Чалавека, у якога ўсе пасаджаныя расліны прыжываюцца і развіваюцца цудоўна нават у самых неспрыяльных умовах, англічане называюць “зялёнымі пальцамі”. А як назваць нам, беларусам, майстра, у якога ў руках усе справы ідуць спорна? Напэўна, залатымі рукамі.
У гасцях нашай рубрыкі менавіта такі чалавек — Алена Вячаславаўна Каткоўская. Алена Вячаславаўна ўзначальвае Ляскоўскі клуб-бібліятэку ў Мінскім раёне, дзе адна на ўсе напрамкі і на ўсе рукі майстар. У сваім раёне наша госця двухразовы лаўрэат арт-прэміі ў намінацыі “Лепшы майстар”. Удзельніца шматлікіх творчых выстаў, фестываляў раённага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Акрамя захаплення Алены Каткоўскай вышыўкай, вязаннем пруткамі і кручком (у тым ліку… традыцыйных страў і прадуктаў беларускай кухні), саломапляценнем, нашым чытачам асабліва блізка і цікава тое, што майстар народнай творчасці вядзе дзіцячы гурток “Кропелька”. Яго можна назваць яшчэ і аматарскім дзіцячым аб’яднаннем з мастацкім напрамкам.
— Дзеці — самая ўдзячная аўдыторыя для навучання, для зносін, — адзначае Алена Вячаславаўна. — Падбіраю ім заняткі па душы: з саломкі пляцём анёлкаў, птушак, павучкоў, а яшчэ робім лялек з тканіны.
— Раскажыце пра вашых гурткоўцаў.
— Прыходзяць у асноўным дашкольнікі і вучні пачатковай школы. Цэлымі сем’ямі, бывае, чаруюць над саломкай. Побач з намі размяшчаецца дзіцячая вёска “Вытокі”. Вось адтуль да мяне чытаць ходзяць і ў гурток заглядваюць. Асабліва часта ў клуб-бібліятэку прыходзіць шматлікая сям’я Эльвіры і Аляксандра Календа. У іх 8 прыёмных дзяцей. Самыя актыўныя гурткоўцы — Элона і Мелана Іванец.
— Якія лялькі могуць вырабіць такія маленькія дзеці з “Кропелькі”?
— Мы ствараем лялек з натуральнай тканіны без іголак і нітак. Гэта КУВАТКІ, ЗГОРТЫШЫ, ЛІХАМАНКІ, ДЗЕСЯЦІРУЧКІ. Куватка — лялька ў калысачку. Лічыцца, што яна сагравае дзіцяці пасцельку, ахоўвае яго. Мяккую тканіну бяром, нават старэнькую, але добра вымытую, рэжам або рвём на абрэзкі і з іх ствараем. Лялька-згортыш ствараецца проста: абрэзак скручваецца рулончыкам, потым на скрутак завязваецца хусцінка, потым лялька спавіваецца. Па тым, як дзяўчынка скручвае ляльку, можна меркаваць, якая яна гаспадыня будзе. Калі цвёрды і акуратны скрутак, то і гаспадынька будзе спраўная.
— А лялькі-ліхаманкі для чаго патрэбны?
— Размяшчаліся яны каля печы, трубы, каміна, развешваліся ў вялікай колькасці, а калі зусім дакладна, то 12 плюс адна (12 — малодшыя сёстры, 1 — старэйшая сястра і большая па памеры). Лялькі ўбіралі ў сябе хваробы і іншыя непрыемнасці. Праз пэўны час іх спальвалі, замянялі на новыя.
— Каб вучыць дзяцей быць умелымі, неабходна самому валодаць майстэрствам. Раскажыце пра свае ўменні і іх вытокі.
— Вытокі, як ва ўсіх, — з дзяцінства. У маіх бацькоў залатыя рукі. Тата Вячаслаў Міхайлавіч — майстар па дрэве. Наш дом сам пабудаваў. Вокны, дзверы, розную мэблю — усё ўмее зрабіць. Што мэбля — цымбалы і кларнет зрабіў. Зімой, памятаю, у свабодны пакой станок дрэваапрацоўчы паставіць і майструе там. У пакоі пах драўлянай габлюшкі найцудоўнейшы, незабыўны. А мама Антаніна Канстанцінаўна вяжа на прутках добра, спявае выдатна. Дзяўчынкай я была ўважлівай да вырабаў народнай творчасці. Старанна і падоўгу разглядала, як зроблены ручнічок на покуці.
Была ў мяне мара насіць саламяны капялюшык, вось і пачала вучыцца саломапляценню. Каб было з чаго плесці, прыйшлося спачатку салому нарыхтоўваць, сушыць, апрацоўваць. З часам розныя тонкасці спасцігала: з якога калена саломы якія вырабы можна плесці. Стварыла сабе цэлую калекцыю капелюшоў. Многія з маіх саламяных капялюшыкаў, раз’ехаліся па свеце: у Германію, Італію, Аўстралію. Азам вязання мама навучыла. З часам я ўжо вязала сабе кофтачкі, касцюмы і нават паліто. Быў час, ва ўсім сваім хадзіла, і сяброўкі фасончыкі пераймалі.
Галоўнае і самае сур’ёзнае маё захапленне — вышыўка. Вышыла ўжо 10 ручнікоў. Гэты працэс доўгі, карпатлівы, творчы. Над адным ручніком можна і паўгода працаваць. Для мяне галоўнае — настроіцца і знаходзіцца, пакуль вышываеш ручнік, у добрым настроі. Майстрыхі могуць і сумныя гісторыі расказваць сваёй вышыўкай, але я лічу за лепшае выкарыстоўваць толькі аптымістычныя сімвалы, а значыць, радасныя гісторыі расказваю. Не хачу ўпускаць у вышыўку маркоту. Узор ручніка часам сама канструюю на аснове слуцкага або клецкага ўзору, а часам рэканструюю ўзор старога ручніка. Так мне трапіў фрагмент ручніка, які захаваўся ў маёй чытачкі Валянціны Драбышэўскай ад яе мамы Марыі Астравух. І я па кавалачку, які застаўся, аднавіла ўзор і вышыла ручнік-рэканструкцыю. Асабліва дарагі мне ручнік са стылізаванай выявай майго дома. З трапятаннем вышывала карункавыя драўляныя дэталі акантоўкі даху роднага дома, што на хутары Дунічы, думала пра яго, успамінала жыццё з бацькамі. Ручнік — гэта не проста выраб, у ім вялікая глыбіня, душа майстрыхі, яе энергетычны паток, звязаны з родам. Таму ручнікі свае не дару, не прадаю, яны з’яўляюцца спадчынай маіх дзяцей. Дарэчы, яны таксама ў мяне ўмелыя: дачка Іна вышывае стужкамі, сын Дзіма, як яго дзядуля, з дрэвам добра працуе, малодшы Вадзім усё ў новай кватэры сваімі рукамі да розуму даводзіць.
— Дайце параду нашым чытачам, як унесці ручную творчасць у сваё жыццё!
— Прыгледзьцеся да сябе, прырода абавязкова надзяліла вас талентам, і ён нікуды не дзяецца, нават калі вы развіваеце яго не з дзяцінства. Будзьце ўпэўнены, што пачынаць ствараць ніколі не позна. На выставе “Ляскоўка таленавітая”, што зараз праходзіць у нашым Ляскоўскім клубе-бібліятэцы, выстаўляюцца работы мастачкі Веры Рабушка, якая адкрыла ў сабе талент і жаданне стаць мастаком у 50 гадоў.
Маё жыццёвае крэда простае і складаецца з аднаго слова: “Стварай”. Можа, і нашым чытачам ствараць таксама спадабаецца?!
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.