Тысячы абрэзкаў тканін, розных па колеры, фактуры і памеры. Цяжка ўявіць, як яны захоўваюцца. Магчыма, складваюцца ў каробкі ці ляжаць стосамі на паліцах? Як знайсці неабходны? Як іх скласці ў прывабную карціну, якая затым можа, напрыклад, ператварыцца ў вясёлую коўдру ці плед?
Такія думкі не раз узнікалі летам, калі на лецішчы брала такі вясёлы плед, каб пасядзець на ім пад яблыняй. Нават спрабавала палічыць гэтыя рознакаляровыя лапікі і ўявіць, з чаго пачынала майстрыха, з якога боку і вугла? Тым часам у вачах пачынала мітусіцца, і я пераключалася на іншыя забавы: лавіла яблыневыя і ягадныя пахі, слухала птушак і проста глядзела ў блакітнае неба. А яркі стракаты плед толькі падкрэсліваў мой летні настрой. Цяпер восень, фарбы пабляклі. Ды і адпачынак скончыўся.
Але зусім нядаўна да мяне вярнуліся летнія адчуванні яркасці і стракатасці. Іх у маёй памяці аднавіла Вольга Гарбачова, настаўніца працоўнага навучання, малявання і чарчэння сярэдняй школы № 1 Докшыц Віцебскай вобласці. Вольга Мікалаеўна пэчваркам (шыццём з тканінавых лапікаў) займаецца даўно. Назваць яе проста майстрыхай нават язык не паварочвецца. Яна ― мастачка, якая працуе ў тэхніцы пэчварк.
Як і кожны мастак, да свайго стылю яна прыйшла не адразу. Спачатку яна была захоплена габеленамі. Нават дыпломную работу выканала ў выглядзе габелена. Тады гэта быў трыпціх “Віцебск”. Вольга Мікалаеўна, як і яе маці, у свой час скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Трэба адзначыць, што яна вырасла ў творчай сям’і. І маці, і бацька, які вельмі любіў маляваць, развівалі мастацкі густ дзяўчынкі.
Затым маладая Вольга прыйшла працаваць у сярэднюю школу № 1 Докшыц. І тут яна разам са сваімі дзяўчатамі чаго толькі ні рабіла: і вышывала, і вязала кручком і на прутках, і саломапляценнем займалася. Захаплялася фларыстыкай. Ды яшчэ як! З 1983 года не было ні аднаго года, каб яе вучаніцы не станавіліся прызёрамі раённага ці абласнога этапу алімпіяды па працоўным навучанні.
“Я заўсёды марыла займацца творчасцю, каб творчасць стала маёй работай. З маленства любіла маляваць. Шыць, вышываць, вязаць вучылася сама. У нас у школе не было такіх урокаў працоўнага навучання для дзяўчат, як цяпер. Тады ў нас была сельгаспраца, таму я брала кнігу па дамаводстве і займалася. Урэшце ўсё спраўдзілася. Маё імкненне да творчасці стала маёй работай, таму я шчаслівы чалавек”, —―заўважыла падчас размовы Вольга Мікалаеўна. Сапраўды, калі справа па душы становіцца тваёй работай, гэта ўвесь час натхняе.Натхнення настаўніца не чакае. Яно заўсёды з ёй — у сям’і (муж Вольгі Мікалаеўны Віктар Гарбачоў таксама чалавек творчы, займаецца разьбой па дрэве), наваколлі, у дзецях, ва ўспамінах. Прыроду захаплення пэчваркам яна тлумачыць свамі дзіцячымі забавамі. Сям’я Вольгі Мікалаеўны жыла ў Бягомлі побач са швейным атэлье. Жанчыны, якія там працавалі, часта давалі дзецям рознакаляровыя лапікі для гульні. Дзяўчынкі шылі з іх сукенкі, вопратку для сваіх лялек. Кожная імкнулася праявіць фантазію і густ, каб пашыць лепш, чым у сяброўкі, але потым усё роўна яны гулялі разам.
У 2014 годзе ў Доме рамёстваў Докшыц адбылося ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Жыццё як поле з рознакаляровых лапікаў” майстра народнага клуба народных майстроў “Докша” настаўніцы працоўнага навучання, выяўленчага мастацтва і чарчэння Вольгі Гарбачовай. Гэта стала сапраўднай падзеяй для педагога і мастака, яшчэ адным крокам да творчага самавыяўлення.
Выстава атрымалася не проста рознакаляровая, а вельмі разнапланавая. Пано, сталовыя камплекты, коўдры, цацкі — усяго каля 60 работ, выкананых у розных тэхніках. Мудрагелістыя формы не проста прыцягвалі позіркі, яны захаплялі, здзіўлялі, давалі штуршок да ўласных фантазій. Пасля ўбачанага захацелася ўсё ж атрымаць адказы на тыя пытанні, якія ўзнікалі летам пад яблыняй, калі сядзела на пэчваркскім пледзе.
“Спецыяльна тканіну я не купляю. За гады работы назбіралася столькі самых розных лапікаў, што мне іх і цяпер хапае. Працую на дзвюх швейных машынках. Перад тым як увасабляць чарговую творчую задуму, абавязкова малюю яе эскіз. Так мяне вучылі ва ўніверсітэце, такой тэхналогіі прытрымліваюся заўсёды, бо інакш нічога не атрымаецца. Мастацкае ўвасабленне павінна пачынаецца з накідаў, эскізаў, што дапамагае да канца зразумець і форму, і змест вырабу. Гэтаму вучу і сваіх дзяўчат”, — расказала Вольга Мікалаеўна.
Настаўніца разам са сваімі вучаніцамі не раз была ў цэнтры ўвагі як сярод сваіх калег, так і сярод звычайных прыхільнікаў прыгожага. Ні адзін міжрэгіянальны семінар па працоўным навучанні не абыходзіцца без работ Вольгі Мікалаеўны. Акрамя таго, яна не раз станавілася пераможцай разнастайных конкурсаў і ўдзельніцай выстаў. Напрыклад, на выставе, прысвечанай Дню горада, усіх скарыў яе тапіярый з кукурузы. Не засталася незаўважанай і яе роставая лялька на свяце “Масленіца”, як і 4 аўтарскія лялькі на выставе “Свет лялек”.Пакуль Вольга Мікалаеўна ўключана ў алімпіядны рух, але мае і новыя творчыя задумы, якія будуць рэалізаваны ў стылі пэчварк. Не трэба думаць, што рознакаляровыя лапікі тканіны могуць натхняць толькі на пано ці коўдры. Яны здольныя на большае. Магчыма, у найбліжэйшай будучыні мы даведаемся яшчэ пра адну работу Вольгі Гарбачовай — з глыбокім філасофскім зместам, калі тэкстыльная мазаіка прымусіць здрыгануцца і звярнуцца да чалавечай душы.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.