У кожнай краiне вы знойдзеце яго

Сапраўды, разнавіднасці (каля 300) гваздзіка — а менавіта пра яго пойдзе размова — распаўсюджаны па ўсім свеце. Гэта адна-, двух- і шматгадовыя зімуючыя і аранжарэйныя травяністыя расліны.

Найбольш вядомымі відамі гваздзіка з’яўляюцца:
Гваздзік кітайскі, асабліва яго разнавіднасць — гваздзік Гедэ віга. Гэтая форма мае вялікую разнастайнасць афарбовак (аднатонныя або двухколерныя) і форм кветкі (махровыя, з вышчарбленым або парэзаным краем). Лепшыя гатункі — Вогненны шар, з шарлаковымі (адценне чырвонага) кветкамі; Нявеста — з белымі кветкамі і пурпурнай сярэдзінай, вышыня — 30 см. Кітайскія гваздзікі цвітуць з чэрвеня да маразоў.
Гваздзік перысты. Кветкі адзінкавыя белыя або бледна-ружовыя, часам чырвоныя. Расліны ўтвараюць густы дзёран. Сцёблы прамыя або ляжачыя, вышыня — да 30 см. Гэты гваздзік шматгадовы, цвіце ў чэрвені — жніўні.
Гваздзік галандскі — таксама шматгадовы. Асобныя гатункі пры раннім пасеве зацвітаюць у першы год, напрыклад, гатунак Шабо. Гэты буйны прыгожы гваздзік з моцнамахровымі кветкамі разнастайных колераў — цудоўны матэрыял для зрэзкі. Зацвітае праз 6 месяцаў пасля пасеву. Цвіце ў ліпені — жніўні. Садовыя гатункі галандскага гваздзіка карыстаюцца вялікай папулярнасцю і цэняцца амаль гэтак жа, як ружа.
Сярод квітнеючых раслін вельмі мала такіх, якія пры нязначных выдатках працы давалі б столькі духмяных кветак, як гваздзік. Гэта асабліва ўласціва гваздзікам Грэнадзін і карлікавым — венскаму і пражскаму. Грэнадзін сустракаецца ў жоўтых, белых і ярка- і цёмна-чырвоных колерах. Вышыня раслін — 35 см. Цвіце ў ліпені — жніўні.
Карлікавы гваздзік — гэта нізкія кусцістыя гатункі, якія цвітуць вельмі багата, з вялікім працэнтам махровых кветак у белых і пяшчотна-ружовых колерах. Цвіце ў ліпені. Вышыня расліны — 30 см.

Размнажэнне

Размнажаюцца гваздзікі пераважна насеннем, а таксама атожылкамі і чаранкамі.
Каб атрымаць кветкі ў пачатку лета, насенне высяваюць у цяпліцы ў сакавіку. Усходы з’яўляюцца на пяты — сёмы дзень. Праз 2,5—3 тыдні, калі з’явіцца першы сапраўдны ліст, расліны пікіруюць на адлегласці 5×5 см, бо сеянцы хутка разрастаюцца. Для атрымання моцнай расады неабходна добрае асвятленне, невысокая тэмпература (18—20°С) і вентыляцыя. Пры лішку вільгаці сеянцы хварэюць і гінуць, таму паліваць іх трэба абмежавана, а калі расліны самкнуцца — зусім рэдка. Падкормка расады комплексным угнаеннем (з разліку 1 г угнаенняў на 1 л вады) паляпшае развіццё раслін.
Высаджваюць расаду ў сярэдзіне мая на адлегласці 20—25 см паміж раслінамі. Расліны добра пераносяць перасадку, асабліва калі расада вырашчана ў тарфяных гаршчочках.

Догляд

Ён заключаецца ў рыхленні глебы і праполцы раслін. На працягу вегетацыі расліны падкормліваюць сумессю мінеральных і арганічных угнаенняў (1/10 частка настойкі дзіванны і 20—30 г мінеральных угнаенняў на вядро вады) у пачатку росту і толькі мінеральнымі — у пачатку цвіцення. Цвісці гваздзік пачынае ў чэрвені і заканчвае ў канцы жніўня. Насенне збіраюць, калі каробачкі пажаўцеюць, пабурэюць і лопнуць.
Участак пад гваздзік адводзяць сонечны. Гваздзікі растуць на любой добра апрацаванай садовай зямлі з прымессю гліны, але прапушчальнай для вады. На сырых (гліністых) і сухіх (пясчаных) глебах гваздзікі растуць дрэнна.
Удалая зімоўка шматгадовага гваздзіка залежыць ад памеру раслін (кусты сярэдніх памераў зімуюць лепш, чым буйныя) і ад снежнага покрыва. Пры ранніх зімах, калі снег выпадае на адталую зямлю, расліны выправаюць. Асабліва шкодзіць гваздзікам рэзкае чаргаванне вясной цёплых сонечных дзён з моцнымі начнымі маразамі. У такіх выпадках гібель гваздзіка можна папярэдзіць, укрываючы расліны з восені яловымі лапкамі. Аднак яны не павінны ціснуць на расліны. Можна яловыя лапкі класці на перакрыцці з калкоў.

Выкарыстанне

DSCF9045(сайт)Гваздзік — высокадэкаратыўная расліна. Яна вельмі прыгожая на клумбах, рабатках, у масівах, міксбордзерах, у скрынях і гаршках на балконах.
Стракатаафарбаваныя гатункі лепш высаджваць без іншых культур. Аднатонныя гатункі можна спалучаць з высакарослымі раслінамі (аксамітка прамастаячая жоўтая і цёмна-чырвоны гваздзік) і з невысокімі (петунія цёмна-фіялетавая і белы гваздзік). Гваздзікі падыходзяць для букетаў, бо яны доўга стаяць у вадзе.

Падрыхтавала Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.

Фота аўтара.