Роў матора гучыць як музыка

З Раманам Русланавічам Гудзем я пазнаёмілася на “Узыходжанні” — Мінскім гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства педагогаў, у якім ён удзельнічаў як прадстаўнік Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Выступаў Раман Русланавіч паспяхова і заваяваў 2-е месца. Напрамак, якім займаецца малады педагог, зацікавіў і мяне. У напружаным графіку Рамана Русланавіча мы знайшлі час пагутарыць пра аўтамабілі і іх мадэлі, што ўласна і з’яўляецца справай па душы нашага госця.

— Раман Русланавіч, ці можна сказаць, крыху перафразаваўшы словы песні М.Шаброва і У.Мацецкага, што аўтамабілі ўсё ваша жыццё запаланілі?

— Канечне, не зусім усё, але значнае месца ў ім займае цікавасць да іх, а дакладней, да аўтамадэлявання. У дзяцінстве шмат чым цікавіўся: хадзіў у гурток фота, у спартыўнай секцыі вывучаў адзінаборствы. Да 12 гадоў вызначыўся і аддаў перавагу гуртку па аўтамадэляванні. Займаўся ў гуртку з задавальненнем, але, на вялікі мой жаль, праз месяц ён закрыўся. Прыйшлося заняцца самаадукацыяй. Рабіў папяровыя машынкі, капіруючы іх канструкцыю з уласнай замалёўкі або фотаздымка.

— А дзе бралі фотаздымкі аўтамабіляў, бо ў той час інтэрнэту яшчэ не было?

— Сам фатаграфаваў машыны, якія падабаліся. Я ж у фотагурток хадзіў, навучыўся рабіць здымкі, і фотаапарат у мяне быў. Цікавасць да мадэлявання паглыблялася, хацелася ўдасканальвацца, а тут і інтэрнэт з’явіўся. Гэтая крыніца інфармацыі ўзняла маё захапленне на новы ўзровень. Дабавілі матывацыі займацца аўтамадэляваннем веды пра тое, што ёсць прафесійныя спаборніцтвы па гэтым відзе спорту. Калі вучыўся ў Віцебску ў педагагічным інстытуце, зрабіў адну з самых любімых сваіх мадэлей. Гэта быў аўтамабіль “Ака”. Матэрыялам для мадэлявання былі пластыкавыя дошкі для лепкі з пластыліну. Нічога іншага тады з матэрыялаў не было.

— А ці захаваліся вашы першыя папяровыя мадэлі, пластыкавая “Ака”?

— На памяць пра папяровыя мадэлі засталіся толькі фотаздымкі. Ды і “Аку” я разабраў, застаўся толькі яе корпус. Паглядзіце — вось ён. Вельмі шкадую, што не захаваў першую сваю пластыкавую мадэль, але я яе сабраўся аднавіць.

— Усё першае ў нашым жыцці асабліва намі шануецца. Напэўна, і працэс аднаўлення “Акі”, і вынік прынясуць вам радасць. А якія вашы мадэлі таксама запомніліся?

— Многія аматары аўтамадэлявання ў Мінску ведаюць маю машынку BAGGY. Яна вядома тым, што зроблена з незвычайнага матэрыялу — палачак для шашлыку.— Раман Русланавіч, вы зараз загадчык лабараторыі эксперыментальнага мадэлявання ў Палацы дзяцей і моладзі Мінска. Што падахвоціла вас працаваць з дзецьмі?

— Вельмі захацелася дзяліцца вопытам. Калі пачаў працаваць з дзецьмі, то заўважыў, што мая захопленасць расце і набывае новы сэнс. Цяпер у мяне больш за сто вучняў. Прыходзяць цікавіцца гуртком аўтамадэлявання з 4 гадоў. Дарэчы, на міжнароднай выставе-конкурсе стэндавых мадэлей (Мінск, 2016), якую арганізаваў навукова-тэхнічны парк БНТУ, мы з маім вучнем Вадзімам Бабковым (14 гадоў) выставілі свае мадэлі.

— Мадэлі якіх канкрэтных аўтамабіляў зараз на выставе?

— Вадзім прадставіў радыёкіруемую мадэль-копію грузавога аўтамабіля “МАЗ-535” у маштабе адзін да чатырнаццаці. Я — радыёкіруемую мадэль-копію грузавога аўтамабіля Scania Т 142E ў маштабе адзін да чатырнаццаці.

— Раман Русланавіч, раскажыце падрабязней аб працэсе вырабу аўтамабіляў. Наколькі цяжка зрабіць мадэль-копію?

— Мадэль-копія, якая выстаўляецца на міжнароднай выставе-конкурсе стэндавых мадэлей (Мінск, 2016), выраблялася мной роўна два гады. Важыць больш за 10 кг, даўжыня — 70 см. Акрамя электронікі, колаў і чалавека ў кабіну, усё зроблена мной уручную. Прынцыпова не карыстаюся 3D- прынтарамі. Лічу, што так любы зможа, хачу пакідаць выклік сваім здольнасцям. Для вырабу мадэлі аўтамабіля Scania Т 142E спатрэбілася 4 віды пластыку. Толькі люстэрка задняга віду складаецца з 14 дэталей. Тэнт заказаў пашыць у атэлье. Толькі ў трэцім атэлье, у якое звярнуўся, пагадзіліся вырабіць тэнт на кузаў.

Каб мадэль ажыла, у яе схаваў 30 м праводкі таўшчынёй 1 мм у ізаляцыі. Для ажыўлення мадэлі выкарыстоўваю два пульты. У маёй мадэлі ўсё дакладна скапіравана: і рабочыя паваротнікі, і падсветка габарытаў, прыбораў, святло ў кабіне, дыстанцыйна адчыняецца накрыўка капота, якая забяспечвае доступ да электрарухавіка. Дарэчы, аўтамадэлісты капіруюць не толькі выгляд машыны, але і яе функцыянальныя асаблівасці. Мяркую, што мая мадэль можа перамяшчаць вагу трохгадовага дзіцяці. Забяру яе з выставы — абавязкова правяду выпрабаванні.— Вы мне паказалі выставачную мадэль на відэа, і мяне яна зачаравала. Ці бачылі гурткоўцы мадэль-копію? Як яны да яе аднесліся?

— Дзеці бачылі мадэль у працэсе яе вырабу. А ў гатовым выглядзе пакуль толькі на відэа, як і вы. Ім Scania Т 142E, безумоўна, спадабалася. Мы з вучнямі натхняем адзін аднаго сваімі работамі. У Мінскім палацы дзяцей і моладзі ёсць дзе выпрабаваць мадэлі, паспаборнічаць на хуткасць або дакладнасць выканання задання. На трэцім паверсе абсталявана траса. А паколькі мы эксперыментальная лабараторыя, то паспрабавалі з дзецьмі пашырыць зону сваіх цікавасцей. Вывучылі перспектыўны напрамак — нейрапілатаванне. Для нас набылі апарат трэніроўкі палётаў, якія нейрапілатуюцца.

— Ці можна на яго глянуць?

— Канечне, глядзіце. Я пакажу вам прынцып работы. Надзяваем навушнікі, напружана думаем пра што-небудзь, праводзім разумовыя аперацыі, можна вылічэнні. На маніторы вы бачыце энергію, якая ствараецца вашай думкай. З яе дапамогай кольца на маніторы ўзлятае. Вось і рэальная канструкцыя, якая таксама можа быць запушчана энергіяй думкі, пры наяўнасці дастатковай прасторы. Гэты сімулятар называецца PUZZLEBOX ORBIT. Яго нам набыў Палац дзяцей і моладзі для ўдзелу ў конкурсе JuniorSkills. JuniorSkills — праграма ранняй прафарыентацыі, падрыхтоўкі і спаборніцтваў школьнікаў у прафесійным майстэрстве. Кожны школьнік можа паспрабаваць сябе ў розных прафесіях і сферах, у тым ліку прафесіях будучыні. У рамках конкурсу нашы дзеці выконвалі заданні на сімулятары і лятальным апараце, які нейрапілатуецца. Занялі мы 4-е месца, прычым да 3-га нам не хапіла ўсяго паловы бала.

— Натуральна, што дзецям і падлеткам падабаецца ваша захапленне. А як калегі, родныя, іншыя дарослыя адносяцца да вашай справы па душы?

— Вельмі добра адносяцца ўсе. Адміністрацыя і калегі падтрымліваюць. Асаблівую ўдзячнасць хачу выказаць дырэктару Мінскага палаца дзяцей і моладзі Галіне Леанідаўне Шкляр, намесніку дырэктара Ганне Лявонаўне Аверынай, загадчыцы метадычнага аддзела Ларысе Пятроўне Сінічкінай. Родныя задаволены дасягненнямі, а Маргарыта — мая дзяўчына — нават вырашыла паспрабаваць вырабіць мадэль класічнага рэтрааўтамабіля.— Раман Русланавіч, на заканчэнне нашай гутаркі традыцыйнае пытанне для творчага чалавека: якія далейшыя планы?

— Планы ёсць. Буду працягваць працаваць з дзецьмі. Збіраюся ў жніўні 2017 года выставіць сваю апошнюю мадэль у Германіі або ЗША. Працягне існаванне мой канал на Youtube, дзе я паказваю дзецям і дарослым працэс вырабу мадэлей. З Youtube да мяне прыходзіць зваротная сувязь ад суайчыннікаў і замежнікаў, захопленых той жа справай, што і я. Нядаўна іспанец прыслаў свае пытанні. Працуе ён клеркам у офісе, а для душы робіць мадэлі. Так што захапленне пабудовай мадэлей аўтамабіляў — міжнароднае. Дазваляе жыць не толькі ў рэальным жыцці, але і лунаць на крылах творчасці і натхнення. Тым больш, ёсць куды імкнуцца, бо японская Toyota ўжо вырабіла эмацыянальны аўтамабіль.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтар і з архіва героя.