Напярэдадні Вялікадня цікавасць да яйка як прадмета для творчасці натуральная. Мы прывыклі ўпрыгожваць велікодныя яйкі афарбоўваннем, роспісам, аплікацыяй.
Але ёсць і рэдкі дзіўны стыль стварэння твора мастацтва з суцэльнай шкарлупіны яйка, які называецца разьбой па шкарлупіне яйка, або карвінгам. Такую рэдкую і скрупулёзную тэхніку можна параўнаць з пляценнем найтанчэйшых карункаў, з ювелірнай работай. Нездарма майстроў, якія займаюцца разьбой па крохкім матэрыяле, у свеце напералік, а ў Беларусі адзін такі — Аляксандр Вячаслававіч Рыжэўскі.
Аляксандр быў госцем нашай рубрыкі. Мне прыемна, што першая публікацыя пра яго прыцягальны талент была ў “Настаўніцкай газеце”. Таму Аляксандр і яго жонка Святлана жартам называюць мяне сваёй журналісцкай “хроснай мамай”. За мінулыя два гады Аляксандр стварыў шмат новых твораў, даў некалькі інтэрв’ю, у тым ліку і тэлевізійных, а гэта значыць, што цікавасць да яго творчасці не слабее, што майстэрства адточваецца, нараджаюцца і ўвасабляюцца новыя задумы. З 3 красавіка 2014 года ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах — працуе персанальная выстава майстра разьбы па шкарлупіне яек мінчаніна Аляксандра Рыжэўскага. На адкрыццё гэтай выставы Аляксандр Вячаслававіч і Святлана Ігараўна запрасілі мяне. Дарэчы, Святлана Рыжэўская — суаўтар Аляксандра. Яе ідэі, задумы, падтрымка дапамагаюць мужу прасоўвацца ў мастацтве разьбы па шкарлупіне яек гіганцкімі крокамі. У афармленні выставы, арганізацыі арыгінальнай падачы твораў Аляксандра Святлана прымала актыўны творчы ўдзел.
Вынік прымянення тэхнікі разьбы па шкарлупіне яйка ўспрымаецца як маленькі цуд. Ды і гісторыя стварэння выставы таксама цудоўная. Вольга Леанідаўна Залуцкая, загадчыца Музея беларускага народнага мастацтва (філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь), размешчанага ў былым Крыжагорскім касцёле, на тэрыторыі алімпійскага спартыўнага комплексу “Раўбічы”, марыла знайсці для выставы да Вялікадня незвычайныя творы, звязаныя з аздабленнем яйка. Вольга Леанідаўна ўвяла запыт у інтэрнэт — і стужка навін выдала інфармацыю пра творчасць Аляксандра Рыжэўскага. Вольга Залуцкая не сумнявалася, што творы Аляксандра — гэта тое, што трэба. У гэты ж дзень яна атрымала запрашэнне ад тэлеканала “Мір” прысутнічаць у якасці эксперта на здымках сюжэта пра Аляксандра Рыжэўскага. Сустрэліся, дамовіліся аб выставе. З 3 красавіка гэта ўжо рэальнасць. На адкрыццё былі запрошаны родныя, сябры. Цёплая, радасная атмасфера. Вольга Леанідаўна адкрывае выставу, запрашае ў залу. Загадчыца музея, усміхаючыся, папярэджвае, што мы ўсё ж не першыя наведвальнікі. Раніцай прыехала дзіцячая экскурсія з Бабруйска. Яны аказаліся ўдзячнымі і захопленымі знаўцамі арыгінальнага мастацтва. Вольга Леанідаўна расказала прысутным на адкрыцці, што хвалявалася за захаванасць далікатных экспанатаў, таму дзяцей запускалі маленькімі групамі па пяць чалавек. У гэтым выпадку за імі можна было ўсачыць, каб не паддаліся спакусе ўзяць ажурныя яйкі ў рукі. А спакуса была велізарная! Дзеці прасілі пакласці ім у руку яйка, каб пераканацца, што яно сапраўднае.
На выставе больш за пяцьдзясят работ майстра. Аляксандр адзначыў, што многія яго вырабы падораны і раз’ехаліся па свеце. Уражваюць творы са страусавых яек. Аляксандр расказаў, што спісаўся з уладальнікам страусавай фермы і дамовіўся аб куплі чатырох яек. Купіў яновае лісце. Мастак патлумачыў, што такая незвычайная фактура і малюнак узнікаюць, дзякуючы трохслойнасці шкарлупіны. Лініі, якія складаюць малюнак, атрымаліся ад праразання аднаго, двух ці трох слаёў. Таму малюнак і мае аб’ём. Цікавыя сумесныя работы майстра з мастачкай Людмілай Бураковай. Яна стварае кветкі таксама з незвычайнага матэрыялу — гліны. Кветкі атрымліваюцца такімі дзесяць, таму што кожнае мае сваю ўнікальную афарбоўку, а гэта мае значэнне. Любімы твор Аляксандра — яйка, на якім выразана клпадобнымі на натуральныя, што не верыцца ў іх рукатворнасць. Ажурнае яйка ў абрамленні далікатнай кветкі — прыгожае відовішча. Тэмы для разьбы па шкарлупіне розныя — ад дзіцячай ступні да матылька, ад кошкі да зубра, ад абстрактнага ўзору да хрысціянскай сімволікі. Сябры пытаюцца: “Чаму дзіцячая ступня выразана на яйку?” Аляксандр тлумачыць, што да нараджэння дзіцяці папрасілі зрабіць падарунак з разьбой па шкарлупіне яйка. “Яйка з выразаным контурам зубра і фігуркай зубра ўнутры — гэта да чэмпіянату свету па хакеі?” “Менавіта так” — згаджаецца майстар. “Як змясцілі фігурку жывёліны ўнутр яйка?” “Гэта сакрэт”, — усміхаецца Аляксандр Вячаслававіч. Майстар выставіў і аздобленыя разьбой арэхі. Гэта яго першы вопыт работы з новым матэрыялам.
Жадаем Аляксандру Рыжэўскаму новых эмоцый і ўражанняў ад жыцця, якія перапрацуюцца ў творчыя задумы, абавязкова ўвасобяцца і напоўняць новыя выставы, прапановы аб якіх абавязкова паступяць.
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара і з архіваў герояў.