Менавіта так слова “гартэнзія” перакладаецца з латыні. Гартэнзія — шматгадовы паўхмызняк з цёмна-зялёным лісцем. Суквецце — парасонік, складаецца з кветак, у якіх замест пялёсткаў густыя чашалісцікі. Ёсць гатункі з белымі, блакітнымі, ружовымі, бэзавымі і чырвонымі чашалісцікамі. Цвіце і ў пакоі, і ў адкрытым грунце з красавіка па лістапад.
Пасадка
Высаджваюць садовую гартэнзію ў грунт восенню ці вясной на адлегласці не менш за 1 м адна ад адной, пры пасадцы нельга заглыбляць каранёвую шыйку. Для маладых раслін капаюць ямы памерам 30х30х30.
Каранёвая сістэма гартэнзіі разгалінаваная, але не глыбокая. У кожную пасадачную яму неабходна ўнесці па 3—4 літры торфу і перагною. Перад высадкай крыху ўкараціць карані.
Калі вы садзіце гартэнзію вясной, то абавязкова падразайце на ёй усе аднагадовыя парасткі, пакідаючы на кожным з іх па 3—4 пупышкі. Пасаджаны куст трэба адразу ж добра паліць, пасля чаго мульчыраваць глебу пад раслінай слоем торфу ў 2—3 см.
Гартэнзію звычайна саджаюць на зацененых садовых участках — у такіх умовах расліна будзе хутка развівацца і багата цвісці.
Гартэнзія любіць рыхлую садовую глебу, якая мае выдатную пранікальнасць паветра, што забяспечвае добрае дыханне каранёвай сістэмы. Пры пасадцы неабходна асаблівую ўвагу ўдзяліць грунту. Гартэнзія добра расце на слабакіслых і кіслых пажыўных і ўгноеных глебах, якія трэба сістэматычна рыхліць.
У зямлю, куды вы хочаце пасадзіць гартэнзію, неабходна дабавіць кампост, які добра перагніў, лісцевую зямлю ці тарфяное ўдабрэнне. Акрамя таго, заўсёды варта ўносіць у глебу буйназярністы пясок у невялікай колькасці.
Каб куст добра разросся, укрывайце глебу вакол расліны любымі матэрыяламі, якія рэгулююць водны і паветраны рэжым верхніх слаёў грунту. Гэта можа быць кампост, торф, хвоя, апалае лісце, салома, керамзіт, шалупінне грэчкі ці рысу, мешкавіна, скошаная трава, пілавінне, палімерная плёнка, папера.
Догляд
Расліна любіць вільгаць, таму летам яе трэба добра паліваць, зімой — ад зін раз у 1,5 месяца (у тым выпадку, калі гартэнзія расце ў пакоі). Падкормку праводзіць поўным мінеральным удабрэннем 2—3 разы ў месяц. У пачатку чэрвеня неабходна ўнесці першую падкормку. Для падкормкі выкарыстоўваюць гнаявую жыжку, разведзеную ў прапорцыях 1:10. Акрамя гэтага, выкарыстоўваюць і мінеральныя ўдабрэнні. Для прыгатавання раствору ў 10 літрах вады разводзяць па 10 г мачавіны і сульфату калію і 20 г суперфасфату.
Другую падкормку ўносяць праз 15—20 дзён пасля першай аналагічнымі ўдабрэннямі. Падкормка абавязкова патрэбна для добрага цвіцення ў бягучым годзе і для закладкі кветкавых пупышак на наступны.
У фазе бутанізацыі расліны падкормліваюць, уносячы на 1 кв.м. 60—70 г суперфасфату і 40 г сульфату калію.
Удабрэнне сумяшчаюць з палівам. Пасля кожнага паліву і рыхлення рэкамендуецца мульчыраваць глебу тонкім слоем сухога пілавіння ці перагною. Каб павялічыць трываласць парасткаў гартэнзіі, адзін раз у месяц можна паліць яе слабым растворам марганцоўкі.
Афарбоўку кветак гартэнзіі лёгка змяніць, калі перад цвіценнем паліць яе алюмініевым галыном з разліку 5 г на 1 літр вады. Тады белыя чашалісцікі гартэнзіі афарбуюцца ў блакітны колер, а ружовыя — у бэзавы. Пры ўнясенні ў субстрат солей жалеза расліна будзе мець сінія чашалісцікі. Адна мая знаёмая на дачы трымае бочку з вадой, у якую кідае розныя непатрэбныя жалезныя прадметы: старыя цвікі, гайкі, балты, зламаныя рыдлёўкі, штампоўку ад плота і інш. Жалеза ржавее ў вадзе, і гэтай вадой яна палівае гартэнзію, каб яна афарбоўвалася ў сіні колер.
Восенню парасткі, якія адцвілі, неабходна падрэзаць на 1/2 іх даўжыні. У канцы лютага — пачатку сакавіка расліну выносяць у светлае цёплае памяшканне і пачынаюць рэгулярна паліваць.
Размнажэнне
Размнажаюць гартэнзію вясной чаранкамі, якія нарыхтоўваюць з каранёвых парасткаў. Можна размнажаць і дзяленнем куста.
Чаранкі гартэнзіі змяшчаюць у скрынку ці міску з сумессю торфу і буйназярністага пяску. Іх можна накрыць шкляным слоікам, але нельга моцна заліваць глебу, бо гэта можа выклікаць загніванне каранёў. Укараненне доўжыцца каля 3 тыдняў, пасля чаго расліну высаджваюць на пастаяннае месца.
Абрэзка
Догляд садовай гартэнзіі — гэта абрэзка і фарміраванне куста. Першапачатковай абрэзкай фарміруюць раўнамерна размешчаныя моцныя парасткі. Без абрэзкі кусты моцна загусцеюць і страцяць сваю дэкаратыўную прывабнасць. Абразаюць парасткі ранняй вясной, калі пупышкі толькі пачынаюць набухаць і ёсць магчымасць убачыць канкрэтнае размяшчэнне свежых парасткаў.
На другі год пасля пасадкі гартэнзіі трэба зрэзаць прыросты мінулага года, пакінуўшы некалькі самых моцных з добра развітымі пупышкамі. Больш слабыя парасткі цалкам выразаюць, каб кветкі былі буйнейшыя.
Састарэлыя кусты гартэнзіі амалоджваюць, моцна абразаючы, пакідаючы толькі пянькі вышынёй 0,5—0,6 м. Цвісці такія кусты змогуць толькі на наступны год, таму што на парастках бягучага года закладваюцца кветкі для цвіцення ў наступным годзе.
Прычын, па якіх гартэнзія не радуе нас сваім цвіценнем, можа быць некалькі:
1. Недастатковае развіццё каранёвай сістэмы ў маладых раслін. Часам бывае, што вы набываеце расліну, якая ўжо цвіце, але яна можа быць аслабленай з-за дачаснай стымуляцыі цвіцення, таму кветкі могуць знікнуць максімум на 2 гады ці будуць вельмі слабыя.
2. Парушэнне правіл абрэзкі. Кветкі гартэнзіі ўтвараюцца ў верхняй частцы леташніх парасткаў. Калі гэтая частка сістэматычна абразаецца з-за элементарнага няведання ці падмярзае, то кветкі знікаюць на некалькі гадоў.
3. Пашкоджанне пупышак. Ранняй вясной, калі адбываецца закладка пупышак, падчас замаразкаў яны могуць падмерзнуць, пасля чаго расліна не зацвітае.
Пры няправільным рэжыме паліву і парушэнні ўмоў догляду садовая гартэнзія можа захварэць, таму важна выконваць правілы догляду, каб расліна доўга радавала вас прыгожымі кветкамі.
А ў нашай школе гартэнзія расце і цвіце нават сярод камянёў, у камяністым садзе!
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог
дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.