Цёплы вечар нядзелі. З букетам валошак спяшаюся ў Маладзёжны тэатр эстрады. У тэатры — канцэрт дзіцячай вакальнай студыі “МІКС”, родны дом якой — школа № 161 Мінска. На песеннае свята запрошана невыпадкова, а для таго, каб пазнаёміцца са справай па душы госці рубрыкі Ірыны Іванаўны Раманоўскай.
Ірына Іванаўна — чалавек шчыры і адкрыты, чалавек, для якога спяванне і ёсць само жыццё. Май, які завяршаецца, быў для нашай суразмоўніцы асаблівым, ярка напоўненым творчасцю: адбыўся сольны канцэрт у Канцэртнай зале “Мінск”, канцэрт на “Светлагорскхімвалакно”, з задавальненнем спявала Ірына Іванаўна на пляцоўках чэмпіянату свету па хакеі.
“Кожная сустрэча з гледачом узаемна радасная, — расказвае Ірына Раманоўская, — для мяне шчырыя эмоцыі залы вельмі важныя! Яны натхняюць. Радасць маёй публікі і мая радасць”. Як не адгукнуцца прыхільнікам творчасці Ірыны Іванаўны, бо ў рэпертуары спявачкі песні, якія даўно палюбіліся. Радкі з іх і ў нашых чытачоў выклічуць цёплыя ўспак не ўспомніць вядомую сміны, паплывуць асацыяцыі з дзяцінства або юнацтва, сталых гадоў, а што можа быць каштоўней і даражэй: “Огней так много золотых на улицах Саратова, парней так много холостых, а я люблю женатого…”, або: “Вот кто-то с горочки спустился — наверно, милый мой идет. На нем защитна гимнастерка, она с ума меня сведет…”.
“Я і сама пішу песні ў рэпертуар, і ў садружнасці з аўтарамі, і для мяне пішуць”, — працягвае Ірына. — Як не ўспомніць вядомую слухачам песню “Лодачка” Уладзіміра Курловіча — гэта мая візітоўка. У апошні час хітом стала “Святочная”, якую напісалі я і Руслан Платкоў. У асноўным спяваю творы беларускіх аўтараў. Не магу не ўспомніць іх імёны, не сказаць дзякуй Таццяне Шурынавай, Сяргею Таўкунову, Уладзіміру Курловічу? А для вакалістаў студыі напісаны песні выдатнымі беларускімі аўтарамі: Настассяй Марчук, Таццянай Атрошанка, Уладзімірам Сукалінскім, Таццянай Шурынавай.”
У жыцці Ірыны Іванаўны невыпадкова перапляліся дзве галоўныя лініі: пеўчая і педагагічная. Абедзве лініі бяруць свой пачатак з сям’і. “Артыкул у “Настаўніцкай газеце” пра мяне вельмі лагічны”, — усміхаецца Ірына, — бо я з педагагічнай сям’і. Дзядуля па мамінай лініі Мікалай Уладзіміравіч Грыгаровіч быў дырэктарам школы, захопленым музыкантам. У мамы Рэны Мікалаеўны, дарэчы, таксама настаўніцы, было чатыры браты і чатыры сястры. Вось і лічыце, колькі ў дзядулі было спяваючых дзяцей — дзевяць душ. Успамінаю, што спявалі ў маёй сям’і часта і дома, і ў клубе. Расла, гледзячы на родных, убіраючы гукі, уражанні. Вось вынік: сама спяваю прафесійна і дзяцей вучу спевам”.
— Ірына Іванаўна, як з’явілася ідэя стварыць вакальную студыю?
— Вінавата сустрэча выпадковая, а можа і заканамерная, з дырэктарам школы № 161 Мінска Валерыем Аляксандравічам Стружко. Ён чуў мяне як спявачку, прапанаваў стварыць вакальную студыю пры школе. Бачыце, усё атрымалася. Мы вельмі ўдзячны Валерыю Аляксандравічу за выдатныя ўмовы для творчасці. Ідэя студыі простая: падтрымаць жаданне дзяцей спяваць розны рэпертуар: і дзіцячы, і дарослы. Важна, каб мае вучні маглі паспрабаваць сябе ў розных стылях. Няхай спяваюць і рэп, і джаз, і R’n’B. Адсюль наша назва “МІКС”.
— У студыі займаюцца толькі дзеці са школы?
— Спачатку запрашалі толькі вучняў школы № 161. Потым прыйшлі і іншыя юныя мінчане. Бо чуткамі зямля поўніцца. Вельмі хочацца навучыць дзяцей таму, што сама ўмею.
— Ці ёсць поспех у дзяцей з вашай студыі?
— Вынікаў часта прыходзіцца доўга чакаць. І ўсё ж дасягненні ў нас ёсць. Напрыклад, у “Славянскім базары” ўдзельнічалі тры мае вучаніцы-салісткі: Аня Атрошчанка, Жэня Кляпіцкая, Паліна Бурло. Дарэчы, у Паліны ўжо ёсць сцэнічнае імя — Апалінарыя. Мы ўдзельнічаем і ў іншых міжнародных конкурсах, фестывалях у Балгарыі, Польшчы, Украіне. Як правіла, у конкурсаў і фестываляў гаворачыя паэтычныя назвы: “Ад сэрца да сэрца — спяваючыя сэрцы”, “Дыямент Карпат”, “Зямля пад белымі крыламі”. Днямі едзем у Клімавічы. Будзем удзельнічаць у Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”. Спяём дзве песні ансамблем “МІКС” “Веліканы” і “Ай, будзе крута!”.
— Жадаем удачы дзяўчатам і хлопцам! Ірына Іванаўна, важна пачуць адказ чалавека, які паспяхова працуе для музычнага развіцця дзяцей, на такое пытанне: “Навошта ім спяваць, навошта вучыцца гэтаму?”
— Запомнілася выказванне Біла Гейца аб тым, што ўмовамі поспеху ў жыцці ён лічыць уменне спяваць і наяўнасць музычнай адукацыі. Паводле яго меркавання, навучанне музыцы ўпарадкоўвае мысленне. Нечакана чуць такое ад чалавека, звязанага з тэхнічнай дзейнасцю! Аднак гэтыя словы ў яго вуснах гучаць пераканаўча, бо Біл, безумоўна, творчы чалавек. А па-мойму, музыка развівае душу, робіць дзіця шчаслівым, упэўненым, дапамагае ўвасабляць мары. Для мяне важна, што, займаючыся з дзецьмі, захоўваю маладосць душы. Мне важна адчуваць, разумець дзяцей, дапамагаць раскрывацца, станавіцца асобай. Часам параўноўваю сябе з доктарам. Бывае, што, калі ў дзіцяці нешта не атрымліваецца, прыходзіцца шукаць “сімптомы хваробы”, як урачу. Быццам ставіць дыягназ і знаходзіць правільнае лячэнне.
— А што для вас самае цяжкае ў рабоце з дзецьмі?
— Цяжка сказаць бацькам і іх дзіцяці, што ім трэба развіваць іншы талент, не пеўчы. На жаль, артыстызму не навучыш. Каб стаць спявачкай, неабходна злучаць у сабе шмат якасцей: чысціню інтаніравання, добры музычны слых, рытм, пазнавальны тэмбр, артыстычнасць, харызму, сілу волі.
— Канцэрт у зале маладзёжнага тэатра эстрады — своеасаблівы вынік вакальнага года?
— Так. Гэта падарунак дзецям, бацькам, мне, кіраўніку студыі. Канцэрт атрымаўся, бо нездарма называўся “Ай, будзе крута!”. Выступалі пачынаючыя студыйцы і вопытныя дзяўчынкі і хлопчыкі, выконвалі эстрадныя песні і народныя. Юныя вакалісты спявалі пра важнае і цікавае для сябе: пра тое, як паспяваць займацца балетам, маляваннем, спортам адначасова, пра тое, як грузіць і пампаваць з інтэрнэту, пра ўзаемаадносіны з Васечкам і Сенечкам, пра маму, Радзіму і, канечне, пра каханне. Сюрпрызам для залы стала выкананне песні “Статус”, якая ўдзельнічае ў адборачным туры рэспубліканскага дзіцячага конкурса “Песня для Еўрабачання-2014”. Выканала яе Паліна Майсеенка.
Мамы, таты, бабулі, дзядулі, іншыя гледачы ў зале сваімі апладысментамі далі адчуць дзецям, што яны “проста, проста маленькія зоркі”!
Валошкі, што захапіла на канцэрт, з задавальненнем падарыла Ірыне Іванаўне і самай юнай салістцы студыі Дашы Тоўкач. Дашачка, як сапраўдная сяброўка, раздзяліла свой валошкавы букецік з Палінай Муравіцкай, якой таксама спадабаліся палявыя кветачкі.
Жадаем удзельнікам студыі і яе кіраўніку, таленавітай спявачцы і натхнёнаму педагогу Ірыне Раманоўскай, творчага поспеху, спявання з радасцю і душой на шчасце добрым людзям, якія цэняць мастацтва.
Святлана РАДЗЬКОВА.