Незвычайны прывычны пікнік

Лета і самы пачатак восені — найлепшы час для адпачынку на прыродзе: лес, рака, спевы птушак. Што можа быць лепш, спытаеце вы? Лепш можа быць толькі правільна арганізаваны адпачынак. Усе мы любім ездзіць на шашлыкі/пікнікі і іншыя сацыяльныя актыўнасці, аднак не многія ведаюць, што ўсяго некалькі прыёмаў дапамогуць нам ператварыць прывычнае ў незвычайнае.

Як сабрацца на пікнік і не стаміцца? Што рабіць, калі вы не ўмееце марынаваць мяса для шашлыку? Навошта даросламу чалавеку панамка? Пра ўсё гэта і яшчэ пра многае іншае пойдзе гаворка ў нашым артыкуле.
1. Першае правіла прадукцыйнага адпачынку на прыродзе прыйшло да нас яшчэ са Старажытнага Рыма: раздзяляй і ўладар. Вядомая справа, што ніхто не прапаноўвае вам ператварацца ў тырана, аднак такія-сякія правілы вам усё ж устанавіць давядзецца.
Арганізатар пікніка адказвае за ўсё — вось самая галоўная думка першага правіла. У ёмістае “ўсё” ўваходзіць выбар месца для адпачынку, колькасці запрошаных, меню, аптэчка, сродкі ад камароў, дробныя грошы для наведвання месцаў агульнага карыстання. Спіс можа быць бясконцым, аднак, думаю, асноўнае вы ўлавілі. Добры бок заключаецца ў тым, што вам зусім не абавязкова рабіць гэта аднаму: вы заўсёды можаце падзяліць спіс і адказнасць паміж усімі ўдзельнікамі.
2. Колькі браць будзем?
Перш чым брацца складаць спіс запрошаных, вырашыце для сябе, што вы хочаце атрымаць у канцы: прыемную размову і абед на прыродзе, сустрэчу старых сяброў з дзецьмі, спевы пад гітару і актыўныя гульні. Гэта гучыць даволі трывіяльна, аднак, паверце, няма нічога горшага, чым апынуцца ў кампаніі малазнаёмых людзей з маленькімі дзецьмі далёка ад горада і магчымасці ветліва пакінуць месца збору. Формула ўдалага пікніка простая: не больш як 12 чалавек з прыблізна падобнымі інтарэсамі і ўзроставай катэгорыяй мінус алкаголь. Калі ў кампаніі ёсць дзеці і вы прыехалі на машыне, то алкаголь дакладна пад забаронай плюс нянька ці чалавек, які будзе забаўляць вашых дзяцей. У ідэальным свеце я напісала б, што, пры ўмове наяўнасці нянькі, мацунак напіткаў не адыгрывае вялікай ролі, аднак гарачыня і свежае паветра зробяць сваю чорную справу ў той момант, калі вы менш за ўсё гэтага чакаеце. Што рабіць, калі вы не змаглі ці не захацелі шукаць чалавека, які дапаможа справіцца з дзецьмі? Можна загадзя дамовіцца з кім-небудзь з гасцей, каб ён узяў на сябе гэтую місію, прынамсі, пастарацца падабраць гасцей з дзецьмі так, каб яны былі, па магчымасці, адной узроставай катэгорыі. У гэтым выпадку на вас яшчэ ляжыць адказнасць па арганізацыі забаў для падрастаючага пакалення.
3. Гэтае дзіўнае слова “дыслакацыя”.
Калі едзеце на машынах — праблем увогуле ніякіх. У адваротным выпадку падбярыце месца так, каб да транспарту было недалёка, бо несці ўвесь багаж давядзецца ў руках. Што яшчэ варта ўлічыць? Пледы, шапкі-панамы, дастатковая колькасць пітной вады, мяшкі для смецця, парасоны ад сонца (па магчымасці), крэм ад камароў і сумку-халадзільнік для захоўвання напіткаў і прадуктаў. Што рабіць, калі такой няма ў наяўнасці? Самы просты варыянт — замарозіць негазіраваныя напіткі і пакласці іх упярэмешку з газіраванымі і наборам прадуктаў.
І яшчэ: калі будзеце выбіраць дату, няхай гэта будзе дзень, за якім ідзе яшчэ адзін выхадны, каб паспець прыйсці ў сябе.
4. Клуб узаемадапамогі.
Будзем спадзявацца, што лекі вам не спатрэбяцца. Аднак на ўсялякі выпадак варта захапіць:
* “Пантэнол” — спрэй ад апёкаў.
* Бальзам “Ратавальнік” — незаменны пры ўдарах, апёках і невялікіх ранках.
* Лейкапластар, бінт, зялёнку, перакіс вадароду — каб апрацаваць месцы парэзаў ці нацёртасцей.
* Анальгін — калі пачне балець галава.
* “Кларыцін” ці любы іншы проціалергічны сродак.
* Актываваны вугаль, мезім — калі нехта пераесць.
5. Ядзім з задавальненнем.
Для мяне лета — гэта час смачнай і лёгкай ежы. Ва ўмовах выезду на прыроду я звычайна дадаю слова “хуткай”. Салаты з маянэзам, ласункі з крэмам і іншыя далікатэсы прыхавайце да лепшых часоў і больш халоднай пары года. Маё правіла, выпрацаванае гадамі, — лічба два: два варыянты закусак, салатаў, напіткаў, пратэінаў і дапаўнення да іх. Другі важны момант: апошнія прыгатаванні перад падачай на стол я раблю ўжо на месцы. Запраўляю салат, наразаю закускі, агародніну і фрукты. Сёння я пастаралася падабраць для вас простыя і хуткія рэцэпты са сваёй калекцыі.

Лепш за ўсё пад катэгорыю “закуска для пікніка на прыродзе” падыходзяць густыя соусы, пасты і сальса. Іх зручна намазваць на лаваш, есці з чыпсамі і мачаць у іх агародніну.

Закускі

Сальса
Нам трэба:
1/2 частка чырвонай цыбуліны невялікага памеру (вельмі дробна рэжам)
1 невялікі перац халапенье ці серано (разразаем на палавінкі, чысцім ад насення і здрабняем)
1 зубок часнаку (ціснем)
400 г памідораў
2-3 галінкі пятрушкі (дробна рэжам). Я яе ў гэтым рэцэпце не выкарыстоўваю.
Сок паловы лайма ці лімона
Соль і чорны молаты перац на смак
У працэсе:
Здрабняем цыбулю, ціснем часнок і дробна рэжам пятрушку. Памідоры здрабняем нажом (калі вы любіце больш густую і аднародную кансістэнцыю, то можна выкарыс-таць камбайн у рэжыме “пульс”). Змешваем складнікі, паліваем сокам лайма, солім і перчым. Вельмі смачна з чыпсамі, а таксама ў якасці асновы для трубачак з лаваша і з тонкімі, крыху падсмажанымі кавалачкамі белага хлеба.

Хумус
Да густых паст можна аднесці хумус. Існуе думка, што яго цяжка прыгатаваць у дамашніх умовах, аднак гэта зусім не так складана, як можа падацца. Нут, таксама вядомы як турэцкі гарох, з’яўляецца галоўным інгрэдыентам хумусу. Другі важны кампанент — гэта тахіні, паста з молатага кунжутнага насення. Яе часта называюць альтэрнатывай арахісавай пасце. Гэта кампанент, які злучае страву. Да іншых ключавых інгрэдыентаў адносіцца таксама аліўкавы алей, лімонны сок, часнок і соль. Нут вараць, таўкуць і потым перамешваюць з астатнімі кампанентамі. Для аблягчэння працэсу я звычайна выкарыстоўваю кансерваваны нут ці замяняю яго на белую фасолю. Аліўкавы алей можна замяніць алеем канолы, замест свежага часнаку можна выкарыстоўваць абсмажаны, а замест тахіні — дадаць арахісавую пасту. У залежнасці ад смакавых пераваг можна выкарыстоўваць мноства іншых інгрэдыентаў, такіх як шпінат, кмін, бульба, папрыка, ёгурт, аліўкі, пятрушка, молаты чырвоны перац, кінза і кедравыя арэхі. Ідэальныя прапорцыі выглядаюць так: 4 часткі нуту і 1 частка тахіні.

Хумус без тахіні
Смак яго крыху адрозніваецца ад класічнага варыянта, але гатовая страва захоўвае крэмападобную кансістэнцыю і цудоўны смак. У гэтым выпадку кунжутную пасту можна замяніць арахісавым/сланечнікавым або канапляным алеем/кунжутным маслам.
1 шклянка нуту (200 г)
50 мл аліўкавага алею
1 сталовая лыжка лімоннага соку
1/2 чайнай лыжкі молатага кміну
Соль на смак
Змяшайце ўсе інгрэдыенты ў кухонным камбайне да атрымання аднароднай смятанападобнай кансістэнцыі. Перакладзіце сумесь у міску і падавайце з лавашам, свежай ці варанай агароднінай. Лепш выкарыстоўваць яго на працягу трох дзён. Але калі вы хочаце, каб хумус захоўваўся даўжэй, пакладзіце яго ў герметычны кантэйнер.

Салаты
Вельмі ўдзячная і шырокая тэма. Падрабязна пра тое, як гатаваць і якія варыянты запраў выкарыстоўваць, я пісала ў папярэдніх выпусках “Утульнай хаткі”. Сёння ж я хачу коратка спыніцца на некалькіх ключавых момантах: запраўляем адразу перад падачай (заправу робім дома, пераліваем у слоічак са шчыльнай накрыўкай). Салатнае лісце лепш за ўсё загарнуць у мокрую сурвэтку і парэзаць на месцы.

Пратэін
Вельмі шырокая і надзвычай разнастайная тэма: мяса, птушка, рыба, грыбы і нават тофу. Аснова паспяховага шашлыку ці барбекю на прыродзе — правільна падабраны соус для марынаду. Некалькі парад тым, хто вырашыў смажыць мяса на прыродзе:
* мяса і птушка павінны марынавацца не менш як 4, але не больш як 12 гадзін;
* калі ў вас няма сумкі-халадзільніка, то транспарціроўку да месца прыгатавання лепш за ўсё ажыццяўляць наступным чынам: замарожваем некалькі бутэлек пітной вады, кладзём у пакет, туды ж кладзём пакет з марынаваным мясам.
А для тых, хто любіць на свежым паветры есці, а не гатаваць, — вострыя курыныя крыльцы.

Нам трэба:
500 г курыных крыльцаў
4 зубкі часнаку, дробна парэзанага
2 сталовыя лыжкі соевага соусу
3 сталовыя лыжкі мёду
1 сталовая лыжка свежага цёртага імбіру
1/2 ч.л. солі
У працэсе:
Памыйце курыныя крыльцы і выдаліце лішнюю вільгаць папяровым ручніком. Адрэжце кончыкі (вострую частку) крылаў, разрэзаўшы папалам суставы. Змяшайце ў каструлі часнок, соевы соус, мёд, імбір і соль. Пакладзіце ў гэтую сумесь крыльцы і пастаўце ў халадзільнік марынавацца на гадзіну. Замарынаваныя крыльцы дастаньце, пакладзіце на змазаную бляху і выпякайце да залацістага колеру на працягу 30 хвілін пры тэмпературы 200°С.

На дэсерт
Пячэнне, мафіны, салодкія палоскі — усё, на што здольна ваша фантазія і кулінарнае майстэрства. Адна немалаважная дэталь: для транспарціроўкі лепш за ўсё выкарыстоўваць кантэйнер з накрыўкай, пракладваць слаі пергаментнай паперай і пакаваць, калі астынуць.
Не забывайце таксама пра фрукты, арэхі, мёд і арахісавае масла.

Лімоннае пячэнне
280 г мукі
170 г цукру
85 г масла
2 яйкі
Цэдра 2-х лімонаў
2 ч.л. лімоннага соку
У працэсе:
Масла рэжам кубікамі і ўціраем у муку. Дабаўляем цукар і добра здробненую лімонную цэдру, старанна перамешваем. Добра ўзбіваем яйкі і ўліваем іх у цеста разам з лімонным сокам. Старанна вымешваем міксерам. Атрыманае цеста дзелім на дзве часткі. Кожную скручваем у каўбаску, загортваем у харчовую плёнку і адпраўляем у халадзільнік мінімум на паўгадзіны. Дастаём цеста з халадзільніка і наразаем кружочкамі таўшчынёй каля сантыметра. Выкладваем на бляху, змазаную маслам ці засцеленую пергаментнай паперай. Выпякаем у духоўцы пры 180°С да лёгкай змены колеру прыблізна 15—20 хвілін.
Смачна есці!

Наўздагон:
Каб пікнік удаўся і не азмрочыўся непрыемнымі нечаканасцямі:
* Калі вы накіроўваецеся ў лес, вазьміце з сабой галаўныя ўборы, апраніце закрытую вопратку, а адкрытыя ўчасткі цела (шыю, рукі) намажце рэпелентам. Гэта засцеражэ ад укусаў кляшчоў і камароў.
* Не забудзьце пра сонцаахоўны крэм. Крэм для рук таксама спатрэбіцца. Калі трэба будзе збіраць дровы — вазьміце той, што з сіліконам.
* Абувайце максімальна зручны закрыты абутак: рухацца давядзецца шмат! Апранайцеся па надвор’і, а калі метэазводка абяцала дождж — не давярайце бясхмарнаму небу і захапіце накідку з поліэтылену і парасоны.
* Старайцеся есці невялікімі порцыямі. Шашлык — з агароднінай і віном. Не змешвайце спіртныя напіткі, каб раніцай прачнуцца са свежай галавой.
* Збіраючыся дадому, старанна прыбярыце за сабой, вуглі заліце вадой ці закапайце вогнішча, бо на гэтае месца вы абавязкова вернецеся зноў!

Таша ЛАПАЦЕНКА,
гастранамічны аглядальнік, партнёр і дарадца Гільдыі шэф-кухараў Беларусі,
член Асацыяцыі рэстаранна гастранамічных аглядальнікаў Расіі.