У апошні дзень студзеньскай улады

Як шкада развітвацца са студзенем — месяцам чароўным і для дзяцей, і для дарослых дзякуючы Новаму году, Калядам, калядным маразам і неверагоднай прыгажосці заснежанай прыроды. У апошні дзень студзеньскай улады кожны ўспомніць штосьці сваё асаблівае ў гэтым месяцы, што стала незвычайным для яго, захапіла, здзівіла, сагрэла.

Мне прыемна зноў перанесціся ва ўспамінах у невялікі музей у Траецкім прадмесці “Гасціную Уладзіслава Галубка”. Сярэдзіна дня 8 студзеня, майстар-клас па вырабе ёлачнай цацкі ХІХ стагоддзя. Я і яшчэ 9 гасцей чакаем працягу радасцей першых дзён маладога 2016 года і, канечне, збіраемся ствараць іх сваімі рукамі. Вядучая майстар-класа Марына Анатольеўна Кавалёва — навуковы супрацоўнік музея. Яе ўсмешка і добрыя, мяккія інтанацыі голасу ўсяляюць надзею на поспех кожнага прысутнага. Усё, што мы бачым навокал, — малюнкі на сценах, дзіцячыя работы, развешаныя на галінках, складзеных у букеты, тэатр батлейка — абяцае нам прыемнае баўленне часу ў добрай кампаніі.Пачаліся зносіны з батлейкі. Нам паказалі лялек, устройства батлейкі, потым — фрагмент спектакля. Затым на экране мы разглядалі гісторыю ёлачнай цацкі. Кожны з прысутных мог убачыць і паказаць тыя, што ёсць або калі-небудзь былі ў яго дома. Створана творчая атмасфера, удзельнікі паглыблены ў тэму. Марына Анатольеўна з імправізаванай глядзельнай залы запрашае нас перайсці за сталы, дзе падрыхтаваны матэрыялы для міні-фабрыкі ёлачных цацак з такіх далёкіх часоў. Наш гід у навагодняе мінулае канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя паказвае ўзоры, тлумачыць, як рабіць цацку з паперы. Мы атрымалі копіі выявы дзявоцкай галоўкі, намаляванай у замінулым стагоддзі, выразалі яе. З гафрыраванай паперы вырабілі сукенку, крылы, німб. Цацка для ёлкі атрымалася хутка, выглядала прыгожа ва ўсіх, у тым ліку і ў мам з малышамі на руках.
Больш складаным аказаўся працэс вырабу ёлачнай цацкі з ваты. Просценькі, як здалося спачатку, снегавічок з двух шарыкаў ваты запатрабаваў стараннасці ў рабоце і інтуцыі ў вызначэнні колькасці клеючай вадкасці, нанесенай на кожны шарык. Акрамя таго, снегавікоў трэба было асцярожна запакаваць у пакецікі, якія прапаноўвала Марына. Дома цацку з ваты трэба было прасушыць і пасля гэтага аснасціць носам, шалікам і вочкамі-пацеркамі. Аднак юныя і дарослыя майстры палюбілі сваіх снегавікоў нават яшчэ мокрымі, бязвокімі, распранутымі. Не толькі маленькім удзельнікам сустрэчы, але і дарослым не хацелася разыходзіцца. Я затрымалася даўжэй за ўсіх. Наш навагодні майстар-клас быў апошнім у гэтым годзе, таму ўдалося пагаварыць з Марынай Анатольеўнай, задаць пытанні, якія так і круціліся на языку.

— Марына Анатольеўна, як нарадзілася ідэя майстар-класа?
— Скрынка памяці падказала. Так я назвала скрынку, якая засталася ад прапрабабулі майго мужа Канстанціна Марыі Васільеўны Семянюк. У гэтай скрынцы аказаліся самаробныя ёлачныя цацкі, выразкі з кніг з датамі нараджэння членаў сям’і, старыя пашпарты, даведкі, грашовыя купюры. З прадметаў гэтай скрынкі я склала цэлую выставу ў мінскім кафэ “Культура”. Разглядаючы экспазіцыю ў кафэ, падумала: а чаму б не паспрабаваць у навагоднія святы зрабіць гэтыя старыя ёлачныя цацкі разам з наведвальнікамі музея, прапанаваўшы ім матэрыялы для вырабу? Як зрабіць папяровыя цацкі, мне было зразумела. А вось тэхналогію стварэння ватных цацак я не ведала. Дома за сямейнай гутаркай паскардзілася на гэтую праблему. Нечакана мая свякроў Галіна Іванаўна дапамагла мне ў гэтай справе. Аказалася, што ў дзяцінстве яна з бабуляй рабіла цацкі з ваты. Вось так я і даведалася, што вату перад наданнем ёй формы трэба старанна распушыць. Потым можна звальваць у шары або іншыя фігуры. А каб надаць цвёрдасць і моцнасць фігуры, неабходна пэндзлікам нанесці крухмальны клейстар або моцна разведзены вадой клей ПВА. Фігуры, якія высахлі, аб’ядноўваюцца ў вобразы, напрыклад, снегавіка, балерыны і г.д.— Марына, вы правялі не менш за 7 майстар-класаў у першыя дні 2016 года. Што запомнілася, што здзівіла ў час зносін з наведвальнікамі?
— Майстар-клас у музеі я задумвала для дарослых, а атрымалася так, што групы былі змяшанымі — у асноўным бацькі з дзецьмі. Запомніўся адзін тата, які прыйшоў з сынам-падлеткам і сынам-дашкольнікам. Малышу цяжка было зрабіць цацку з ваты. Бацька браў яго ручкі ў свае і качаў шары з ваты. Так атрымаўся снегавік, зроблены з дапамогай чатырох рук. Хлопчык-падлетак гадоў 15 прыйшоў зусім адзін і з захапленнем удзельнічаў у майстар-класе. А трохгадовы малыш глядзеў-глядзеў на маміны рукі, якія ствараюць цацкі, а потым запатрабаваў клей. Па-мойму, у яго планах было выліць на мамінага снегавіка ўсю да апошняй кроплі бутэльку клею. Так яму падабаўся белы струменьчык, які паяўляўся з бутэлькі! Дарослыя ўдзельнікі групы падстаўлялі яму сваіх снегавікоў для склейкі, і ад гэтага хлопчык таксама атрымліваў задавальненне. Дзеці з лёгкасцю пражылі гадзіну нашых зносін і засталіся б яшчэ, калі б мамы дазволілі.

— Вы вельмі прафесійна ўзаемадзейнічалі з дзецьмі рознага ўзросту на нашым майстар-класе. Напэўна, дзеці часта бываюць у музеі?
— Нагадаю, што ў мяне ёсць педагагічная адукацыя. І не толькі ў музеі з дзецьмі працую. Яшчэ ў школы Мінска запрашаюць на сустрэчы. Апошнія заняткі са школьнікамі былі ў гімназіях №№ 22, 32. Старэйшым гімназістам расказвала аб працэсе стварэння мультфільмаў, малодшым — пра стварэнне тэатральных лялек. Выкарыстоўваю прэзентацыі, інтэрактыўнае ўзаемадзеянне з лялькамі.
— Як вучні ставяцца да вашых заняткаў з імі?
— Канечне, ім падабаюцца такія зносіны. Нечым і мне ўдаецца іх здзівіць. Напрыклад, практычна ўсе дзеці думаюць, што мультфільмы ўжо не малююць рукамі, а толькі на камп’ютары. З цікавасцю мае юныя суразмоўцы ставяцца да інфармацыі пра тое, што на студыі Уолта Дыснея ствараюць толькі намаляваныя ўручную мультфільмы. Сыпяцца пытанні: “І “Рапунцэль” намаляваны?”, “І “Храбрая сэрцам”?” А зараз у музеі якраз выстава ў асноўным для дзяцей. Называецца “Аўтамабіль на далоні”. Можна ўбачыць унікальную калекцыю мініяцюрных аўтамадэлей з калекцыі Леаніда Ялава. Мы прыдумалі яшчэ і конкурс малюнка. Кожны жадаючы можа стварыць малюнак па матывах выставы. Усе малюнкі нумаруем і вывешваем на стэнд. Наведвальнікі музея галасуюць сваімі білецікамі, на якіх пішуць нумар малюнка, які ім спадабаўся. Перад закрыццём выставы падвядзём вынікі і ўзнагародзім пераможцаў.

— Безумоўна, вы, Марына Анатольеўна, асоба творчая. А значыць, ваша выхаванне, напэўна, таксама было звязана з творчымі заняткамі…
— З трох гадоў танцавала ў ансамблі “Равеснік”, зараз займаюся ірландскімі танцамі для самаразвіцця. Але самае вялікае захапленне з дзяцінства — тэатр. Займалася ў тэатральнай студыі “Галактыка”, што ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Іграла ролі ў двух спектаклях: “Сабачае шчасце” паводле А.Купрына і “Фаўст” паводле Гётэ. “Фаўст” — пластычны спектакль, а я ў ім — Маргарыта. Мама дапамагала мне ствараць касцюмы ў дзяцінстве і да гэтых часоў дапамагае, бо і зараз я ўдзельнічаю ў тэатральнай дзейнасці групы “Свет навыварат”. Наша група больш спантанная. Мы збіраемся, рэпеціруем, выступаем, калі ў кагосьці з удзельнікаў з’яўляецца ідэя для новага спектакля.
Працуем у стылі дэль-арт. Гэты стыль практыкавалі сярэдневяковыя тэатры. Ігралі яны на плошчах з удзелам гледачоў. Спектаклі ў стылі дэль-арт у асноўным пра каханне. Могуць быць лірычнымі або камічнымі. Герояў у такім спектаклі нямнога: два Арлекіны — муж ды жонка. Жыць творча цікава. Канечне, дзякуючы маме Таццяне Антонаўне і тату Уладзіміру Ігаравічу Аркадзьевым мы з сястрой Наташай увесь час імкнёмся да творчасці. Нашы бацькі — захопленыя людзі, і для нас гэта добры прыклад. Мама і тата даўно займаюцца складаннем генеалагічнага дрэва сям’і і нават даюць майстар-класы па гэтай тэме, супрацоўнічаючы з газетай “Аднак”.

— А як батлейка з’явілася ў вашым жыцці?
— Гэта таксама цікавая гісторыя. Мы з мамай сабраліся на фестываль “Вечары на хутары паблізу Дзіканькі”. Умовай удзелу было правядзенне майстар-класа на цікавую для нас тэму. Мы вырашылі расказаць пра батлейку і паказаць спектакль. Наша першая батлейка — былая каробка з-пад тэлевізара. Тады на фестывалі наш з мамай спектакль меў поспех, таму мы задумалі і стварылі новую батлейку, больш сур’ёзную і прыгожую. Зараз ставім класічныя спектаклі і казкі.
Спадзяёмся, што прыклад Марыны Кавалёвай і нашых чытачоў натхніў на пошук уласнага напрамку для захаплення.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара і з архіва гераіні.