Супраціўленне не марнае

Рак малочнай залозы найбольш распаўсюджаны від раку ў жыхарак развітых краін свету. Але разам з тым гэта самы вывучаныі і самы вылечны від гэтай хваробы. Думаецца, усе ведаюць, што з гэтым анкалагічным захворваннем на ранніх стадыях можна паспяхова змагацца. Галоўнае, зразумела, — не прапусціць яго раннія стадыі. Па большай частцы такое папяраджэнне тычыцца, канечне, жанчын, хаця на гэты від раку хварэюць і мужчыны.

Так, па словах урача-мамолага-анколага вышэйшай катэгорыі Валерыя Васільевіча Майсеенкі, у 2014 годзе ў Беларусі на рак малочнай залозы хварэлі 40 тысяч жанчын і 40 мужчын. У нашай краіне хвароба стаіць на першым месцы сярод анкапатологій у жанчын апошнія 20 гадоў. Як выявіць гэтага каварнага ворага, які можа доўгі час ніяк не праяўляць сябе, на пачатковай стадыі? Галоўная парада — пастаянная ўвага да свайго арганізма, УГ-абследаванні, абследаванні з дапамогай мамографаў і, зразумела, банальныя, але такія важныя візіты да гінеколага (пасля 40 гадоў 2 разы ў год) і да мамолага — у больш маладым узросце, калі няма скаргаў, можна рабіць гэта крыху радзей.
Усе жанчыны, безумоўна, ведаюць пра гэта, але далёка не ўсе займаюцца такой прафілактыкай. Дарэмна, бо іншага больш простага шляху своечасова выявіць рак малочнай залозы няма. І вельмі спадзявацца на самаабследаванне, лічыць В.В.Майсеенка, усё ж не варта, бо выявіць рак такім спосабам на ранняй стадыі не атрымаецца. Хаця, магчыма, гэта дапаможа выявіць нейкія іншыя праблемы. У любым выпадку самаабследаванне не адмяняе візіту да ўрача. І, канечне, важная прафілактыка.
Сярод унутраных і знешніх фактараў рызыкі спецыялісты вылучаюць узрост — у жанчын да 39 гадоў рак малочнай залозы здараецца ў адным з 229-ці выпадкаў, ад 40 да 50 гадоў — у адным з 24-х, у 60—79 гадоў хвароба ўзнікае у адной з 13 жанчын, ранні пачатак месячных і позні клімакс (11—12 гадоў і пасля 50-ці), парушэнне дзетароднай функцыі, бясплоднасць, першыя роды пасля 35-ці гадоў, наяўнасць гінекалагічных і эндакрынных захворванняў, аперацыі на ўнутраных палавых органах, некаторыя іншыя прычыны.
Таксама ўрачы засцерагаюць ад прыёму гарманальных прэпаратаў без назначэння спецыялістам. “Неабходна адэкватная ацэнка карысці і рызык таго або іншага процізачаткавага прэпарату і пастаянны кантроль, — папярэджвае ўрач-гінеколаг вышэйшай катэгорыі Тамара Баляславаўна Шадзько. — Што тычыцца замяшчальнай гарманальнай тэрапіі ў постменапаўзу, то яна робіцца яшчэ па больш строгіх, узважаных абгрунтаваннях рызыкі і карысці прыёму прэпаратаў, а не так, што жанчына прыйшла да ўрача і кажа: “У нас на рабоце ўсе прымаюць гэтыя таблеткі — назначце іх і мне”.
Мае месца і фактар спадчыннасці. Так, калі ў жанчыны на рак малочнай залозы хварэлі блізкія — маці або родная сястра, то рызыка для такой жанчыны павышаецца ў восем разоў. Але, як падкрэслівае Валерый Майсеенка, спадчыннасць не прысуд, а прычына да большай увагі да свайго здароўя.
Наяўнасць мутацыі ў пэўных генах (вызначаецца па аналізе крыві на гэтыя гены) азначае, што чалавек мае схільнасці да раку малочнай залозы. Сама па сабе мутацыя не дазваляе гаварыць аб наяўнасці раку, гэта ўсяго толькі сведчыць аб павышанай верагоднасці яго развіцця. Толькі ў 5—10% жанчын, хворых на рак малочнай залозы, сустракаюцца такія мутацыі. У тых жа, у каго мутацыі выяўлены, рызыка захварэць на працягу жыцця складае ад 18 да 88%. Разбежка, як бачыце, вельмі вялікая.
Акрамя таго, як расказаў анколаг-мамолаг, гены могуць муціраваць з-за павышаный рызыкі іншых відаў раку. Дык ці ёсць сэнс выдаляць малочныя залозы і яечнікі, як гэта зрабіла Анджаліна Джалі? Ва ўсялякім разе, неабходны вельмі акуратны падыход да гэтага пытання.
Вакцыны ж супраць раку пакуль няма. Як кажа спецыяліст, зараз увесь свет б’ецца над вырашэннем гэтай праблемы, а галоўнай зброяй застаюцца прафілактыка і ранняя дыягностыка.

Марына ХІДДЖАЗ.