Пра цяжкасці канцэнтрацыі ўвагі і залішнюю імпульсіўнасць,

або Сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці

Сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (скарочана СДУГ) — расстройства паводзін, якое пачынаецца ў дзіцячым узросце. Праяўляецца такімі амі, як цяжкасці канцэнтрацыі ўвагі, гіперактыўнасць і дрэнна кіруемая імпульсіўнасць.

Актуальнасць СДУГ вызначаецца высокай частатой гэтага сіндрому і яго вялікай сацыяльнай значнасцю. СДУГ сустракаецца ад 2,2% да 18% у дзяцей школьнага ўзросту і ў два разы часцей у хлопчыкаў, чым у дзяўчынак. Практычна ў кожным школьным класе ёсць адно дзіця з гэтым захворваннем. Лічыцца, што 30% дзяцей “перарастаюць” гэты сіндром або прыстасоўваюцца да яго ў дарослым жыцці.
Дыягнаставаць СДУГ можна пачынаючы з позняга дашкольнага або школьнага ўзросту. Наяўнасць парушэнняў навучання і сацыяльных функцый з’яўляецца неабходным крытэрыем для выяўлення дыягназу, а гэта не раней за 5—6-гадовы ўзрост. Да таго ж многія прыметы СДУГ праяўляюцца толькі час ад часу, што ўскладняе дыягностыку.
Існуюць генетычныя і фізіялагічныя прычыны гэтага стану. Некаторыя даследчыкі настойваюць нават на ўплыве кліматычных фактараў у яго развіцці. Так, у сем’ях дзяцей з сіндромам дэфіцыту ўвагі/гіперактыўнасці нярэдка ёсць блізкія сваякі, якія мелі ў школьным узросце аналагічныя парушэнні. Разам з генетычнымі вылучаюць сямейныя, прэнатальныя і перынатальныя фактары рызыкі развіцця сіндрому. Да сямейных фактараў адносяць нізкае сацыяльнае становішча сям’і, наяўнасць крымінальнага акружэння, цяжкія рознагалоссі паміж бацькамі. Асабліва значнымі лічацца нейрапсіхіятрычныя парушэнні, алкагалізацыя і адхіленні ў сексуальных паводзінах маці. Прэнатальныя і перынатальныя фактары рызыкі ўключаюць асфіксію нованароджаных, ужыванне маці ў час цяжарнасці алкаголю, некаторых лекавых прэпаратаў, курэнне.
Дзеці з сіндромам дэфіцыту ўвагі маю ць нармальны або высокі інтэлект, аднак, як правіла, дрэнна вучацца ў школе. Акрамя цяжкасцей навучання, захворванне праяўляецца рухальнай гіперактыўнасцю, дэфектамі канцэнтрацыі ўвагі, абстрагаванасцю, імпульсіўнасцю паводзін, праблемамі ва ўзаемаадносінах з навакольнымі. Варта адзначыць, што сіндром дэфіцыту ўвагі назіраецца як у дзяцей, так і ў дарослых.
Дыягнастуюць СДУГ па наступных крытэрыях:
• наяўнасць у дзіцяці дэфіцыту ўвагі і/або гіперактыўнасці;
• ранняе (да 7 гадоў) праяўленне сімптомаў і працягласць (больш за 6 месяцаў) іх існавання;
• некаторыя сімптомы назіраюцца і дома, і ў школе;
• сімптомы не з’яўляюцца праявай іншых захворванняў;
• парушэнне навучання і сацыяльных функцый.
У дзіцяці дэфіцыт увагі, калі яно:
• не звяртае ўвагі на дэталі і дапускае памылкі ў рабоце;
• з цяжкасцю падтрымлівае ўвагу ў рабоце і гульні;
• не слухае тое, што яму гавораць;
• не ў стане прытрымлівацца інструкцый;
• не можа арганізаваць гульню або дзейнасць;
• мае цяжкасці ў выкананні заданняў, якія патрабуюць доўгай канцэнтрацыі ўвагі;
• часта губляе рэчы;
• часта і лёгка абстрагуецца;
• бывае няпамятлівым.
Дзіця гіперактыўнае, калі яно:
• робіць мітуслівыя рухі рукамі і нагамі;
• часта ўсхопліваецца са свайго месца;
• гіперрухавае ў сітуацыях, калі гэта непрымальна;
• не можа гуляць у “ціхія” гульні;
• заўсёды знаходзіцца ў руху;
• вельмі многа гаворыць.
Дзіця імпульсіўнае (г.зн. не здольна спыніцца і падумаць, перш чым загаварыць або ажыццявіць дзеянне), калі яно:
• адказвае на пытанне, не выслухаўшы яго;
• не можа дачакацца сваёй чаргі;
• умешваецца ў размовы і гульні іншых.
У значным працэнце выпадкаў клінічныя праявы сіндрому ўзнікаюць ва ўзросце да 5—6 гадоў, а часам ужо на першым годзе жыцця. Дзеці да года, у якіх у далейшым адзначаюцца прыметы гіперактыўнасці, часта маюць парушэнні сну і гіперузбудлівасць. З часам яны становяцца вельмі непаслухмянымі і геперрухавымі, а паводзіны з цяжкасцю кантралююцца бацькамі. Разам з тым дзеці, якія маюць сіндром дэфіцыту ўвагі без гіперактыўнасці, у маленстве могуць умерана адставаць у рухальным (пачынаюць пераварочвацца, поўзаць, хадзіць на 1—2 месяцы пазней) і маўленчым развіцці, яны інертныя, пасіўныя, не вельмі эмацыянальныя. Па меры росту дзіцяці становяцца відавочнымі парушэнні ўвагі, якім бацькі, як правіла, спачатку не надаюць значэння.
Парушэнні ўвагі і/або праяўленні гіперактыўнасці/імпульсіўнасці прыводзяць да таго, што дзіця школьнага ўзросту пры нармальным або высокім інтэлекце мае парушэнні навыкаў чытання і пісьма, не спраўляецца са школьнымі заданнямі, робіць многа памылак у выкананых работах і не схільна прыслухоўвацца да парад дарослых. Такое дзіця ўмешваецца ў чужыя размовы і дзейнасць, бярэ чужыя рэчы, часта паводзіць сябе цалкам непрадказальна, залішне рэагуе на знешнія раздражняльнікі. Такія дзеці з цяжкасцю адаптуюцца ў калектыве. З-за сваёй нецярплівасці і імпульсіўнасці яны часта пачынаюць канфлікты з равеснікамі і настаўнікамі. Дзіця таксама не здольна прадбачыць наступствы сваіх паводзін, што можа прыводзіць да антыграмадскіх учынкаў. Асабліва часта асацыяльныя паводзіны назіраюцца ў падлеткавым перыядзе, калі ў дзяцей з сіндромам дэфіцыту ўвагі/гіперактыўнасці ўзрастае рызыка фарміравання трывалых парушэнняў паводзін і агрэсіўнасці. Падлеткі з гэтай паталогіяй часцей пачынаюць курыць і прымаць наркатычныя прэпараты.
Важна разумець, што СДУГ — гэта захворванне. З дапамогай лячэння можна палепшыць паспяховасць, сацыяльную адаптацыю дзіцяці, здольнасць знаходзіць сяброў і падтрымліваць сяброўства. Правільнае лячэнне можа знізіць напружанасць у сям’і, а самае важнае — павышае шансы дзіцяці на здаровую, шчаслівую і плённую будучыню.
У значнай часткі дзяцей сімптомы знікаюць у падлеткавым узросце. Аднак клінічнае праяўленне сіндрому дэфіцыту ўвагі/гіперактыўнасці (празмерная імпульсіўнасць, запальчывасць, рассеянасць, няпамятлівасць, непаседлівасць, нецярплівасць, непрадказальныя, хуткія і частыя змены настрою) могуць назірацца і ў дарослых.

Як паводзіць сябе дома, калі ў дзіцяці СДУГ?

1. Выпрацоўвайце пазітыўныя адносіны. Дзеці са СДУГ востра рэагуюць на крытыку. Замест таго, каб крытыкаваць дзіця і гаварыць яму, што яно не павінна рабіць, накіруйце свае заўвагі ў пазітыўны бок і скажыце дзіцяці, што яму варта рабіць. Напрыклад, замест “Не кідай сваё адзенне на падлогу” паспрабуйце сказаць “Давай я дапамагу табе прыбраць адзенне”.
Дапамажыце свайму дзіцяці развіваць звычку да пазітыўных думак. Напрыклад, замест думкі “Я не магу гэта зрабіць” дапамажыце яму настроіцца на тое, што яму зрабіць па сілах: “Я магу зрабіць гэта!”
2. Не скупіцеся на пахвалу. Дзеці радуюцца, калі бацькі іх хваляць. Напрыклад: “Ты сёння зрабіў дамашнюю работу добра і хутка”, або: “Я ганаруся табой”. Усе мы часам робім памылкі і невялікія правіннасці. Замест таго, каб злавацца, калі ваша дзіця штосьці сапсавала, скажыце што-небудзь накшталт: “Не перажывай, гэта можна паправіць”.
3. Дапамажыце свайму дзіцяці не хвалявацца. Спакойныя гульні, праслухоўванне прыемнай музыкі, прыняцце ванны дапамогуць дзіцяці супакоіцца, калі яно раззлавана або расчаравана.
4. Складзіце простыя і зразумелыя правілы. Дзецям патрэбны пэўны распарадак. З яго дапамогай яны ведаюць, калі і што ім трэба зрабіць, і адчуваюць сябе больш спакойна. Выконвайце штодзённыя справы ў адзін і той жа час дня. Абедайце і вячэрайце ў ад зін і той жа час. Дапамажыце дзіцяці не адкладаць справы, якія абавязкова трэба зрабіць. Вядзіце спіс важных спраў. Вучыце дзіця планаваць свой дзень. Пачніце з таго, каб збіраць школьныя прылады загадзя.
5. Размаўляйце са сваім дзіцем. Абмяркоўвайце з ім розныя тэмы: што здарылася ў школе, што яно бачыла ў кіно або па тэлевізары. Даведайцеся, што думае дзіця. Задавайце адкрытыя пытанні, якія прадугледжваюць аповед, а не кароткі адказ. Задаючы дзіцяці пытанне, дайце яму час падумаць і адказаць. Не адказвайце за яго! Слухайце, калі яно гаворыць з вамі, і давайце пазітыўныя каментарыі. Няхай ваша дзіця адчуе, што яно і яго справы цікавыя.
6. Абмяжуйце колькасць адцягвальных фактараў і кантралюйце работу дзіцяці. Пераканайцеся, што ў вашага дзіцяці дастаткова магчымасці “выпусціць пару”. Часта дзецям патрабуецца перадышка паміж школай і дамашняй работай. Упэўніцеся, што дзіця разумее, што ад яго патрабуецца пры выкананні задання. Пры неабходнасці кантралюйце заняткі і дамашнія справы. Рэгулярныя перапынкі дазволяць дзіцяці адпачыць і потым зноў засяродзіцца.
7. Правільна рэагуйце на дрэнныя паводзіны. Растлумачце, што іменна вас раззлавала ў яго паводзінах. Пазбягайце абагульненняў (напрыклад, замест “Ты ніколі мяне не слухаеш” скажыце “Я злуюся, таму што ты зараз мяне не слухаў”). Пакаранне павінна быць справядлівым і адпавядаць па сваёй строгасці здзейсненай правіннасці. Не пачынайце спрэчкі з дзіцем. Будзьце непахісныя ў сваіх рашэннях, але не карыстайцеся тактыкай пагроз.
8. Адпачывайце самі. Часам вам таксама патрэбны адпачынак і час для сябе. Запрасіце каго-небудзь пасядзець з дзіцем або адпраўце дзіця да сябра, які заслугоўвае даверу.

Тамара ПАЎЛЕНКА,
загадчык аддзела 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.