Новы год — адно з любімых і доўгачаканых свят у кожнай сям’і. Чароўныя пераднавагоднія дні напоўнены асаблівай аўрай, калі мы ў думках вяртаемся ў дзяцінства, верым у мары і ўскладаем вялікія надзеі на наступны год.
Першае, што абмяркоўваецца пры падрыхтоўцы навагодняга меню, — гэта салаты. Лёгкія ці сытныя, традыцыйныя ці экзатычныя, але абавязкова яркія і смачныя, бо менавіта яны робяць стол навагоднім. Салат “Калядны вянок” стане сапраўднай казачнай знаходкай вашага стала. Спалучэнне чырвонай рыбы і памідораў не толькі дае прыгожы насычаный колер, але і робіць страву смачнай і сытнай. Калі ўпрыгожыць салат па-навагодняму (як прапаную гэта я), то страва выдатна заменіць аліўе і ўпрыгожыць стол. Упэўнены: вашы госці будуць у захапленні ад такога пачастунку!
Нам спатрэбіцца:
• 200 г слабасалёнай рыбы;
• 5 бульбін;
• 2 памідоры;
• 150 г кансерваванага гарошку;
• 150 г кансерваванай кукурузы;
• 1 морква;
• пучок зялёнай цыбулі;
• пятрушка;
• 100 г смятаны;
• гарчыца;
• соль.
Для ўпрыгожвання:
• 100 г слабасалёнай рыбы;
• памідоры чэры;
• маянэз;
• кроп;
• пятрушка.
Усе інгрэдыенты наразаем кубікамі: слабасалёную рыбу (гэта можа быць сёмга, фарэль, гарбуша ці любая іншая), бульбу (адварваем яе напярэдадні ў мундзірах). У памідораў выразаем сярэдзіну, каб пазбавіцца насення і вадкасці (для таго каб салат не стаў вадкім і не пацёк) і таксама наразаем. Здрабняем зялёную цыбулю.
Для гатавання заправы ў смятану дабаўляем крыху гарчыцы. Бяром яе зусім мала, каб унесці ў салат лёгкую вострую нотку. Заправу абавязкова пакаштуйце, магчыма, вам захочацца дабавіць яшчэ крыху гарчыцы. Адразу саліць не трэба, бо рыба можа быць салёнай (дасаліць лепш ужо гатовы салат).
Усе падрыхтаваныя інгрэдыенты складваем у міску, запраўляем смятанай з гарчыцай і перамешваем. Каштуем і пры неабходнасці крыху солім.
А зараз самы адказны момант: трэба вылажыць салат у выглядзе каляднага вянка. Для гэтага выкарыстоўваем борцікі ад раздымнай формы для тартоў дыяметрам 23—24 см, а ў сярэдзіну ставім паўтаралітровы слоік.
Частку заправы змяшчаем у невялікі кандытарскі мяшок і робім палоскі зверху. Упрыгожым салат галінкамі кропу, памідорамі чэры і кавалачкамі рыбы, збоку можна ўпрыгожыць пятрушкай.
На памідорах маянэзам можна зрабіць кропелькі або малюнак, каб яны сталі падобныя на навагоднія цацкі. Таксама можна на кавалачкі рыбы пасыпаць насенне белага або чорнага кунжуту.
Каб салат стаў яшчэ смачнейшым, на некалькі гадзін трэба паставіць яго ў халадзільнік.
Смачна есці!
Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.