Зімовы перыяд часу супадае з самай доўгай вучэбнай чвэрцю. Усе вы заўважалі, што менавіта ў гэтыя месяцы часта падае паспяховасць, абвастраюцца хранічныя захворванні, з кожным днём нарастаюць раздражняльнасць, апатыя, зніжаецца эмацыянальны фон.
Як можна добра дажыць да цёплых дзён і не скаціцца да дрэнных адзнак? Вось якія парады я даю сваім навучэнцам.
Абавязкова займайцеся фізкультурай! Заняткі спортам спрыяюць выпрацоўцы адрэналіну (гармону стрэсу) і сератаніну (гармону радасці).
Менш часу праводзьце за камп’ютарам! Недахоп рухальнай актыўнасці зніжае імунітэт, таму школьнік часцей хварэе прастуднымі захворваннямі.
Пры недахопе сонечных прамянёў з’яўляецца капрызнасць, плаксівасць, слабасць, санлівасць, хуткая стамляльнасць, дрэнна засвойваюцца ўрокі ў школе. Гуляйце на свежым паветры як мінімум гадзіну! Нават калі неба ў хмарах, сонечныя прамяні ўсё роўна праходзяць праз іх. Правільна харчуйцеся! Для росту і нармальнай працы мозга неабходны бялок (мяса). А гарачая кашка замест традыцыйных ранішніх бутэрбродаў патрэбна для паспяховай работы, таму што багатая мікраэлементамі.
Ужывайце ў ежу агародніну і садавіну. Лепш, каб яны былі рознакаляровымі. Колератэрапія — гэта эфектыўны спосаб аднаўлення сіл. Калі рознакаляровай садавіны ў меню няма, можна пакласці ежу на рознакаляровыя талерачкі, а таксама выкарыстоўваць яркія кубкі і лыжкі. Пажадана таксама, каб цытрусавыя — лімоны з апельсінамі — у зімовы перыяд на стале прысутнічалі пастаянна. Акрамя таго, ёсць спецыяльная група прадуктаў, якія ўзнімаюць настрой: бананы, арэхі, рыба. А вось прысмакамі занадта захапляцца не варта. Цукар у арганізме хутка расшчапляецца. У выніку настрой хутка падымаецца, але таксама хутка падае.
Памятайце, што кава і какава не лепшы выбар для павышэння актыўнасці. У такім выпадку арганізм стымулюецца штучна.
Узнікае пытанне: як зрабіць так, каб часу хапала на ўсё і пры гэтым не стамляцца? Выйсце адно — трэба навучыцца планаваць свой час. А для гэтага неабходна выконваць рэжым дня. Пры яго выкананні выпрацоўваюцца ўмоўныя рэфлексы на час. Прыём ежы ў вызначаныя гадзіны спрыяе яе добраму засваенню. Падрыхтоўка ўрокаў у адзін і той жа час дапамагае хутчэй і лепш іх выканаць. У рэжыме дня адвядзіце месца для вольнага часу, перапынку ў занятках. Але адпачывайце, не лежачы на канапе ці седзячы за камп’ютарам, а выйдзіце на вуліцу і прагуляйцеся.
Абавязкова высыпайцеся! Без нармальнага сну на высокі ўзровень працаздольнасці не разлічвайце. Сістэматычнае недасыпанне небяспечна, таму што пакутуе нервовая сістэма. Можна стаць безуважлівым, падчас работы часта зрывацца, неадэкватна рэагаваць на заўвагі. Важна, каб сон быў працяглым і глыбокім. Для гэтага выконвайце простыя правілы:
– кладзіцеся спаць і ўставайце ў адзін і той жа час, калі ўвесь арганізм загадзя рыхтуецца да сну, лягчэй засынаць і даўжэй адпачываць;
– не забывайце праветрываць свой пакой перад сном;
– памятайце, што патрэба ў сне ў 15—16 гадоў — 8—9 гадзін.
Захаванне такіх простых правіл дапаможа вам не толькі спрыяльна перажыць вучэбную чвэрць, але і атрымаць добрыя адзнакі.
Ірына МЕЛЬНІКАВА,
педагог-псіхолаг Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.