Творчыя прадукты — вынікі любімай справы Вольгі Мікалаеўны Паповай, выхавальніцы дзіцячага сада № 104 Мінска, спадабаюцца людзям любога ўзросту, якія любяць салодкае, арыгінальнае і прыгожае. Вольга Мікалаеўна не прафесійны кандытар. Выпяканне і афармленне тартоў — яе справа па душы. Ужо два гады наша госця з задавальненнем выпякае тарты, радуючы сваю сям’ю і сяброў.
Пачалося ўсё з дзяцінства, якое прыйшлося на 90-я гады. Мы памятаем, што яны былі няпростымі: то аднаго не хапала, то другога. Вось і мама Олі, Алена Фёдараўна, старалася радаваць сваіх дачок — Вольгу і Марыну — дамашняй выпечкай. Навучылася выпякаць Алена Фёдараўна ў сваёй маці — Галіны Міхайлаўны. “Думаю, што і навучанне ў педагагічным каледжы рознай творчай дзейнасці — таксама крыніца сённяшняга майго захаплення. Хачу ўспомніць сваіх любімых выкладчыкаў, якія заўсёды хварэлі за нашы поспехі, — гэта Таццяна Паўлаўна Рагожкіна і Аксана Пятроўна Субоціна”.
З’яўленне новых матэрыялаў для ўпрыгажэння тартоў натхніла Вольгу зрабіць свой першы незвычайны салодкі твор мастацтва на ўласны дзень нараджэння, потым на дзень нараджэння сына Ільі (герой мультфільма Губка Боб, аўтамабіль Маланка Маквін). На Новы год спякла торт-ёлку, пляменніку Марату на дзень нараджэння зрабіла торт у выглядзе карабля. Вось і захапілася сур’ёзна.
— Якія ідэі для ўпрыгажэння вамі ўжо выкарыстоўваліся і спадабаліся іншым?
— Сястры пякла торт-сумку, брату Жэню — торт-бочку з ікрой, маці — велізарны торт на чатыры кілаграмы з кветкамі і матылькамі, свекрыві Таісіі Пятроўне — рамонкавую палянку. Цяпер мае калегі часта просяць зрабіць торт для іх унукаў, дзяцей на асаблівыя святы. Нядаўна спякла торт для Алісы — унучкі калегі — у выглядзе лялькі. Малая была ў захапленні і расказала потым, што ўсе яе сяброўкі таксама захацелі на свой дзень нараджэння менавіта такі торт-ляльку.
— Дамашнія падтрымліваюць ваша захапленне?
— Сын Ільюша ганарыцца мной. Усім расказвае, якія цудоўныя тарты можа прыдумаць і зрабіць яго мама. Ілья са мной таксама чаруе на кухні. Іншы раз увесь у муку перапэцкаецца, але ўсё роўна з радасцю дапамагае. Разам з мужам Дзмітрыем шукаем усё неабходнае для ўпрыгажэння тартоў. Іншы раз вельмі нялёгка знайсці харчовы фарбавальнік пэўнага колеру. Так, з цяжкасцю знайшлі чырвоны фарбавальнік для любімай маркі аўтамабіля Ільі. У выглядзе гэтага аўтамабіля вырабляўся чарговы торт на яго дзень нараджэння. Дзмітрый дапамагае і кухню прыбраць пасля творчага працэсу. Дарэчы, мая цётка Наталля Фёдараўна — кухар — таксама цікавіцца маёй творчасцю. Ёй цікава, які новы торт я задумала і з якіх інгрэдыентаў збіраюся яго пячы.
— Раскажыце, як ствараецца торт?
— Раблю ўсё сама ад пачатку да канца. Гэта значыць, прыдумваю вобраз торта, пяку каржы, раблю начынкі, праслойкі, упрыгожваю. На выраб задуманага траціцца не менш за 4 гадзіны. Аддаю перавагу рэцэптам каржоў, вядомых з дзяцінства, з выкарыстаннем мёду.
— Можаце падзяліцца з намі адным з іх?
— Падзялюся.
Сметанковае масла (200 г) растапіць павольна на вадзяной лазні. Туды ж дадаць 3 сталовыя лыжкі мёду, 1 сталовую лыжку цукру. Потым асобна ўзбіць 6 яек з ванілінам на смак. Узбітае дадаць у растопленую масу разам з 3 шклянкамі мукі. Вымесіць цеста, раскачаць. Выпякаем, астуджаем, прапітваем. Мая любімая прапітка каржоў: палова літра смятаны, шклянка цукру, ванілін. Усё гэта неабходна ўзбіць. Прапітваецца торт некалькі гадзін.
Апошні любімы рэцэпт — пірожнае “Цірамісу”. Бяру пячэнне “Саваярдзі” (“дамскія пальчыкі”), прапітваю кавай і каньяком. Потым узбіваю бялкі ў густую пену і дадаю сыр маскарпонэ. Трэба праслойваць пячэнне атрыманай сумессю. Сяброўкі мае былі ў захапленні ад такога пачастунку і нават узялі пячэнне з сабой, каб пачаставаць дамашніх.
Дарагія чытачы, спадзяюся, рэцэпты і прыклад Вольгі заахвоцілі вас у самыя бліжэйшыя выхадныя спячы што-небудзь смачнае і прыгожае на радасць сабе і сваім блізкім. Вользе Мікалаеўне пажадаем новых вяршынь у стварэнні тартоў і павіншуем яе з днём нараджэння, які будзе заўтра.
Святлана РАДЗЬКОВА.