Саts & dogs…

Саts & dogs. Саts & dogs. Саts & dogs…
Чамусьці менавіта гэта найперш памятаецца з вучобы ў першай у сталіцы спецыялізаванай англамоўнай школе № 65.

Для тых, хто не ў курсе: Саts & dogs — гэта ўстойлівы выраз у англічан. Яны кажуць “саts and dogs”, калі ў іх чарговы туман ці дождж. І тут ні пры чым каты ды сабакі.
Але ў нас свая, славянская, псіхіка, свае, славянскія, суадносіны са словамі, з людзьмі і жывёламі.
Старшакласнікі 65-й мінскай школы інтэрпрэтавалі гэты выраз па-свойму.
Я, васьмікласнік, пытаюся ў свайго сябра Жэні Сазонава: “Ты пойдзеш сёння гуляць у футбол?” А ён адказвае: “Саts & dogs”. Гэта значыць не. Жэнька сёння за нешта пакараны і сядзіць дома.
Я, васьмікласнік, пытаюся ў свайго сябра Вадзіма Дубойскага, ведаючы, што ён учора хадзіў у кіно з Юляй Жданеня: “Ты пацалаваўся з ёй?” А ён шчыра (хоць мог бы і схлусіць) адказвае: “Саts & dogs”. Гэта значыць не, чаму я бязмежна радуюся, бо і сам яшчэ з 6 класа хацеў пацалавацца з Юляй Жданеня.
Я, васьмікласнік, пытаюся ў Светы Гофман, ці цікава было сёння на ўроку беларускай літаратуры, які я прагуляў. А яна адказвае: “Саts & dogs”. Гэта значыць не. Толькі і былі каты ды сабакі…
Саts & dogs…
Гэтыя каты і сабакі былі для нас, тынэйджараў-беларусаў канца 80-х, большымі за іх, англійскіх.
Але нядаўна здарыўся-такі дзень, калі я сказаў сабе: “Саts & dogs? Yes!!!” І, хоць была непагода, хоць і шпацыравалі па вуліцы гэтыя англійскія саts & dogs, я пераступіў парог… першага ў нашай краіне Музея ката.
— З 2004 года я праводжу дабрачынны праект “Сакавіцкія каты”, — распавядае мастацтвазнаўца куратар праекта “Музей ката” Ала Нароўская. — І ідэя стварыць у Мінску Музей ката не новая. Але ў нас музей менавіта ката, а не кошкі. Гэта прынцыпова, таму што нават у міфалагічных слоўніках спачатку ідзе кот, а потым ужо кошкі. І ўсе нашы каты вельмі добрыя, ласкавыя, добразычлівыя, дазваляюць сябе гладзіць, песціць. А кошкі своеасаблівыя, з гонарам. Хаця кошкі таксама ў нас ёсць. На сённяшні дзень у нас тры каты і дзве кошкі: “дырэктар” музея кот Джымі (шатландскі аблавухі), яго “намеснік” Цімка (звычайны дварняк), Рыжман (не блытаць: не Рычманд, а менавіта Рыжман — “рыжы чалавек”), беленькая Зефірынка і шакаладная Мішэль. З дня на дзень чакаем яшчэ аднаго “супрацоўніка” — падобнага да егіпецкага сфінкса беларусіка Рысіка.
У кожнага ката (кошкі) тут свая гісторыя. Па-першае, усе яны кінуты сваімі ўчарашнімі гаспадарамі, усе сіроты. А па-другое, што звязана з першым, у кожнага сваё кацінае гора. Напрыклад, у Цімкі, які родам з Дзяржынска, была зламана лапка. Сёння Цімку ўстаўлена тытанавая пласцінка.
Ала Нароўская падкрэслівае, што Музей ката ў Мінску — гэта ў першую чаргу дабрачынны праект: “Мы зараз ствараем каталог бяздомных катоў і кошак, якіх кожны можна ўзяць сабе дадому. Тут, як вы бачыце, ёсць кошык, куды кожны можа пакласці корм для катоў, а мы потым прывязём яго ў прытулак для жывёл на Гурскага…”
Джымі і кампанія не будуць музейнымі статыстамі. У іх ужо сёння шмат планаў. “Дырэктар” Джымі не забываецца пра сябе. 15 кастрычніка ў яго дзень нараджэння, і ён збіраецца пагуляць на славу. Адбудзецца каціны канцэрт. Для дзяцей, якія завітаюць у музей, будзе накрыты салодкі стол. Апагей святкавання дня нараджэння Джымі выпадзе якраз на Хэлоўін, 30 кастрычніка, — ну не быў бы ён катом, сябрам Воланда… Але потым, пасля Хэлоўіна, будуць калядныя, сакавіцкія каты. У планах музейшчыкаў нават антычная фотасесія ў Рыме! (Вядома, што ў італьянскай сталіцы каты маюць асаблівы статус. Некалі яны выратавалі рымлян ад пацукоў. А цяпер нават бяздомныя хвастатыя там знаходзяцца на дзяржаўным балансе.)
Напрыканцы Ала Нароўская падагульняе:“Мы, безумоўна, бясконца любім іх, хвастатых, паласатых, касматых. Яны сапраўды мілыя. Але мы часам забываемся, што кожны кот — гэтазвер. Ён незалежны. І нам складана гэта зразумець. У міфах кот быў ахоўнікам у царстве мёртвых, і гэта невыпадкова. Вельмі часта Цімка і Зефірынка кладуцца на парозе. Мы ўсё думалі чаму. Можа, Цімка і Зефірынка хочуць збегчы? Не, яны не хочуць збегчы. Наадварот, так яны берагуць сваю абжытую прастору. І таму мы не павінны на іх ніколі крыўдзіцца, нават калі яны незнарок нас падрапаюць, укусяць. Гэта не з-за таго, што яны злыя. Гэта, мабыць, проста інстынкт самазахавання, імкненне аберагчы сваю абжытую прастору”.
У Музеі ката я меў магчымасць назіраць самыя разнастайныя мілыя сэрцу карцінкі: вось маладая мама са сваёй шасцігадовай дачкой фатаграфуюцца ля соннага Джымі, прычым незразумела, каму болей трэба сфатаграфавацца — маме ці дачцэ; вось каток засынае літаральна на вачах у маёй суразмоўніцы Алы Нароўскай, і яна… засынае таксама; вось нейкая дзяўчына вечарам у непагодную нядзелю прыходзіць — адна! — у Музей ката. Зрэшты, некаторыя з гэтых момантаў вы можаце бачыць тут, на фотаздымках.
Выйшаўшы з музея, я задумаўся, закурыў… І тут жа ўбачыў кульгавага сабачку, які адразу пачаў круціць перада мной хвастом. Прысеў ля яго, пагладзіў. Яго задняя лапа была ўшчэнт раструшчана, фактычна не было гэтай лапы, таму бедалага і кульгаў.
А што мне было яму сказаць? Толькі тое, што запомнілася са школы.
Саts & dogs. Саts & dogs. Саts & dogs…
Мне хацелася плакаць.
І я заплакаў.
І я не стрымліваў слёз.
І на вуліцы сапраўды былі яны — саts & dogs…
Ішоў дождж, я хацеў сказаць.

Мінскі Музей ката, дзе “гідамі” працуюць хвастатыя, а інтэр’ер упрыгожваюць палотны вядомых мастакоў з выявамі катоў, не адзін такі ў свеце. Сярод самых вядомых можна назваць “Каціны кабінет” (KattenKabinet) у Амстэрдаме, “Каціны дом” (Casa De Los Gatos) у Барселоне, Музей кошкі Сан-Францыска (Cats Museum of San Francisko), Kuching Cat Museum у Малайзіі, Garros Galeria ў Мексіцы, музеі катоў у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Трэба адзначыць асаблівую цеплыню, з якой ставіліся да катоў многія сусветна вядомыя дзеячы мастацтва: Пабла Пікасо, Сальвадор Далі і інш. Пікасо казаў: “Я не ведаю, што такое свет. А мой кот ведае. І я яму зайздрошчу”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.