Пад ветразем жыцця

Апошні зімовы месяц, напэўна, успрымаецца большасцю нашых чытачоў як мужчынскі, і таму што часта суровы па надвор’і, і таму што завяршае зіму, і таму што святкуем у гэты час Дзень абаронцаў Айчыны. Натуральна, што нашым госцем сёння з’яўляецца мужчына, справа па душы якога звязана з пераадоленнем, мужнасцю і творчасцю.

Яраслаў Аляксандравіч Радчанка працуе ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінска, вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Альтаір” (школа бяспекі і выжывання) і так гаворыць пра сябе: “Мне цікава тое, што я выкладаю дзецям, і работа ў гуртку з’яўляецца працягам маіх інтарэсаў, я выкладаю тое, чым сам захапляюся. Нашы заняткі праходзяць у памяшканні рыцарскай залы цэнтра “Ветразь”. Дух рыцарства нам з выхаванцамі блізкі, і для рыцараў таксама актуальныя нашы тэмы выжывання і бяспекі”.

— Шлях кожнага чалавека, які мае справу па душы, да свайго захаплення заўсёды цікавы. Якім быў ваш, Яраслаў Аляксандравіч?
— Мае бацькі Аляксандр Пятровіч і Алена Іванаўна былі ўважлівыя да мяне і сясцёр Карыны і Валерыі, стваралі нам добрыя ўмовы для развіцця ў дзяцінстве і нават сабралі архіў фатаграфій, сведчанняў нашых дасягненняў. Я захапляўся пабудовай сярэдневяковых замкаў з канструктараў. Наборы для такой будоўлі куплялі мама з татам. У маіх замках былі гарматы, арбалеты, пушкі. Я не толькі будаваў замкі, але і ўяўляў, як унутры іх усё магло б жыць, рухацца, дзейнічаць. У школьныя гады цікавіўся гісторыяй. Настаўнікі заўважылі, што я лёгка і з задавальненнем разбіраўся ў матэрыяле, таму рыхтавалі і накіроўвалі ўдзельнічаць у алімпіядах па гісторыі. Цікавілі мяне законы, па якіх жыве грамадства, матывы ўчынкаў людзей, як адбываюцца павароты ў гісторыі, ваенная гісторыя, ваеннае майстэрства, заканамернасці і прычыны перамог, стратэгіі, тактыкі. Калі быць зусім дакладным, то мяне цікавіла не столькі гісторыя перамог, колькі працэс іх дасягнення, інструменты, якія дазваляюць іх дабіцца. Змагаючыся ў камп’ютарнай гульні ў рыцарскім паядынку, я задумваўся, як выбудаваць фронт, дзе ўзмацніць яго. Гэта значыць, вырашаў, як дасягнуць выжывання і перамогі. Тады сяброўскага асяроддзя рыцарскага клуба для развіцця захаплення не было, ды і я быў, напэўна, малы для яго. У юнацкім узросце хацелася вызначыцца, знайсці сваё месца ў свеце. Тады я выкарыстаў свае веды пра стратэгіі і тактыкі і пачаў дзейнічаць. Вырашыў, што мне не перашкодзіць добрая фізічная форма, і стаў займацца тэквандо, ушу. Кнігі чытаў на гэтую тэму. Глядзеў фільмы, якія падабаліся з-за раскрыцця тэмы майстэрства бою ў іх. Я хацеў выбраць стыль адзінаборства, які б адпавядаў менавіта маёй асобе. Раіўся з настаўнікам фізкультуры Віктарам Іванавічам Лосічам. Ён прапанаваў займацца з ім самурайскім баявым майстэрствам.

— Прапанова была прынята? Чаму менавіта гэты стыль быў даспадобы?
— Прынята, канечне. Самурайскае баявое майстэрства прадугледжвае дысцыпліну, заснавана на строгіх прынцыпах, патрабуе добрай каардынацыі рухаў (тыя ж тактыка і стратэгія, якія захаплялі мяне). Дарэчы, за тыдзень да прапановы Віктара Іванавіча ў магазіне ўбачыў і купіў два сувенірныя самурайскія мячы. Можна сказаць, што выбар быў прадвызначаны. І дух самурайскага баявога майстэрства не супярэчыць духу рыцарства.

— Вы гаварылі аб прынцыпах, якія вас прывабілі ў самурайскім баявым майстэрстве, якія яны?
— Галоўны прынцып — вернасць у самым шырокім сэнсе гэтага слова. Важныя прынцыпы справядлівасці, эфектыўнасці, пагарды да дыскамфорту, нязручнасці, нават да болю. Увогуле, усе прынцыпы адпавядаюць агульначалавечай маралі. Мне падабаецца, што самурайскае баявое майстэрства прадугледжвае нават больш маральнае самаўдасканаленне, чым фізічнае. Не далёкая баявому майстэрству і атмасфера стварэння гармоніі вакол сябе. Напэўна, усе чулі пра японскія спосабы прымірэння і здабывання спакою праз удзел у чайнай цырымоніі, сузіранне садовых кампазіцый, кампазіцый з камянёў, архітэктуры, авалоданне майстэрствам каліграфіі. Калі я стаў вучыцца на гістарычным факультэце БДУ, то знайшоў адпаведнасць вышэйапісаных прынцыпаў з хрысціянскай культурай. Гэтае агульнае адкрыў для сябе, працуючы над курсавым праектам “Станаўленне хрысціянскай царквы ў Рымскай імперыі”.

— А ці ёсць у вас не сувенірны меч?
— Ёсць. Мой меч драўляны, трэніровачны, называецца бакэн. Яго можна і па вуліцы насіць. Натуральна, што ён прыцягвае ўвагу прахожых. Некаторыя пыталіся, што гэта, прасілі паказаць. Бакэн зроблены з суцэльнага дубу. І калі ўзровень валодання мячом вельмі высокі і маральны дух таксама, то драўляным мячом можна атрымліваць перамогі. Як, напрыклад, мой эталон, кумір Міямота Мусасі, які не прайграў за сваё жыццё ніводнага бою і менавіта драўляным мячом дасягаў многіх перамог.

— Ваша цікавасць да тэмы выжывання і бяспекі — натуральнае прытрымліванне прынцыпаў самурайскага баявога майстэрства неабходнасці развіцця маральнага духу і вернасці?
— Так. Гэта натуральны інтарэс. Неабходна не толькі развіццё цела, але і розуму, маральнага духу, трываласці дзеля дабрабыту ўсіх. Задачы дабра, адпаведнасць чалавечай маралі для мяне важныя. З Віктарам Іванавічам не толькі трэніруемся і абменьваемся вопытам, але і вядзём размовы, абменьваемся думкамі на гэты конт. Бяспека і выжыванне, на мой погляд, наступны крок да развіцця, самаўдасканалення. Ды і практычную значнасць маюць такія веды, уменні. Бо не заўсёды чалавек знаходзіцца ў ідэальных умовах.

— Ці даўно вы ведзяце аб’яднанне па інтарэсах “Альтаір” (школу бяспекі і выжывання)?
— Першы год. Але цікавасць да заняткаў гуртка вялікая і з боку падлеткаў і іх бацькоў. Мы вучымся, як выжываць не толькі ў асяроддзі прыродным, але і сацыяльным, гэта значыць уменню мець зносіны. Вучу гурткоўцаў бяспецы ў побыце, інфармацыйнай бяспецы, аказанню першай медыцынскай дапамогі, выбару адзення, абутку, амуніцыі, стварэнню жылля і сховішчаў, спосабам здабывання ежы і вады. Сваёй мэтай работы з дзецьмі бачу магчымасць даць штуршок, кірунак у развіцці маім гурткоўцам, каб потым яны самі развівалі сябе, замацоўваючы нашы агульныя поспехі. Важна, каб было імкненне да развіцця. А ў прыродным асяроддзі вучымся і як распаліць вогнішча, і як збудаваць часовае жыллё. Дзяцей прывабліваюць неардынарныя сітуацыі.

— Якія-небудзь парады па выжыванні нашым чытачам вы маглі б даць?
— Самым важным часцей за ўсё аказваецца ўменне здабыць ваду ў экстрэмальнай сітуацыі. Калі ў вас знойдуцца поліэтыленавыя пакеты, то надзеньце іх на галінкі дрэва і шчыльна завяжыце вузлом адкрытую частку пакета. Дзякуючы парніковаму эфекту збярэцца вадкасць. Яе будзе не так многа, таму чым больш пакетаў на галінах, тым больш вадкасці. Важна ведаць, што зімой чалавеку таксама трэба шмат вады. Затое зімой можна здабыць яе са снегу. Снег есці нельга, а трэба менавіта здабываць з яго ваду. Снег трэба растапіць на вогнішчы або сагрэць на целе. Важна памятаць, што снежная вада не змяшчае соль, таму ў ідэале яе трэба падсольваць. Лепш не цярпець да з’яўлення пачуцця смагі, а піць ваду загадзя. Трэба памятаць, што арганізм здольны засвоіць палову літра вады ў гадзіну. Калі ў вас доступ толькі да марской вады, а пытанне стаіць так — “жыццё або смерць”, можна пару разоў пакрыху выпіць і марской вады. Самае важнае не панікаваць і не страчваць прысутнасці духу. Актыўна думаць і шукаць вырашэнне наяўных праблем у канкрэтнай сітуацыі. Я люблю не толькі эфектыўныя, але і прыгожыя рашэнні. Эстэтыка для мяне важная.

— Якія вашы планы на бліжэйшую будучыню?
—  У садружнасці з аб’яднаннем “Вучэбны карабель” мы задумалі праект кругасветнага падарожжа. Па маіх звестках, беларускія падарожнікі яго не ажыццяўлялі цэлай камандай з Беларусі. Магчыма, толькі ўдзельнічаючы ў міжнародных камандах. Вось дзе будзе дастаткова падстаў прымяніць уменні выжываць. У гэтай экспедыцыі планую ўзяць на сябе ролю аператара, бо я скончыў курс на студыі “Беларусьфільм” для будучых рэжысёраў і сцэнарыстаў і ўжо маю вопыт у гэтай галіне. Дарэчы, здымкі — маё другое сур’ёзнае захапленне. У будучыні мару зняць батальнае кіно, драму, камедыю, баявік, псіхалагічны дэтэктыў. Ці атрымаецца ажыццявіць усё задуманае — не ведаю. Імкнуся.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.