — драпежнікі
Не менш уражанняў для майго суразмоўніка пакідаюць фотасафары. У Танзаніі ў яго аб’ектыў траплялі розныя віды анцілоп, сланы, бегемоты, ільвы, жырафы, розныя віды птушак: нільскія гусі, венцаносныя жураўлі, страусы.
У Кеніі да гэтых жывёл дабаўляліся гепарды, саванныя каты, газелі, зебры, леапарды, гіены і інш. Тут вельмі шмат птушак: страусы, сакратары, дрофы, грыфы. Каля вады сустракаліся фламінга, ібісы, марабу.
Прычым Генадзь не проста назірае за жывёламі і птушкамі, а жыве побач з імі, ставячы палатку прама ў джунглях. А не баяцца такога суседства (не важна, якія звяры побач) навучыўся з дзяцінства, калі жыў з фотаапаратам у лесе па некалькі тыдняў.Але, як прызнаецца Генадзь, нават драпежныя жывёлы ў Кеніі часта не такія небяспечныя, як мясцовыя жыхары. Тут не прагуляешся, як у суседняй Танзаніі ці Малайзіі, а сустрэчных ніяк не назавеш дабрадушнымі. Генадзь і яго жонка паляцелі на востраў Занзібар, пасяліліся ў атэлі і выходзілі адтуль пры суправаджэнні ахоўнікаў з аўтаматамі да машыны і падчас усёй паездкі. І то ахоўнікі згаджаюцца суправаджаць, толькі калі вы пакідаеце ў атэлі ўсё — і грошы, і сумачкі, і ўпрыгажэнні, каб было менш спакус у разбойнікаў.
Але хавацца ад небяспекі — не ў правілах Генадзя. Быў выпадак, калі ён заказаў у мясцовым турыстычным цэнтры экскурсійную праграму па востраве, і ў яе ўваходзіла паездка да ракі Мары, дзе штогод праходзіць масавая міграцыя бегемотаў. Але зацяжныя ліўні размылі дарогі і сарвалі гэтую паездку, таму Генадзь папрасіў вадзіцеля ўзамен завесці яго ў рэзерватар, дзе бегемотаў ахоўваюць масаі — плямёны, поўнасцю адрэзаныя ад цывілізацыі.
Тут ніколі не бывалі турысты, але Генадзь угаварыў правадніка адвезці яго туды. Праўда, Генадзю прыйшлося ляжаць пад сядзеннямі аўтамабіля, пакуль праваднік ездзіў ад племені да племені, пытаючыся дарогу. І бегемотаў, і масаеў Генадзь убачыў. Па яго словах, калі ведаеш усе перасцярогі, ніякіх праблем у зносінах не ўзнікае.“Тыя плямёны, якія бліжэй да цывілізацыі, патроху ідуць на кантакт. А тыя, да якіх трэба дзень дабірацца па гарах, успрымаюць любога чужака як драпежнік драпежніка. Толькі ў вочы глянь — і праблемы забяспечаны, — расказвае Генадзь. — А ўвогуле, з любымі людзьмі можна знайсці агульную мову”.
У Папуа — Новай Гвінеі ў вандроўніка тры гады назад былі больш небяспечныя сустрэчы з папуасамі-людаедамі, у якіх ён гасцяваў. Не спыніла яго нават тое, што за некалькі месяцаў да паездкі сусветныя СМІ білі трывогу, што канібалы напалі на трох турыстаў.
“Трэба ж ведаць іх правілы, табу. Напрыклад, нельга жэстыкуляваць, рабіць рэзкія рухі, крычаць. Нельга глядзець у вочы — такі погляд яны ўспрымаюць як выклік на паядынак, — дзеліцца вопытам зносін з небяспечнымі туземцамі Генадзь. — Я да падарожжа шмат кніг чытаў, дакументальныя фільмы пра гэтыя народы глядзеў”.
З Генадзем папуасы пасябравалі, далучалі да сваіх абрадаў, нават дазволілі запаліць вогнішча. Але быў момант, калі той краем вока ўбачыў птушку, схапіўся за фотаапарат — адразу затрымцелі ў іх руках коп’і.“У зносінах з абарыгенамі без правадніка небяспечна, — гаворыць Генадзь. — Ён на мясцовай мове тлумачыць, што нам ад іх трэба. Ды і прэзенты робяць сваю справу, асабліва калі мы прыносілі ім цыгарэты (ім падабалася такая альтэрнатыва іх самаробным папіросам). Аднойчы мы куплялі на рынку ў падарунак жывога парася”.
А ў астатнім праваднікі вандроўніку не патрэбны. Напрыклад, непадалёк знаходзяцца Камодскія астравы, дзе ён з дзяцінства марыў пабываць і ўбачыць самых вялікіх у свеце варанаў — да 3 метраў у даўжыню і вагой каля 150 кг. Ён пераляцеў на востраў на самалёце, адтуль тры гадзіны дабіраўся на месца на катары. Прычым на кашальку такая вандроўка надта не адбілася, хоць і прыйшлося ўзяць дарагі білет — за 30 долараў. Калі б купіў загадзя, было б увогуле ўсяго 7 долараў (там на самалёт мясцовыя жыхары набываюць праязныя, каб лятаць на работу на суседні востраў).
Воднае жаданне
Калі жаданне акунацца ў жывёльны свет для майго героя натуральнае, то яго імкненне трапіць у ваду патлумачыць цяжка, бо ён не ўмее плаваць.
“З маленства жыў каля ракі і ў любую пару года быў мокры. Не плаваў, а акунаўся да шыі: то жабу лавіў, то рыбу… Нават у ледзяную ваду, таму часта хварэў. Калі падрос, сорамна было прызнацца, што не ўмею плаваць, і сорамна ўжо было вучыцца. Не ўдалося навучыцца і калі дарослым стаў, хаця вучыўся ва ўсіх рэках, азёрах, акіянах, у якіх толькі бываў, — не атрымліваецца. Значыць, не маё”, — робіць выснову Генадзь.
Але няўменне плаваць ніколі не было для яго перашкодай. Плавае ён смела, калі ёсць любое прыстасаванне — ад бервяна да лодкі. Першы раз, калі яшчэ ў школе вучыўся і трэба было фарсіраваць раку, ён пераплыў яе з бервяном пад пахай. Цяпер фарсіруе іншыя рэкі, іншыя азёры, не баіцца нават акіянаў. У Індыйскім акіяне, на берагах Афрыкі, узброіўшыся кап’ём, часта палюе на васьміногаў, рыбу.Індыя прываблівае Генадзя затопленымі лясамі, па якіх ён любіць плаваць на лодцы, жыць прама на астраўках, тут жа і рыбачаць, спускаючыся да вады па самаробных прыступках. Часта бывае ў Карэліі, дзе вады больш, чым сушы. Там вандроўнік асабліва любіць утаймоўваць імклівую стыхію камяністых горных рэк. На маё пытанне “Не баіцеся?” Генадзь выдаў геніяльнае: “Ніколі не задумваўся”.
Ужо амаль месяц, як Генадзь вярнуўся з Карэліі, таму паспеў засумаваць па далёкіх далях. Куды будзе наступная вандроўка, Генадзь яшчэ не ведае. Але ведае дакладна, што яна будзе. Выбірае тое, дзе яшчэ не быў і што зможа сабе дазволіць па грашах, і марыць пражыць даўжэй, каб як мага больш убачыць у гэтым цудоўным свеце.
Калі вы адчулі ў сабе цягу да экстрэмальнага адпачынку, сумешчанага з экзотыкай нязведаных краін, вам могуць спатрэбіцца парады Генадзя Пузанкевіча
* Яшчэ дома даведайцеся, якія хваробы можна падхапіць у месцы знаходжання, і зрабіце загадзя прышчэпкі, напрыклад, ад малярыі. У некаторыя краіны без “жоўтай карткі” (пасведчанне, што зроблена прышчэпка ад жоўтай ліхарадкі) з Мінска і не выпускаюць.
* Вазьміце з сабой невялічкую аптэчку, ці хаця б антыбіётыкі і прэпараты, якія прымяняюцца пры харчовых атручэннях: экзатычная кухня не кожнаму страўніку даспадобы.
* Карыстайцеся паслугамі мясцовых турфірм. Гэта будзе танней, і вы ўбачыце больш. Так вы не будзеце прывязаны да групы, графіка, пэўнага месца пражывання і маршруту.
* Калі не ведаеце мовы, загадзя раздрукуйце фота ўсяго, што хочаце ўключыць у праграму. Эксклюзіўную інфармацыю можна знайсці ў тэлепраграмах, кнігах, інтэрнэце. Тураператары прапануюць свае паслугі ці намалююць схему самастойнага праезду.
* Не бярыце шмат рэчаў. Бярыце столькі, колькі няцяжка насіць за плячыма.
* Накіроўваючыся ў насычаныя турыстамі нацыянальныя паркі ці запаведнікі, не разлічвайце на ўражанні ад сустрэч з тыграмі, сланамі і іншымі жывёламі. Каб убачыць іх у прыродзе, можна і дзесяццю паездкамі не абмежавацца.
* Асцярожна абыходзьцеся з незнаёмымі раслінамі. У джунглях небяспечна не толькі рваць, але часам і дакранацца да некаторых, бо яны выклікаюць самыя непрыемныя наступствы — ад алергіі да язваў на скуры.
* Знаходзіць сабе харчаванне ў джунглях займальна, але часам небяспечна. Бываюць умоўна ядавітыя віды жывёл і раслін, ядомыя толькі пры правільным прыгатаванні. Гэта лепш даверыць абарыгенам.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Генадзя ПУЗАНКЕВІЧА.