Няма лепшай абароны ад хвароб, чым моцны імунітэт. Яго павышэнне ўключае цэлы комплекс дзеянняў. Гэта і добры сон, і пазбяганне стрэсаў, і фізічныя нагрузкі, і свежае паветра, і, канечне, правільнае харчаванне. Што ж дапаможа нам у мадэляванні імунітэту?
Адзін з важных складнікаў у гэтым працэсе — вітамін Д, які змяншае запаленчыя рэакцыі. Знайсці яго можна ў тлустай рыбе, яйках, чырвонай ікры, печані, ялавічыне.
Імбір — скарбніца вітамінаў. У ім змяшчаюцца натрый, жалеза, калій, магній, фосфар і цынк, вітамін C, фоліевая кіслата і іншыя мікраэлементы. Таксама імбір здольны павышаць імунітэт.
Яшчэ адзін важны мікранутрыент — вітамін С. Ён не сінтэзуецца нашым арганізмам, а таму павінен паступаць з ежай. На яго багатыя шыпшына, салодкі перац, парэчкі, абляпіха, пятрушка, кроп, капуста (брусельская, белакачанная ці квяцістая), бульба, памідоры, яблыкі, цытрусавыя.
Дабавім сюды ж лікапін, асноўная функцыя якога ў арганізме антыаксідантная. Яго можна атрымаць з шыпшыны, памідораў, грэйпфрутаў, салодкага перцу і іншых чырвона-аранжавых пладоў.
Прыроднымі народнымі сродкамі для ўмацавання імунітэту з’яўляюцца эхінацэя, жэньшэнь, лакрычнік, элеўтэракок і лімоннік.
Не трэба забываць і на пратэін — будаўнічы матэрыял для ферментаў, інтэрферонаў, лейкацытаў і г.д. Таму важна забяспечыць дастатковую колькасць бялку ў рацыёне. Паўнацэнна атрымаць амінакіслоты, якія паляпшаюць метабалізм і функцыянальны стан імунных клетак, можна, спажываючы ялавічыну і бараніну.
Кефір, ёгурт, кіслая капуста, кімчы, мяккія сыры — крыніца прабіётыкаў, якія актывізуюць імунныя клеткі дыхальных шляхоў.
Натуральны мёд таксама змяшчае велізарную колькасць мінералаў, вітамінаў і мікраэлементаў, важных для здароўя чалавека.
Патрэбныя нам і цынк (ялавічына і печань, насенне гарбуза, яйкі, капуста, часнок, інжыр, грэчка, карычневы рыс, аўсянка) і селен (яйкі, тварог, семечкі).
А вось ад наступных прадуктаў лепш устрымацца, асабліва ў час хваробы: салодкае і здоба, прыправы, кетчуп, маянэз, каўбасныя і вэнджаныя вырабы, паўфабрыкаты, кава, шакалад, алкаголь.
Падрыхтавала Вера НІКАЛАЕВА.