На першы погляд можа здацца, што чалавеку дадзена два жыцці: адно праходзіць у стане няспання, другое — у снах. На самай справе гэта адно і тое ж жыццё, якое адбіваецца ў мноствах люстэрак сну адначасова або па чарзе, радуючы нас ці пужаючы, падказваючы штосьці ці заблытваючы ў лабірынтах неўсвядомленага. Так што ж для чалавека сон у псіхалагічным сэнсе?
На думку псіхолагаў, сон — гэта рэакцыя розуму на падзеі жыцця, унутраныя перажыванні, стрэсы і схаваныя жаданні. У сне падсвядомасць праз вобразы паказвае на праблему і магчымы спосаб яе ўстаранення. Усе тэхнікі работы з падсвядомасцю, якія моцна ўздзейнічаюць (гіпноз, медытацыя), блізкія па сваім стане да сну. Толькі пры гіпнозе і медытацыі стан розуму кантралюецца, а ў сне — цалкам свабодны. Некаторыя вучоныя адносяць эфект “дэжавю” таксама да сноў: калісьці ўбачаная ў сне, але забытая падзея (ці месца) праз пэўны час сапраўды з’яўляецца ў жыцці чалавека і здаецца паўторнай.
Здараецца, што нам сняцца страшныя сны. Калі мы хочам пазбавіцца ад начных страхаў самі ці дапамагчы дзіцяці, варта растлумачыць, што любыя сны, у тым ліку кашмары, — вынік работы мозга і мы ў пэўнай ступені можам на гэта ўплываць. У кожнага ёсць своеасаблівы “пульт кіравання” снамі і страхамі. Скарыстайцеся псіхалагічнай методыкай “Страшныя сны” (М.Шаўчэнка). Раскажыце ўслых пра свой сон, а потым уявіце і намалюйце яго добрае заканчэнне ці прапануйце змены, якія хацелася б унесці ў гэты сон. Калі скончыце малюнак, заплюшчыце вочы і зноў перакажыце свой сон; калі дойдзеце ў пераказе да страшнага эпізоду, дайце каманду сціснуць руку так, быццам у ёй знаходзіцца пульт дыстанцыйнага кіравання, і, націскаючы на яго кнопку, вы можаце мяняць ход сну. Кладучыся спаць, свой аптымістычны малюнак можаце пакласці пад падушку. Наступныя 2-3 дні правярайце, наколькі ўстойлівым аказаўся вынік. Калі страхі пакуль не сышлі, паўтарыце практыкаванне 2-3 разы.
Магчыма, менавіта вам для вырашэння праблемы страшных сноў падыдзе іншае практыкаванне — “Казка нанач” (К.Фопель). Гэтая методыка дапаможа скончыць дзень. Вы і члены вашай сям’і можаце легчы на спіну на дыване па крузе так, каб галовы знаходзіліся ў цэнтры. Пачніце з заспакаяльнага дыхання: удых — выдых, удых — выдых (1 мінута). Кожны самастойна вырашае, колькі ён хоча сказаць. Калі ад зін удзельнік заканчвае, няхай дакранецца да члена сям’і, які знаходзіцца побач, тым самым даючы зразумець, што настала чарга іншаг а працягваць расказ. Пры жаданні можна з заплюшчанымі вачамі ўдзельнічаць у практыкаванні. Магчыма, вы будзеце ўражаны тым, якія гісторыі з’явяцца і якія тэмы будуць закрануты. Запомніце тое, што вам асабліва спадабаецца ў расказе. Паступова ператварайце гісторыю ў казку нанач, якая стане добрым пераходам ад дзённай актыўнасці да вячэрняга заспакаення. Памятайце, што для казкі важна лагічнае і зразумелае заканчэнне.
Псіхолагі і псіхааналітыкі выкарыстоўваюць сны для тлумачэння таго, што адбываецца ў жыцці чалавека. Сюжэты сноў падказваюць, накіроўваюць ці папярэджваюць. Спецыялісты рэкамендуюць сфарміраваць традыцыю ўдумлівага стаўлення да сноў.
Як жа гэта адбывалася ў гісторыі псіхалогіі? Вельмі цікава і драматычна! “Тлумачэнне сноў” — адна з самых значных і да гэтай пары папулярных і запатрабаваных работ Зігмунда Фрэйда, у якой ён паказаў, што сон з’яўляецца не бессэнсоўным наборам вобразаў, а скажоным ці завуаліраваным ажыццяўленнем выціснутага жадання. Асноўваючыся на гэтай і іншых работах псіхааналітыка, што былі прысвечаны даследаванню сноў, і быў складзены соннік Фрэйда, які заняў важнае месца сярод іншых папулярных соннікаў сучаснасці. Большасць тлумачэнняў сонніка Фрэйда маюць прывязку да сексуальнага боку жыцця людзей, узаемаадносін з супрацьлеглым полам.
Сны, згодна з канцэпцыяй Карла Густава Юнга, не бессэнсоўны набор карцінак і гукаў. Яны выконваюць важныя функцыі: знімаюць эмацыянальнае напружанне, дазваляючы чалавеку ў сне перажыць пачуцці, якія ён у рэальным жыцці па тых ці іншых прычынах у сабе блакіруе; развіваюць псіхічныя функцыі, пашыраюць спектр магчымасцей свядомасці і ўсведамлення. Але крыніцай сноў, паводле Юнга, не варта лічыць толькі жыццёвы вопыт чалавека. Паколькі асоба з’яўляецца членам калектыву, нацыі, расы, яна можа атрымліваць сігналы калектыўнага парадку, якія могуць здацца ёй чужымі. У такіх выпадках, як лічыў Юнг, у чалавеку абуджаецца калектыўная памяць. Тлумачыць гэтыя вобразы можна, толькі ведаючы тое значэнне, якое яны маюць у асяроддзі, што іх спарадзіла.
Ёсць нямала разнастайных тэорый пра карысць і шкоду сноў. Калі адны лічаць, што сны разгружаюць нашу псіхіку і дапамагаюць вырашыць унутраныя праблемы, то існуе і іншая тэорыя, што без іх жыць лепш. Спецыялісты Універсітэцкай клінікі Цюрыха правялі даследаванне і высветлілі, што ёсць людзі, якія ўвогуле не бачаць сноў, і іх здароўе не горшае, чым у тых, хто бачыць сны. Гэта значыць, перажыванні ў снах не нясуць ніякай карыснай для арганізма функцыі. Да якога пункту гледжання далучыцца асабіста вам, выбірайце самі.
І ўсё ж варта пагадзіцца з тым, што сімвалы ў нашых снах — гэта таемныя дзверы, праз якія імпульсы чалавечай душы ўліваюцца ў свядомасць, каб дапамагчы захаваць эмацыянальную раўнавагу ў час няспання. У снах мы можам адчуць і перажыць тое, што на працягу дня звычайна заглушаем у сабе ці проста не заўважаем. Пражыць — значыць вызваліцца. І сны дазваляюць бяспечна пражыць пачуцці і вызваліцца ад эмоцый, з якімі мы не ў сілах справіцца днём. З дапамогай сноў мы можам разбурыць бар’еры, з якімі сутыкаемся ў стане няспання. Магчыма, сон варта ўспрымаць не як другое жыццё, а як дапоўненую рэальнасць?!
Скажы мне, што табе сніцца…
Дазволім сабе падумаць, што сны дапамагаюць раскрыць некаторыя асаблівасці нашага характару. Методыка, якая прапануецца, — гэта не варыянт сонніка, а спроба звярнуць увагу на індывідуальныя асаблівасці, замацаваныя ў рысах характару. Вывучыце і вызначыцеся, падабаецца вам карцінка, якая атрымалася, ці не. Ну а потым, як заўсёды, дзейнічайце! Перад намі пытанні, на іх трэба адказаць без доўгіх разважанняў. Чатыры магчымыя варыянты адказу: “часта”, “часам”, “рэдка”, “ніколі”. Пытанні сабраны ў пяць груп, кожная з якіх выяўляе пэўныя рысы характару. Такім чынам, што вам сніцца?
Група А
1. Раніцай вам цяжка ўспомніць, што снілася. 2. У сне вас асуджаюць, але вы не ўяўляеце за што. 3. Сняцца строгія настаўнікі, начальнікі, следчыя. 4. Сніцца, што вы голая перад вачамі чужых. 5. У сне страчваеце зубы і валасы, атрымліваеце траўмы, хварэеце. 6. Часта плачаце ў сне. 7. Робіце нешта сорамнае, што наганяе жаху. 8. Сны бязладныя, бессюжэтныя.
Група Б
1. За вамі ў сне хтосьці гоніцца. 2. Сняцца жахі. 3. Вы сведка небяспечнай сітуацыі, аварыі. 4. Вамі стараюцца авалодаць сілай. 5. Вам трэба збегчы, але вы не можаце паварушыцца. 6. Ці сняцца вам дзікія звяры, пачвары, прывіды? 7. Ці сніцца вам, што вы марна шукаеце штосьці згубленае?
Група В
1. Вам сніцца ўдзел у нейкіх спартыўных мерапрыемствах. 2. Вы скачаце з вялікай вышыні, скачок зацяжны. 3. Сніцца работа, службовае акружэнне. 4. Кіруеце аўтамабілем, катарам, скачаце вярхом. 5. У сне вы пастаянна ў руху, займаецеся нейкай справай. 6. Вам сняцца лясы, азёры, лугі, рачныя прасторы. 7. Змагаецеся і перамагаеце. 8. Купляеце ўсё, што душа жадае.
Група Г
1. У сне вы прысутнічаеце пры нечай агоніі, смерці, пахаванні. 2. Сняцца пажары, землетрасенні, крушэнні. 3. У сне вы сварыцеся, гневаецеся. 4. Бойка з вашым удзелам. 5. У спрэчцы бераце верх і святкуеце. 6. Сняцца злачынцы, злыя людзі. 7. Бачыце каляровыя сны. 8. Сніцца сырое мяса, кроў.
Група Д
1. Лятаеце ў сне. 2. Танцуеце, катаецеся на каньках, імчыцеся на санях, плаваеце. 3. Палка цалуецеся. 4. У сне бачыце вострыя і доўгія прадметы. 5. Бачыце голага мужчыну. 6. Вам прызнаюцца ў каханні. 7. Вы ў абдымках каханага. 8. Вам уручаюць падарункі.
Інструкцыя: адказ “часта” — 6 балаў, “часам” — 2, “рэдка” — 1, “ніколі” — 0. Вызначыце суму балаў па кожнай групе пытанняў.
А — імкненне да дасканаласці
Да 9 балаў. Вам такая “задума” не прыходзіць у галаву — вы задаволены сабой, няхай удасканальваюцца іншыя. У мяне ёсць недахопы? А ў каго іх няма? Няхай мяне прымаюць такой, якая я ёсць. Не падабаюся? Да пабачэння!
10—24 балы. Ведаеце, што кожны чалавек у нечым памыляецца і вы зусім не выключэнне. Аднак стараецеся, каб памылак было менш. Зайздросціце чужым поспехам. Трапіўшы ў няёмкае становішча (напрыклад, вас выкрылі ў хлусні), бянтэжыцеся, адчуваеце мукі сумлення, але гэтая сітуацыя можа паўтарыцца не адзін раз.
25—39 балаў. Усведамляеце, што вам яшчэ шмат чаго не хапае для дасканаласці — і на рабоце, і ў побыце, і ў адносінах з людзьмі, ды і ў сабе. Але часам вы вельмі строгія і дакараеце сябе з-за дробязей. Да людзей ставіцеся паважліва, але нечая беспардоннасць і надакучлівасць злуюць вас звыш меры. Аднак умееце хутка авалодваць сабой. Вы далёкія ад плётак, абгавораў і не ўцягнецеся ў пустую перапалку ў транспарце ці ў чарзе. Тым не менш свой пункт гледжання ў прынцыповых пытаннях заўсёды абараняеце.
40 балаў і вышэй. Вы — маралістка. Строга ставіцеся да сябе і тым больш не даяце спуску іншым. Таму вам так няпроста ладзіць з людзьмі. Але ці трэба быць такой бескампраміснай? Ваша непадатлівасць у адносінах з блізкім чалавекам дае хутчэй адмоўны вынік, чым станоўчы.
Б — імкненне да забяспечанасці і ўпэўненасці
Да 9 балаў. Вас гэта не цікавіць — няхай усё будзе як ёсць, ад лёсу не ўцячэш.
10—24 балы. Лічыце, што справіцеся з цяжкімі сітуацыямі. Будучыня вас не палохае. Не асцярожнічаеце, але і дарэмна не рызыкуеце. Што вас выводзіць з сябе, дык гэта нечыя павучанні. Злуе вас і выхвалянне. Нахабнікам даяце адпор без роздумаў. Калі не шанцуе, не ўпадаеце ў чорную меланхолію, але ў такія хвіліны лепш не паказвацца вам на вочы.
25—39 балаў. Вас часта палохае пачуццё блізкай небяспекі, і гэта выбівае з каляіны. Вам вядомы зайздрасць і рэўнасць. Часта пасуеце перад цяжкасцямі. Трэба змагацца з сабой, вырашаць праблемы, што дапаможа набыць упэўненасць у сабе. Вам пажадана мець добрага сябра!
40 балаў і вышэй. Ваша няўпэўненасць у сабе мае балючы характар, вы пастаянна баіцеся страціць, што маеце, хаця для апасак няма ніякіх прычын. У той жа час вас заўсёды мучыць думка, што вы чагосьці не дабралі. Адсюль цяга да накаплення нават на шкоду здароўю. Набываеце тое, без чаго маглі б выдатна абысціся. Гэтая рыса, якая мяжуе са сквапнасцю, многім не падабаецца. І яшчэ: вы, хутчэй за ўсё, чалавек забабонны, і гэта таксама не лепшым чынам уплывае на ваша жыццё.
В — імкненне да поспеху
Да 9 балаў. Здавольваецеся тым, што маеце; жывяце без запытаў.
10—24 балы. Вы не вельмі славалюбны, але ў той жа час вам не падабаецца знаходзіцца на другарадных ролях. Не супраць дабіцца поспеху, але так, каб для гэтага не спатрэбілася вялікіх намаганняў і клопатаў. У марах вам бачыцца то буйны выйгрыш у латарэю, то казачны прынц.
25—39 балаў. Хочаце заўсёды вызначацца сярод іншых, для чаго прыкладаеце нямала сіл. Але вам нярэдка здраджвае пачуццё меры, што аддаляе ад вас людзей. Можа, менавіта таму ў вас мала (ці няма ўвогуле) блізкіх сябровак? Паразважайце над гэтым.
40 балаў і вышэй. Вы вельмі эгаістычны чалавек. Ваша крэда — мэта апраўдвае сродкі, і гэтым усё сказана.
Г — імкненне да лідарства
Да 9 балаў. У вас няма ніякіх даных, каб прэтэндаваць на лідарства (няхай гэта будзе работа ці асабістае жыццё). Ды вы ніколі да гэтага і не імкняцеся. Вы сарамлівы, сціплы чалавек, вас ніколі не мучыць зайздрасць. Гэтым вы падабаецеся людзям. Але вам яўна неабходна больш цвёрдасці ў розных сітуацыях.
10—24 балы. Часам у вас з’яўляецца вострае жаданне камандаваць, загадваць, капрызнічаць, але гэтыя жаданні скарацечныя і вы не пераацэньваеце свае магчымасці, таму трымаецеся ў баку ад камандных вышынь. Тым не менш не прапусціце выпадку паіранізаваць і пакрытыкаваць тых ці іншых лідараў — язычок у вас даволі востры.
25—39 балаў. Ведаеце дакладна, чаго хочаце, вам проста неабходна распараджацца некім. Дабіўшыся гэтага, не злоўжывайце ўладай і не карыстайцеся ёй для свайго абагачэння, тым больш несумленнага. Лепш сыходзьцеся з тымі, хто прызнае ваша вяршэнства.
40 балаў і вышэй. Заўсёды і ўсюды хочаце весці рэй і камандаваць, хаця (у чым вы не прызнаецеся сабе) у вас для гэтага практычна няма ніякіх даных. Тым не менш вы гарыце цягай да самасцвярджэння, з-за чаго робіце нямала памылак. Ну а калі ўжо станеце лідарам, трымайцеся ўсе!
Д — імкненне да кахання
Да 9 балаў. Не, гэтае імкненне не вельмі ўласціва вам, вы вельмі далёкі ад рамантыкі чалавек. Ды і пра каханне класічнае маеце прыблізнае ўяўленне. Сыходзіцеся бяздумна, па інерцыі. Можа, менавіта з гэтай прычыны вам часам бывае так адзінока і тужліва?
10—24 балы. Каханне і пяшчота ў вас не на першым плане. Чалавек вы практычны і на злом галавы ў вір кахання не кінецеся. Пры выбары партнёра аддаяце перавагу не пачуццю, а розуму. Пры жыццёвых калізіях расстанецеся без жалю і перажыванняў.
25—39 балаў. Вы маеце патрэбу ў каханні, пяшчоце, ласцы. Без гэтага не ўяўляеце жыццё. Марыце пра каханне, улюбляецеся, становіцеся адданай сяброўкай. Калі не сустрэнеце ўзаемнасці, у вас хопіць сіл патушыць сваё гарачае пачуццё, аднак без слёз і пакут не абысціся.
40 балаў і вышэй. Улюбляецеся хутка і без аглядкі, за свайго каханага “б’яцеся”, нягледзячы ні на што. Раўнівыя, часам да крайнасці. У той жа час можаце хутка астыць і ўмомант пакінуць партнёра. Бываеце часам неасцярожнымі, ідзяце на выпадковую сувязь, што рана ці позна прынясе вам непрыемнасці.
Святлана РАДЗЬКОВА.