Цудоўная танцоўшчыца паўсвету — так называюць кветкаводы асцільбу. Жадаючы ўпрыгожыць цяністыя куточкі свайго кветніка, многія доўга не могуць вырашыць, якія кветкі выбраць. А іх, дарэчы, нямала — хоста, асцільба, бузульнік, гейхера. Сёння я хачу расказаць пра асцільбу.
Аднойчы, калі я набыла кусцік на рынку, мая добрая знаёмая, кветкавод са стажам, заўважыла, што расліна гэтая не вартая вельмі ўжо вялікай увагі. Я з ёй не згодна. Расліна з вытанчанымі суквеццямі белага, розных адценняў ружовага і чырвона-вогненнага колераў — сапраўдная знаходка для цяністых і паўцяністых куточкаў саду. Расліна мае тоўстае, неглыбока размешчанае карэнішча, ад якога вясной адыходзяць шматлікія тонкія, але пругкія сцябліны. Сучасныя гатункі раздзелены на некалькі груп. Адной з першых зацвітае асцільба японская. У большасці разнавіднасцей суквецці-гронкі, падобныя на піраміды, з’яўляюцца ўжо ў чэрвені. Японская асцільба адрозніваецца кампактнасцю: яе вышыня не перавышае 50 см.
У ліпені кветкаводаў радуе асцільба Тунберга з вытанчаным разгалінаваным лісцем. Статныя расліны з гэтай групы могуць дасягаць у вышыню 1,2 м. У гэты ж час цвітуць і нізкарослыя гібрыды асцільбы кітайскай. У адрозненне ад сваіх “калег” кітайская асцільба вышынёй усяго 30 см нядрэнна пераносіць сонечныя промні. Не вельмі высокая і асцільба просталісцевая. Абодва віды добра падыходзяць для акантоўкі кветкавых кампазіцый, размешчаных у цяністых куточках. Ажурныя суквецці прыгожа акрэсляць мяжу паміж кветнікам і садовай сцежкай.
Увесь сезон без перапынку цвіце асцільба Арэндса. Яна названа ў гонар нямецкага кветкавода Георга Арэндса, які ў XIX стагоддзі падарыў свету шмат непаўторных раслін. Гатункі, выведзеныя ім, карыстаюцца любоўю кветкаводаў за прыгожы знешні выгляд і здольнасць добра разрастацца.
Ёсць расліны, што добра глядзяцца ў якасці саліста, але асцільба з іншага шэрагу. Не пашкадуйце грошай, купіце хаця б пяць сартоў асцільбы і пасадзіце яе палоскай. А калі віды будуць рознага колеру і тэрмінаў цвіцення, то прыгажосць забяспечана вам на ўсё лета. Калі ж вы шчаслівы гаспадар уласнага дома, высадзіце асцільбу ля ўваходу.
Асцільба непераборлівая ў вырошчванні. Яна аддае перавагу вільготным месцам, а калі глеба гліністая, можна вырошчваць яе і на сонцы. На тарфяніках яна будзе сохнуць. Шкоднікі абыходзяць расліну.
На зіму суквецці асцільбы можна не абразаць. Эфектныя мяцёлкі стануць своеасаблівым упрыгажэннем снежнага пейзажу.
У мяне ёсць белая і чырвоная асцільба. На жаль, расце яна на сонцы, таму даводзіцца іх часта паліваць і рыхліць. Без гэтага яна сохне. У гэтым годзе пашчасціла набыць некалькі новых гатункаў. Я іх высадзіла ў адзін рад у спалучэнні з хостай. Убачым, што з гэтага атрымаецца.
І яшчэ такая парада. Ёсць аматары манахромных кветнікаў. У такіх выпадкаў асцільба — незаменная расліна. Дарэчы, добра спалучаецца асцільба і з ружай — мне давялося ўбачыць такое спалучэнне. Сама па сабе ружа, як каралева, выглядае вельмі пампезна. А сціплая асцільба быццам нівеліруе гэтую асаблівасць і падкрэслівае прыгажосць ружы. Увогуле, не бойцеся эксперыментаваць з суседскімі пасадкамі. Калі нешта будзе вам не даспадобы, можаце выбраць іншы варыянт. Нядрэнны сусед для асцільбы і папараць, тым больш яны патрабуюць прыкладана аднолькавых умоў вырошчвання.
Калі памеры кветніка ўнушальныя, пасадзіце асцільбу высакарослых гатункаў. А невысокая асцільба падыдзе нават для альпійскай горкі. Калі пад асцільбай пасадзіць глебапокрыўныя расходнік, каменяломнік, гарлянку, карэнне будзе не так перагравацца. І карысць будзе для абедзвюх раслін.
Ала ШАЎЦОВА.
Фота Андрэя ШАЎЦОВА.