Прымула

Раней, калі не было столькі экзатычных веснавых кветак, першае месца ў палісадніках і кветніках займала прымула. Яна заўсёды зацвітала да Вялікадня і яе з’яўленне было звязана менавіта з гэтым святам. Але, каб прымула сапраўды парадавала вас, трэба ведаць некалькі асноўных прынцыпаў яе вырошчвання.

Па сваім паходжанні прымула — горная расліна. Яна не любіць вельмі яркае сонца, утульна адчувае сябе ў цені альбо паўцені, любіць умераны паліў, а ў засушлівае лета і часты.
На рынку часцей за ўсё прадаюцца цвітучыя прымулы, і я свае першыя расліны набыла такім жа чынам. Тое, што нават цвітучая прымула прыжываецца без праблем, няпраўда. У першы год трэба абавязкова выдаліць кветканосы, каб прымула лепш укаранілася. Вядома, у такім выпадку прыйдзецца пацярпець яе не вельмі прывабны выгляд, але ў наступным сезоне вы не пашкадуеце. Аднойчы я не выдаліла кветканосы ў прымулы дробназубчатай, і вясной з зямлі паказалася толькі лісце. Год цвіцення быў прапушчаны. А калі вы хочаце падзяліць прымулу, якая разраслася, то, па маіх назіраннях, лепш за ўсё рабіць гэта ў верасні — пачатку кастрычніка. Ужо не такое спякотнае надвор’е, ідуць дажджы. Прымулы вясной выглядаюць пышнымі і здаровымі. Былі ў мяне і такія выпадкі, калі знаёмыя прывозілі ўвесну кусцік, што толькі вылез з зямлі. Ён таксама прыжываўся добра.
Цяпер некалькі момантаў пра ландшафтныя рашэнні. Можаце высадзіць прымулу радком, можаце кругам. Можаце зрабіць з яе падбіўку якога-небудзь саліднага хмызняку, напрыклад, бузульніка. Ён выпускае сваё лісце ў пачатку мая, а прымулы замаскіруюць пустоты. Можаце ўрэшце зрабіць з прымул кветкавыя плямы. Вельмі цікава выглядаюць кветнікі з прымул двух колераў — сіняга і жоўтага, чырвонага і жоўтага, сіняга і чырвонага. Адным словам, поўная свабода дзеянняў.
Прымулы вельмі любяць рыхленне. Аднойчы ў мяне быў водпуск у красавіку, і я рыхліла кветку рэгулярна. Да канца мая прымула вымахала пад трыццаць сантыметраў. Калі заканчваецца цвіценне, абавязкова палівайце кветку ўмерана.
Ёсць у мяне і англійская прымула — аўрыкула. Яна мае своеасаблівае лісце — скурыстае. Сярэдзінка светла-бэзавага колеру, а краі цёмна-бэзавыя. У часопісе бачыла розныя колеры такой прымулы, але, на жаль, яшчэ не пашчасціла ўбачыць яе ў продажы.
Вырошчваць прымулы з насення не спрабавала. Насенне трэба стратыфікаваць (прамарожваць). Для кожнага віду свае правілы. Магчыма, паспрабую. Прымулы даюць і самасеў. У такім выпадку трэба яго памеціць і не вырываць пры праполках.
Прымулы не любяць нізкага месца, дзе яны могуць захварэць на гніль. Хварэюць яны і на іншую даволі дзіўную хваробу, якая называецца стомленасцю глебы. Кожныя тры гады іх трэба перасаджваць на новае месца. Ніякіх прыкмет гэтай хваробы не бачна, проста кветка страчвае сваю дэкаратыўнасць, становіцца дробнай.
У народзе прымула мае мілагучную назву — першацвет. І сапраўды, яна вельмі падыходзіць да гэтай просценькай, але такой прывабнай кветкі.
Для пачатку не ганіцеся за якімі-небудзь дарагімі гібрыдамі. Паспрабуйце з самых простых. А потым, па меры набыцця вопыту, можна пашырыць дыяпазон кветак і зрабіць свой веснавы кветнік стракатым і вясёлым.

Ала ШАЎЦОВА