Забіўшы маразілку мясам, агароднінай і садавіной, мы ўпэўнены, што гэтым загатоўкам нішто не пагражае, таму захоўваць запасы можна гадамі, калі, канечне, не будзе перабояў з электрычнасцю. Але жыццё ў найпрасцейшых формах — надзвычайная з’ява. Існуюць мікраарганізмы, якія здаўна навучыліся выжываць у самых экстрэмальных умовах.
Так што не трэба думаць, што замарожаныя прыпасы ў маразілцы ніхто не кране. Ды і бытавая маразілка не прамысловы гігант, які здольны забяспечыць ва ўсёй маразільнай прасторы тэмпературу, скажам, мінус сорак градусаў. У бытавой маразільнай камеры холад размяркоўваецца нераўнамерна. Паблізу носьбіта з холадагентам тэмпература можа дасягаць мінус дваццаці, а ля дзверцаў даходзіць да 2—5 градусаў. А гэта для бактэрый тэмпература ўжо зусім не пазамежавая. Таму калі нават гніласныя бактэрыі і не будць актыўна размнажацца, то ўсё роўна прадукты іх жыццядзейнасці паступова будуць пагаршаць арганалептычныя якасці вашых хатніх загатовак.
Ёсць такая бактэрыя Listeria monocytogenes, якая выклікае лістэрыёз, або “хваробу халадзільнікаў”. Востры лістэрыёз — з’ява рэдкая, але адчуць на сабе наступствы гэтай інфекцыі не пажадаеш нават ворагу. Яна праходзіць у форме сепсісу, эндакардыту і менінгіту. Смяротнасць пры гэтым захворванні дасягае 33%. У цяжарных інфекцыя можа справакаваць гібель плода. (Даказана ўнутрывантробнае заражэнне плода ад інфіцыраванай лістэрыёзам маці.) І сепсіс, і менінгіт — захворванні з высокай верагоднасцю смяротнага канца. Без адэкватнай дыягностыкі (ідэнтыфікацыі ўзбуджальніка) лячэнне інфекцыі вельмі цяжкае.
Лістэрыі вельмі ўстойлівыя ў знешнім асяроддзі. Яны жывуць на працягу доўгага часу ў снезе і на лёдзе, паспяхова размнажаюцца пры тэмпературы халадзільніка (4 — 6°С). Прычым лістэрыі распаўсюджаны ўсюды. Асноўным рэзервуарам інфекцыі ў прыродзе з’яўляюцца мышападобныя грызуны. Часцей на лістэрыёз хварэюць жыхары гарадоў, асабліва ў летні час. Асноўны шлях заражэння — ужыванне ў ежу забруджаных бактэрыямі прадуктаў.
А вось асноўным рэзервуарам інфекцыі для чалавека з’яўляецца халадзільнік. Заражэнне лістэрыямі прадуктаў з халадзільніка вельмі шырокае: іх знаходзяць у маянэзе, вэнджанай рыбе, мясе, салатнай зеляніне, на паверхні прарослых зярнят. Галоўны спосаб барацьбы — трымаць халадзільнік у ідэальнай чысціні. Для гэтага зусім не трэба яго часта размарожваць. Можна раз на тыдзень хутка, але старанна вымыць камеру халадзільніка знутры сродкам для мыцця посуду, растворам харчовай соды або воцатам.
Таксама рэкамендуецца выконваць наступныя правілы: мыць і абліваць кіпенем свежую агародніну і травы для прыпраў, захоўваць сырыя прадукты асобна ад вараных або гатовых да ўжывання, правяраць тэрміны захоўвання прадуктаў. А пасля таго як вы нарэзалі сырую агародніну або мяса, нож і апрацоўчую дошку трэба старанна вымыць (а не рэзаць на ёй, напрыклад, хлеб або сыр).
Ну і самае галоўнае: не ператварайце вашу маразілку ў музей замарожаных прадуктаў. Паўгода — максімальны тэрмін захоўвання хатніх прыпасаў. Не толькі замарожаныя клубніцы, але нават мяса пасля двух гадоў захоўвання не будзе мець свой ранейшы смак. А што да замарожанага фаршу і працёртых з цукрам ягад, то з імі ўвогуле не варта рызыкаваць, бо гэта самае пажыўнае асяроддзе для бактэрый.
Юлія ВАРАНЕЦКАЯ,
врач-эпідэміёлаг, загадчык аддзела сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу і ацэнкі рызыкі
Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.