“Сонечны” вітамін

Усе бацькі добра ведаюць, што нашаму арганізму неабходны вітамін D. Усе чыталі ці чулі пра такое захворванне, як рахіт, але не ўсе ведаюць, што дэфіцыт вітаміну D — гэта пагроза для здароўя не толькі дзяцей, але і дарослых. Статыстыка гаворыць, што каля 65% насельніцтва ўсяго свету мае недахоп гэтага вітаміну. Нават у краінах з высокім узроўнем жыцця і на Поўдні, дзе многа сонечных дзён у годзе, сустракаюцца пацыенты, якія маюць праблемы са здароўем, звязаныя з дэфіцытам вітаміну D.

Вітамін D — гэта не проста тлушчарастваральны вітамін, гэта група вітамінаў ці хімічных злучэнняў, якія адыгрываюць важную ролю ў арганізме чалавека і якія ў асноўным мы атрымліваем з ежай (эргакальцыферол) і ўльтрафіялетавымі (сонечнымі) прамянямі, якія трапляюць на скуру (холекальцыферол). Дэфіцыт вітаміну D суправаджаецца парушэннем фосфарна-кальцыевага абмену пры засваенні з ежы такіх важных элементаў, як кальцый і фосфар, што прыводзіць да парушэння ўтварэння, правільнага росту і мінералізацыі касцей у дзяцей першых гадоў жыцця. А паколькі галоўнае адрозненне дзіцячага арганізма ад дарослага — гэта тое, што дзеці хутка растуць, пры недахопе вітаміну D у іх парушаецца развіццё касцявых тканак, што і прыводзіць да захворвання на рахіт.

Рахіт часцей за ўсё сустракаецца сярод дзяцей ва ўзросце 2—3 гадоў, якія растуць у дрэнных умовах, але можа развіцца і ў малышоў з 3 да 18 месяцаў, пераведзеных на штучнае выкормліванне, у тых, хто жыве ў вялікіх прамысловых гарадах, у неданошаных грудных дзяцей. Першыя праявы рахіту могуць адзначацца ўжо на 2 месяцы жыцця, а ў неданошаных — яшчэ раней. Адзначаюцца парушэнне сну, неспакой, павышаная патлівасць (асабліва ў час сну ці яды).

Пры далейшым прагрэсіраванні захворвання ўзнікаюць змены ў касцявой сістэме (мяккасць краёў вялікага цемечка, павышаная падатлівасць і дэфармацыя касцей чэрапа, дэфармацыя грудной клеткі, канечнасцей і інш.), а таксама назіраецца позняе прарэзванне зубоў, дэфекты зубной эмалі, дэфармацыя зубоў, рана развіваецца карыес. Характэрнай прыметай таксама з’яўляецца мышачная гіпатанія: “жабін” жывот, бязладнасць звязак і суставаў, запоры, позняе станаўленне статыстычных і маторных функцый. Дзеці пачынаюць пазней сядзець, стаяць, хадзіць, горбяцца, парушаецца імунная сістэма арганізма, што прыводзіць да частых інфекцыйных захворванняў.

Важную ролю адыгрывае вітамін D для функцыянавання шчытападобнай залозы, унутраных органаў, скуры. Дзіцячы рахіт можа спрыяць развіццю астэапарозу ў старэйшым узросце.

У дарослых недахоп вітаміну D выклікае такія захворванні, як астэапароз, артрыт, астма, расстройствы нервовай сістэмы, хваробы сасудзістай сістэмы, дыябет, рак грудзей і некаторыя скурныя захворванні, у пажылых людзей — частыя пераломы. Даведацца пра свой узровень вітаміну D у арганізме можна, здаўшы адпаведны аналіз.

Многія бацькі пачынаюць прафілактычныя мерапрыемствы па ўжыванні вітаміну D яшчэ да нараджэння дзіцяці. Яны не складаныя, але часам уключаюць у сябе змяненне ладу жыцця будучай мамы — гэта рацыянальнае харчаванне, правільны рэжым дня і адпачынку цяжарнай жанчыны, дастатковае знаходжанне на свежым паветры, прыём вітамінаў і мікраэлементаў, выключэнне шкодных звычак. Пасля нараджэння дзіцяці ўрач-педыятр абавязкова ўдзеліць увагу прафілактыцы дэфіцыту вітаміну D, дапаможа маладым бацькам сфарміраваць рэжым дня і рэжым харчавання малыша, медыцынская сястра навучыць прыёмам масажу, гімнастыкі, загартоўвання. Дзеці, якія знаходзяцца ў групе рызыкі па развіцці рахіту (неданошаныя, з захворваннямі цэнтральнай нервовай сістэмы, страўнікава-кішачнага тракту, печані, нырак і інш.), павінны атрымліваць больш высокую дозу вітаміну D, якую дапаможа падабраць урач.

Рахіт, як і любое іншае захворванне, прасцей прадухіліць, чым лячыць, таму вельмі важна, каб харчаванне было правільным. Рацыён дзіцяці павінен быць разнастайным, у яго неабходна ўключаць прадукты, якія змяшчаюць вітамін D: сметанковае масла, сыр, малако і малочныя прадукты, гавяджая печань, яйкі, тлустыя гатункі рыбы, морапрадукты, рыбін тлушч і, канечне, агародніна і садавіна. Запас вітаміну D можна сфарміраваць і ў выніку знаходжання на сонцы, аднак у нашым рэгіёне такая магчымасць з’яўляецца толькі ў летнія месяцы. Пры неабходнасці, але толькі пасля кансультацыі ўрача-педыятра, можна даваць дзецям вітамін D у капсулах рыбінага тлушчу.

Галоўнае, не забывайце пра здаровы лад жыцця, больш гуляйце з малышом на свежым паветры — сонечныя ванны ўмацоўваюць імунітэт і спрыяюць выпрацоўцы вітаміну D. Водныя працэдуры, паветраныя ванны — гэтыя спосабы загартоўвання дапамогуць дзіцяці ста ць моцн ым і здаровым. Вельмі добра, калі загартоўваннем займаецца ўся сям’я, бо бацькі для дзяцей заўсёды з’яўляюцца аўтарытэтам і прыкладам для пераймання!

Надзея НЕСЦЕРАВА,
фельчар-валеолаг 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.