Сцелістая шматгадовая расліна сямейства вербенавых, якая культывуецца як летнік. Вербена мае прыгожыя пахучыя (вечарам) парасонікі кветак самай разнастайнай афарбоўкі: белай, жоўтай, ружовай, ярка- і цёмна-чырвонай, ласасёвай, блакітнай і цёмна-сіняй.
Кветкі могуць быць аднолькавыя, а таксама з белым ці крэмавым вочкам. Вышыня раслін у залежнасці ад сорту вар’іруецца ад 20 да 45 см.
Размнажэнне
Размнажаецца вербена двума спосабамі: насеннем і чаранкамі. Аднак пышна квітнеючыя расліны можна атрымаць толькі пры вырошчванні расады. Сеяць раней за сакавік ці красавік не варта, бо з-за моцнага недахопу святла насенне будзе доўга прарастаць.
Пасеў ажыццяўляецца проста: насенне рассыпаецца на грунт (для гэтага лепш браць пясок або перліт), засыпаць глебай не трэба. Посуд, у якім пасеялі вербену, неабходна закрыць шклом і два дні трымаць пры тэмпературы +25°С (лепш каля батарэі ацяплення). На працягу гэтых двух дзён насенне вербены набухне і пачне прарастаць.
Пасля гэтага посуд з сеянцамі трэба перанесці ў халаднаватае памяшканне. Праз тыдзень пасля пасеву праросткі будуць ужо добра прыкметныя.
Праз два тыдні пасля таго як была праведзена пікіроўка расады вербены, неабходна падкарміць расліны комплексным угнаеннем.
Прышчыпваць верхавіну асноўнага сцябла над пятым лістом трэба толькі ў вербены ампельных сартоў. Вербены нізкарослых сартоў, кампактнай формы выдатна разгаліноўваюцца і без усялякіх прышчыпак.
Паліваць усходы трэба мінімальна, бо яны не пераносяць залішняй вільгаці. Добрыя вынікі дае ўнясенне на ўчастак для вербены торфу (1 кг на 1 м2) і нітрафоскі (60 г на 1 м2).
Расаду ў грунт высаджваюць у другой палове мая на адлегласці 25—30 см. Для атрымання галінастых раслін іх прышчыпваюць пры вышыні 6—8 см. Цвіценне раслін пачынаецца ў пачатку чэрвеня і працягваецца да замаразкаў.
Размнажэнне вербены чаранкамі звычайна адбываецца з тымі сартамі, якія не даюць насення, але такое размнажэнне падыходзіць і звычайным сартам вербены (у выпадку, калі неабходна іх цвіценне ў аранжарэі, дома, на сонечным падаконніку ў пазаўрочны час).
У зімовы перыяд года расліну, якую трэба чаранкаваць, неабходна трымаць у памяшканні, дзе тэмпература паветра не перавышае +10°С.
Чаранкаваць вербену можна ўжо ў лютым ці сакавіку. У расліны неабходна зрэзаць верхнюю частку парасткаў разам з 4 ці 6 парамі лісточкаў, пры гэтым трэба пакінуць пад ніжнім вузлом чаранка невялікі кончык памерам у 1 см, далей трэба выдаліць усе лісты, пакідаючы толькі самыя верхнія.
Укараняць чаранкі вербены неабходна ў перліце, пяску або выкарыстоўваць для гэтых мэт сумесь торфу і пяску. Усяго трэба браць пароўну.
Паглыбленне ў глебе для пасадкі робіцца невялікай палачкай або запалкай. У зробленае паглыбленне ўстаўляецца чаранок да самага ніжняга вузла. Каб выпарэнні былі не такія моцныя, чаранкі неабходна прыкрыць цэлафанавай плёнкай. Карані ў чаранкоў вербены ўтворацца праз 2—4 тыдні.
Расліны, якія выраслі з чаранкоў, зімуюць у аранжарэях з тэмпературай +5—10°С і ў сакавіку — красавіку выкарыстоўваюцца ў якасці матачных.
Догляд
Вербена патрабавальная да цяпла і святла, таму добра расце на сонечных месцах, але ў той жа час яна пераносіць невялікія замаразкі. На перагноеных і моцна пераўвільготненых глебах яна дае высокія расліны з невялікай колькасцю кветак.
Шчодраму цвіценню садзейнічаюць своечасовыя праполкі, рыхленне глебы і ўнясенне комплексных угнаенняў у выглядзе падкормак праз 7—10 дзён пасля высадкі і 1—2 разы ў чэрвені.
Паліваць трэба толькі ў сухое надвор’е. Без паліву вербена перастае цвісці і пачынае ўтвараць насенне.
З вербены робяць аднолькавыя клумбы ці масівы на газоне. Кампактныя сарты выкарыстоўваюць для рабатак і бардзюраў. Блакітныя і сінія сарты вербены гармані-руюць з жоўтымі і аранжавымі сартамі аксамітак, календулы, дымарфатэкі і цыніі; чырвоныя сарты — з белым алісумам, дымарфатэкай, львіным зевам і петуніяй.
Прышпіленыя парасткі ўтвараюць карані з лісцевых вузлоў. Прышпільванне прымяняюць для атрымання квітнеючага дывана з вербены.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.