Шыкоўная ВЕЙГЕЛА

У пазамінулым годзе я набыла танюсенькі парастак вельмі прыгожага хмызняку — вейгелы. Пасадзіла яго ў нашу беднаватую зямлю без асаблівых намаганняў, абгарадзіла калочкамі, паліла. Было гэта познім маем. Увесь сезон ніякіх спроб падрасці альбо хаця б выпусціць пару лісцікаў гадаванец і не зрабіў. Але і не прапаў. Перад зімой добра акучыла торфам. Зіма 2011— 2012 гадоў была зменлівай, адлігі змяняліся снегападамі. Але парастак выжыў і нават падрос на некалькі сантыметраў. Я радавалася і гэтаму. Некалькі разоў за сезон падкарміла яго “Аксідатам торфу”, але кветак не было. Добра выйшаў хмызняк і з мінулай зімы, якая была неймаверна доўгая, але пад тоўстым снежным покрывам добра захаваліся і хмызнякі, і шматгадовыя кветкі. Сёлета вейгела парадавала трыма кветачкамі ружовага колеру, якія цвілі ў чэрвені. Пасля размовы з вопытным кветкаводам даведалася, што зусім маленькі пасадачны матэрыял будзе набіраць сілу некалькі гадоў, і ўжо тое добра, што ён не прапаў.

Аўвогуле квітнеючую вейгелу я бачыла некалькі разоў. Сапраўды, хмызняк вельмі прыгожы. Цудоўна спалучаецца з раннімі ліловымі касачамі, прымуламі, познімі нарцысамі.
Радзіма вейгел — Далёкі Усход, Кітай, Японія, Карэя. А назву сваю расліна атрымала ў гонар нямецкага вучонага Вейгела, які прывёз дзіўную кветку на тэрыторыю Усходняй Еўропы.
На тэрыторыі Далёкага Усходу ў прыродзе сустракаецца тры віды вейгел — ранняя, прыемная і Мідэндорфа.
Вейгела ранняя — разгалінаваны хмызняк вышынёй 1,5-2 метры. Кветкі ружовыя з ліловым адценнем.
Вейгела Мідэндорфа — кампактная расліна, якая дасягае 1-1,5 м у вышыню. Кветкі жоўтыя, з аранжавымі штрыхамі ў зеве. Гэты від асабліва цікавы тым, што ў яго два перыяды цвіцення: першае — у канцы мая — пачатку чэрвеня, другое — з пачатку верасня і да замаразкаў.
Вейгела прыемная (хутчэй за ўсё ў мяне менавіта гэты від) — хмызняк вышынёй 1-1,3 м. Кветкі цёмна-ружовыя звонку і пяшчотна-ружовыя ўнутры, лісце зялёнае, авальнае. Цвіце ў канцы мая — пачатку чэрвеня.
Як і большасць хмызнякоў, вейгелы любяць сонечнае месца і пажыўную глебу. Магчыма, з-за пуставатай глебы наш гадаванец марудна расце.
Калі вейгела дасягне свайго звычайнага памеру, перад зімоўкай галінкі неабходна звязаць у пучок і прымацаваць да зямлі. У такім выглядзе расліны перанясуць нават суровую зіму.
Калі вы высаджваеце хмызняк сярэдняга памеру, у пасадачнай яме павінны свабодна памясціцца карэнне і некаторая колькасць пажыўнага грунту. Калі глеба вельмі цяжкая, трэба дабавіць пяску і торфу, калі пясчаная — перагною і гліны.
Вясной, калі пачне распускацца лісце, трэба выдаліць сухія і абмерзлыя парасткі. Старыя галінкі абразаюць кожныя два гады адразу пасля заканчэння цвіцення. Калі зіма была снежнай, то вясной раслінам хопіць вільгаці, якая захавалася ў глебе. Пасля маласнежнай зімы расліну трэба добра паліваць.
Ёсць яшчэ некалькі сартоў вейгел — квітнеючая, пярэсталісцевая, буйнакветкавая, карлікавая. Але яны вырошчваюцца ў асноўным у аранжарэях. А ў адкрытым грунце патрабуюць вельмі стараннага ўкрыцця. І тое не факт, што яны перажывуць зіму. У той жа час можна зрабіць спробу вырошчвання і такіх рэдкіх відаў.
Размнажаюцца вейгелы насеннем альбо чаранкамі. Насенне высяваецца вясной у скрыні, звычайна ўсходы бываюць вельмі дружнымі. Першую пікіроўку робяць у фазе двух лісткоў і пасля гэтага пакідаюць іх у цяпліцах. У адкрыты грунт высаджваюць у канцы чэрвеня. Догляд заключаецца ў зацямненні ад сонечных промняў, паліве і праполцы. Высаджваюць на пастаяннае месца толькі вясной трэцяга года.
Пры размнажэнні чаранкамі іх наразаюць у чэрвені. Для гэтага падыходзяць зялёныя парасткі, толькі крыху адзеравянелыя. Чаранок складаецца з аднаго міжвузелля з дзвюма парамі лісця. Лісцевыя пласціны абразаюць напалову альбо на трэць.
Чаранкі некалькі гадзін трымаюць у вадзе і потым высаджваюць у парнік. Можна апрацаваць іх стымулятарамі росту. Два разы ў дзень чаранкі паліваюць.
На наступны год расліны высаджваюць на пастаяннае месца.

Ала ШАЎЦОВА.