Да Новага года яшчэ амаль месяц, а ў Брэсцкім абласным цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці доўгачаканае свята ўжо надышло. Тут адкрылася экспазіцыя абласнога этапу VII Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка”.
Гэтае спаборніцтва — адно з самых любімых і папулярных у навучэнцаў і педагогаў краіны. Конкурс праводзіцца з мэтай актыўнага далучэння моладзі да навукова-тэхнічнай творчасці, яе прапаганды, выяўлення і падтрымкі таленавітых юнакоў і дзяўчат.
Сёлетні конкурс праходзіў у намінацыях “Год народнага адзінства”, “МультымедыяЁлка”, “Краінай сваёй ганаруся”, “Дызайн-ёлка”, “Хайтэк-ёлка”, “Альтэрнатыўная ёлка”, “РэтраЁлка”, “Ёлка-трансформер”, “Калядная кампазіцыя”, “Навагодні сувенір”, “Святочныя ўпрыгажэнні” і “Сімвал 2022 года”.
У абласным этапе спаборніцтва актыўна ўдзельнічалі навучэнцы, майстры вытворчага навучання і педагогі ПТНУ і ССНУ Брэстчыны. Экспертная камісія адабрала 205 лепшых творчых праектаў, якія ўражваюць арыгінальнасцю, разнастайнасцю выкарыстаных матэрыялаў і тэхнікай выканання.
Канкурсанты падышлі да праектаў надзвычай адказна і крэатыўна. Вялікую цікавасць выклікалі новыя намінацыі “Год народнага адзінства”, “МультымедыяЁлка” і “Краінай сваёй ганаруся”. Так, навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Фрыстайл” з Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці (кіраўнік Т.П.Валевач) правялі вялікую даследчую работу: азнаёміліся з гісторыяй узнікнення і значэннем традыцыйнага беларускага арнаменту, геаграфіяй і сучаснай нацыянальнай геральдыкай. Аўтары праекта аб’ядналі ў адзіную кампазіцыю сюжэт навагодняй казкі і шчырую любоў да роднай зямлі.
Вельмі цікавыя праекты ў намінацыі “МультымедыяЁлка” прэзентавалі майстар вытворчага навучання Д.А.Кароль з Пінскага дзяржаўнага ПТК лёгкай прамысловасці і выкладчык С.В.Пашкевіч з Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А.Я.Кляшчова, якія разам з навучэнцамі і з дапамогай сучасных лічбавых тэхналогій ярка і наглядна раскрылі тэму любові да Радзімы, выказалі павагу да яе гісторыі і традыцый.
Нязменнай папулярнасцю карыстаецца намінацыя “Сімвал года”. Паколькі сімвалам 2022 года па ўсходнім календары будзе тыгр, у выставачнай зале было шмат адметных вырабаў, якія ўвасаблялі гэтую прыгожую жывёлу.
Адно з абавязковых патрабаванняў конкурсу — наяўнасць тэхнічнага складніку. Таму многія экспанаты рухаюцца, свецяцца, гучаць, пераносяць у віртуальны свет чароўнай казкі. Так, на выраб тыгра Pigulinі навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Архітэктурнае макетаванне” з Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці затрацілі больш за 200 гадзін (кіраўнік А.С.Пігулеўскі). Пры выкананні праекта выкарыстоўваліся кардон, пенаплекс, капіравальная папера, фольга, дэкаратыўныя аддзелачныя матэрыялы… Экспанат уражвае і нікога не пакідае раўнадушным!
Многія вырабы, прадстаўленыя на выставе, заслугоўваюць увагі. Лепшыя з іх будуць адабраны для ўдзелу ў заключным этапе конкурсу.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.