“Школьные годы чудесные: с книгою, с дружбою, с песнею”

На асаблівым рахунку ў чалавецтва музычны талент. Кампазітары, музыканты-інструменталісты, спевакі ствараюць асаблівую эмацыянальную атмасферу, абуджаюць у нас лепшае, натхняюць ствараць, дапамагаць, падтрымліваць. У цяперашні час асабліва важнай справай для педагогаў і бацькоў становіцца разуменне асаблівасцей дзіцяці. Важна назіраць і адчуваць, у чым таленавітыя нашы дзеці. Заўважаючы здольнасці, важна іх развіваць, тым самым прыўносіць шчасце ў жыццё хлопчыкаў і дзяўчынак. Не толькі дзеці шчаслівыя, калі займаюцца тым, што ім даспадобы і да чаго яны здольныя, але і тыя людзі, якія садзейнічаюць гэтаму.

Ірына Іванаўна Раманоўская з такіх людзей. Вядомая спявачка, вучыць дзяцей вакалу. І не проста так, а па прызванні. Ірыне Іванаўне самой цікава працаваць з дзецьмі. “У мяне ўжо вопыт. Я ведаю, як паўплываць на дзіця, за які рычажок пацягнуць, каб развівалася, старалася, суцешылася”, — тлумачыць Ірына Раманоўская.

Папулярны кампазітар і спявак Леанід Агуцін сказаў, што працаваць з дзецьмі цяжка, што дзіця — гэта своеасаблівы “кот у мяшку”, невядома, што з яго ў вакальным сэнсе атрымаецца. Я пацікавілася ў Ірыны Іванаўны, ці так яна адчувае сябе, навучаючы спяванню. “Зусім не так! Я ўжо доўгі час працую з дзецьмі, і яны для мяне празрыстыя, — усміхаецца Ірына. — А калі хочаце ведаць, як я сябе адчуваю з дзецьмі, то гэтак жа радасна і ўпэўнена, як чалавек, які атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, вадзіцельскі вопыт і свабодны ў перамяшчэннях!”
Ірына Раманоўская 9 гадоў назад стварыла вакальную студыю “Мікс”, дзе і ўдасканальвае сваё педагагічнае майстэрства. За гэты час дзіцячы калектыў стаў узорным, прыцягнуў увагу столькіх дзяцей і бацькоў, што цяпер, акрамя народнага ансамбля, эстраднага ансамбля, салістаў вакальнай студыі “Мікс”, існуюць яшчэ і фольк-медыягрупа, і школа вакалу “Мікс”. Студыя мае свой родны дом. Гэта сярэдняя школа № 161 Мінска. У будынку школы для студыі ёсць памяшканне, неабходная апаратура, магчымасць якаснага гуказапісу. Канечне, Ірына Іванаўна не адна на музычна-педагагічным фронце. Дапамагаюць аднадумцы. Перш за ўсё дырэктар установы адукацыі Валерый Аляксандравіч Стружко. У студыі ёсць свой харэограф Аляксандра Сяргееўна Гайдук. Студыя “Мікс” супрацоўнічае з кампазітарамі, аранжыроўшчыкамі Уладзімірам Курловічам, Сяргеем Сухамліным, Русланам Платковым. Дарэчы, Руслан Сямёнавіч — тата таленавітага студыйца Вані. “Бацькоў, бабуль, дзядуляў разглядаю як сур’ёзных памочнікаў і натхняльнікаў, удзячную публіку, касцюмераў, цырульнікаў і візажыстаў, медсясцёр і псіхатэрапеўтаў, а таксама захавальнікаў партфоліа дзіцячых дасягненняў”, — упэўнівае Ірына Іванаўна.

Удзельнікі студыі, атрымліваючы такую падтрымку дарослых, вельмі паспяховыя. Салісты і ансамблі студыі, выступаючы на шматлікіх вакальных конкурсах, сабралі вельмі багаты ўраджай узнагарод. Шчыра кажучы, усе іх не пералічыць! Скажам толькі пра самыя свежыя і гучныя перамогі. Паліна Бурло заваявала гран-пры на Рэспубліканскім конкурсе вакальнай творчасці “Юныя таленты Беларусі” ў намінацыі “Народныя спевы”, яшчэ гран-пры на ІІІ Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе “ЛВянок” у той жа намінацыі. У равесніцы студыі дзевяцігадовай Дашы Толкач у арсенале дасягненняў гран-пры карпаратыўнага фестывалю “Факел” самадзейных творчых калектываў і выканаўцаў ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” (1-ы тур) у намінацыі “Народны вакал, сола”. Даша выйшла ў суперфінал, які адбудзецца ў Санкт-Пецярбургу, як лаўрэат І ступені ІІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Беларускія ўзоры” ў рамках праекта “Салют талентаў”. На Міжнародным фестывалі-конкурсе “Вясенні феерверк талентаў” у Віцебску Улада Філіповіч выйграла гран-пры адразу ў дзвюх намінацыях эстраднага і народнага вакалу. Насця Апейкіна таксама ўладальнік гран-пры. Яе зорны час адбыўся на І Міжнародным конкурсе-фестывалі мастацтваў “Музыкі святло”/ Light of music.
Ірына Іванаўна лічыць, што ўдзел у вакальных конкурсах стымулюе студыйцаў да больш актыўнай работы над сабой, што дзецям цікавы сам працэс і, канечне, вынік удзелу. “Ёсць у нашай студыі ўдзельніца, якая атрымала ўзнагароду спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэта Даша Сінюк”, — дапаўняе расказ пра дасягненні сваіх падапечных Ірына Раманоўская. Хочацца ўспомніць перамогу Валерыі Несмяян і Наталлі Кебікавай. У дуэце яны сталі лаўрэатамі I ступені на V Міжнародным форуме-конкурсе дзіцяча-юнацкай творчасці “STAR SHOW”, які ў красавіку праходзіў у Мінску.

Запрашэнне ад мастацкага кіраўніка прыехаць ва ўзорную вакальную студыю “Мікс” у госці я прыняла неадкладна і з задавальненнем. Бо парадны бок работы педагога я ўжо бачыла, пабываўшы на ашаламляльным справаздачным канцэрце “Мільён галасоў” 12 мая ў тэатры эстрады. Цікава было паглядзець на будні, пабываць на ўроках выхаванцаў студыі. Два ўрокі праляцелі імкліва. Першы для Акуліны Андрэевай пачаўся з распявання. Навучэнка з сур’ёзнымі дасягненнямі, вопытная вакалістка. Бо не проста так на Міжнародным конкурсе-фестывалі “Славянскія сустрэчы” становяцца лаўрэатамі, атрымліваюць дыплом І ступені (намінацыя “Эстрадны вакал”). Да практыкаванняў распявання Акуліна ставіцца сур’ёзна. Потым гучыць у яе выкананні песня “Белыя анёлы”. У мяне па целе пабеглі мурашкі, і я паведаміла пра гэта Ірыне Іванаўне і яе навучэнцы. Педагог усміхнулася: “Значыць, мы даносім думкі і пачуцці аўтара. Дарэчы, Акуліна навучылася браць дыяпазон гукаў у песні History repeating ад фа малой актавы да фа трэцяй актавы. І я разам з ёй”, — смяецца Ірына Раманоўская. — “Ведаеце, разам з дзецьмі і сам спрабуеш і асвойваеш тое, што раней не спрабаваў”.

У перапынку паміж заняткамі Ірына Іванаўна дзеліцца педагагічнымі знаходкамі: “У нас ёсць свае “гаджэты” для заняткаў!” Здзіўляюся арыгінальнасці, прастаце і сімпатычнасці прыдуманага кіраўніком студыі. Пачынаючым вакалістам трэба правільна і даволі шырока адкрываць рот. Для гэтага выкарыстоўваецца сіліконавая пальчатка ў выглядзе вясёлай жывёлы або яблык, надкусіўшы які бачыш, шырока адкрыўся роцік або яшчэ шырэй трэба пастарацца адкрыць. З дапамогай рознакаляровага пластмасавага клаксанчыка можна прадэманстраваць работу дыяфрагмы. Паставіць гук на апору вельмі важна. “Для развіцця правільнага пеўчага дыхання выкарыстоўваем паветраныя шары. Каб дабавіць усмешку ў песню дзіцяці, часам трэба надзець на яго маскарадныя акуляры-маску. Пластмасавы веер літар з набору першакласніка таксама спатрэбіцца на ўроку вакалу. Калі гук невыразны ў выканаўцы, то Ірына Іванаўна, не спыняючы спяванне, пакажа яму гэта, прадэманстраваўшы літару з веера. “У асноўным даводзіцца паказваць літару “р”, — працягвае педагог.

На наступны ўрок прыйшла Паліна Муравіцкая. Паліна рыхтуецца да канцэрта ў Маладзечне. Асаблівая ўвага песні “Ох, хадзіла дзяўчынка беражком”. Пасля выканання Ірына Іванаўна правярае: ці закончана песня ў той жа танальнасці, у якой пачата. Аказваецца, калі выкананне акапэльнае (без музычнага суправаджэння), то ўзровень выканаўца ацэньваецца па супадзенні танальнасцей у пачатку і канцы песні. Чаму гэты твор рыхтуюць з асаблівай стараннасцю? А таму, што пераможцы Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” будуць спяваць з зоркамі беларускай эстрады на адным з канцэртаў фестывалю ў Маладзечне. У гэтым канцэрце з песняй “Ох, хадзіла дзяўчынка беражком” выступіць Паліна Муравіцкая як лаўрэат конкурсу, уладальнік дыплома І ступені і Ірына Іванаўна Раманоўская — зорка беларускай эстрады.

Пасля заняткаў Паліны прыйшлі іншыя студыйцы рэпеціраваць песню “Школьныя гады”. Іх запрасіў спяваць яе на тэлебачанні канал СТБ. У праграме “Студыя добрага настрою” 30 мая можна ўбачыць і пачуць студыйцаў. Цікава было прысутнічаць і на рэпетыцыі, і на запісе песні. У памяшканні гуказапісной студыі працавалі Ірына Раманоўская і Руслан Платкоў. Сын Руслана Сямёнавіча Ваня (лаўрэат III ступені Міжнароднага конкурсу-фестывалю “Скрыжаванні”) пачынаў выкананне: “В ясный погожий сентябрьский денек робко вступал я под светлые своды”, — самая юная ўдзельніца вакальнай групы Яна Бельская працягвала — “Первый учебник и первый урок — так начинаются школьные годы”.

Творчае жыццё ў студыйцаў насычанае. Толькі ў маі яны ўдзельнічалі ў двух справаздачных канцэртах, выступілі ў канцэрце ў Жыровіцкім манастыры, перамагалі на вакальным конкурсе ў Лідзе (Паліна Бурло, Улада Філіповіч, Паліна Муравіцкая, Даша Каваленка, Насця Апейкіна, Даша Толкач, Наташа Кебікава, Маша Рымша), выступалі на тэлебачанні, на тэрыторыі музея пад адкрытым небам “Азярцо”, на школьнай урачыстай лінейцы “Апошні званок”.

Я спытала ў выхаванцаў студыі, хто іх галоўны вакальны кумір? Не цяжка здагадацца, што яны назвалі Ірыну Іванаўну. Яшчэ, дарагія чытачы, дзеці цікавіліся: “Ці прачытаюць артыкул пра Ірыну Іванаўну і пра нас настаўнікі нашай школы?” Я іх упэўніла, што прачытаюць абавязкова. Дарагія педагогі, не падвядзіце. Усе разам пажадаем Ірыне Іванаўне Раманоўскай натхнення, каб школьныя гады для яе выхаванцаў з узорнай вакальнай студыі “Мікс” прайшлі ў сяброўстве адно з адным і, канечне ж, з песняй.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.