Водар ружы

Акрамя колеру і адпаведнай формы, у ружы павінен быць непаўторны водар, лічыць Ірына Андрэеўна Ярома і вучыць членаў студэнцкага гуртка шматлікім прамудрасцям працы з раслінамі.

Навуковы студэнцкі гурток “Пакаёвае і аранжарэйнае кветкаводства” існуе на факультэце біялогіі і экалогіі Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Шмат гадоў кіруе ім Ірына Андрэеўна Ярома, сама выпускніца факультэта біялогіі і экалогіі.

— Членам гуртка можна стаць ужо на першым курсе, — расказвае І.А.Ярома. — Цікавасць да ландшафтнага дызайну, стварэння фларыстычных кампазіцый, догляду раслін у студэнтаў назіраецца пастаянна.

І хоць шмат ведаў студэнты спасцігаюць праз вывучэнне прадметаў вучэбнага плана “Кветкаводства”, “Флора і расліннасць Беларусі”, “Экалогія раслін”, “Фізіялогія раслін”, пры наведванні гуртка яны набываюць і спецыфічныя практычныя веды. Некаторыя выпускнікі пасля заканчэння ўніверсітэта на прафесійнай аснове займаюцца ландшафтным дызайнам, пачатковыя веды аб якім атрымалі ў студэнцкім гуртку.

На самых першых занятках у верасні ў гурткоўцаў пытаюцца, што іх цікавіць, аб чым яны хочуць даведацца больш. І планы работы складаюць з улікам зацікаўленасці студэнтаў. Так, некалькі гадоў назад студэнтаў цікавілі кветкавыя аранжыроўкі, фітакампазіцыі ў шкле. Адзін год займаліся вырошчваннем хрызантэм. У гэтым навучальным годзе займаюцца стварэннем букетных кампазіцый. Некаторыя напрамкі работы гуртка знаходзяць працяг у курсавых і дыпломных работах студэнтаў.

Валерыя Лаўная вучыцца на другім курсе па спецыяльнасці “Біятэхналогія”, цікавіцца фларыстыкай:

— У гуртку займаюся першы год, і за гэты невялікі час навучылася працаваць з дэкаратыўнымі элементамі пры афармленні фларыстычных кампазіцый, з прыродным матэрыялам. Так, перад Новым годам арганізавалі выставу “Зімовыя інтэр’ерныя кампазіцыі”. Для іх стварэння выкарыстоўвалі прыродны матэрыял — галінкі елкі, туі, сасны, дэкаратыўныя элементы. Напрыклад, я ўпершыню працавала з фларыстычнай пенай.

Выстава была арганізавана ў холе факультэта, гледачоў было шмат, як і пытанняў, як ства­рыць прыгожую кампазіцыю. Такая ж выстава была арганізавана напярэдадні Дня маці. Работы былі прадстаўлены ў стылі фларарыумаў, зараз яны ўпрыгожваюць адзін
з кабінетаў факультэта біялогіі і экалогіі. Наступную выставу арганізуюць да 8 Сакавіка. Кожны раз гурткоўцы разам з Ірынай Андрэеўнай выкарыстоўваюць розныя матэрыялы і стылі афармлення і паказваюць, як можна ўпрыго-
жыць дом ці пакой у інтэрнаце.

Сама Ірына Андрэеўна любіць ружы. На яе дачным участку з вясны да позняй восені цвітуць гэтыя прыгожыя кветкі. У яе іх каля ста гатункаў.

— Новыя гатункі кветак, новыя фларыстычныя прыёмы з’яўляюцца пастаянна. З гэтым цікава працаваць, цікава ву­чыць гэтаму студэнтаў, бачыць іх зацікаўленасць, — гаворыць Ірына Андрэеўна.

Не толькі заўважаць, але і ствараць прыгажосць вакол вучацца студэнты ў гуртку “Пакаё­вае і аранжарэйнае кветкаводства”. Карысна ім — карысна ўсім.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Ірыны БАРСУКОВАЙ.