Вялікая свечка ліатрыса

Нярэдка перад кветкаводамі стаіць пытанне: якую кветку пасадзіць у цэнтр кветніка? Каб яна была выразнай, прыцягвала да сябе ўвагу і доўга не страчвала дэкаратыўнасць. Адна з такіх кветак — кана. Але яна не вельмі простая ў доглядзе, патрабуе спецыяльных навыкаў. Больш просты варыянт — ліатрыс каласковы. Кветка гэтая цвіце белымі, малінава-ружовымі і бэзавымі суквеццямі, якія ўтвараюць коласападобнае суквецце, што па форме нагадвае на вялікую свечку.

Гэта даволі непераборлівая, яркая расліна. Кветканосы ўзвышаюцца да 1,5 м. Кветкі распускаюцца ў пачатку — сярэдзіне ліпеня. Арыгінальныя суквецці рознага колеру даўжынёй 40 см утвараюць прыгожыя пушыстыя букеты. Дарэчы, для іх характэрна цікавая асаблівасць: кветкавыя кошыкі на кветканосе распускаюцца не знізу ўверх, а наадварот — зверху ўніз. Пасля цвіцення сцёблы зразаюць на зімнія букеты, застаецца цёмна-зялёнае лісце, сабранае ў прыкаранёвую разетку, якая доўга не страчвае дэкаратыўнасці.
У адносінах да тэмпературы паветра і ўмоў глебы ліатрысы — непераборлівыя расліны. Аддаюць перавагу лёгкім угноеным глебам, не любяць сырых, бо на іх хутка загнівае карэнішча. У халодным клімаце ліатрыс саджаюць на адкрытым сонцы, у больш цёплым, можна і ў лёгкім паўцені.

Для больш пышнага цвіцення ў засушлівае надвор’е кветкі паліваюць. У якасці падкормкі два-тры разы за сезон уносяць перагной. На адным месцы без страты дэкаратыўнага выгляду можа цвісці да 5 гадоў.
Размножыць ліатрыс нескладана. На расліне ўтвараецца шмат насення, яно мае добрую ўсходжасць. Насенне сеюць у спецыяльныя скрыні ў пачатку сакавіка на глыбіню 1 см, пазней перамяшчаюць у больш прасторныя ёмістасці, а ў адкрыты грунт высаджваюць наступнай вясной. Сеянцы зацвітаюць на другі-трэці год. Па меры росту і развіцця ў ліатрыса фарміруюцца шматлікія клубяньковыя карэнішчы, сабраныя ў шчыльны шар. Прыкладна раз у 3 гады іх выкопваюць, буйныя выкарыстоўваюць для атрымання квітнеючых экзэмпляраў у наступным годзе, больш дробныя высаджваюць на дарошчванне. Саджаюць у грунт на глыбіню 5—10 см. Увесну можна раздзяліць і дарослы куст.
Бывае, што на ліатрыс нападае мядзведка альбо іншыя шкоднікі. Ад іх лёгка пазбавіцца з дапамогай адпаведных інсектыцыдаў.
Часцей за ўсё ліатрыс высаджваюць у якасці саліцёра. З ім добра спалучаюцца нізкія адналетнікі — флёкс Друмонда, вярбена, нізкарослыя аксаміткі. Калі вам пашчасціла набыць некалькі карэнішч ліатрыса, можаце зрабіць з яго бардзюр альбо рабатку. Гэта будзе непаўторнае відовішча.
Яго яркае калоссе добра захоўваецца ў зрэзцы, не страчваючы дэкаратыўных якасцей. Яго любяць фларысты для складання букетаў і кампазіцый.

Ну а цяпер пра мой ліатрыс. Я набыла яго ў квітнеючым выглядзе ў 2009 годзе ў канцы ліпеня. Тады я яшчэ не ведала назвы гэтай кветкі. Але яна выглядала настолькі эфектна, што мяне не спыніў нават вялікі па тым часе кошт. Як даглядаць кветку, я ведала мала. Магчыма таму ў наступным годзе ліатрыс не зацвіў, а толькі ўтварыў разетку. Потым я ўжо даведалася, калі набыць квітнеючую расліну, яна можа зацвісці праз год. І гэта датычыцца многіх кветак. Увосень я перасадзіла разетку на больш сонечнае месца. І ўжо ў 2011 годзе ад ліатрыса нельга было адвесці погляд, настолькі прывабна ён выглядаў. Падкормлівала я яго зброджанай травой, у спякоту палівала. Цвіў ён недзе з 10 ліпеня каля месяца.
У наступным годзе я падзяліла ліатрыс на 3 кусты. Шчыра кажучы, цвіў ён не так пышна, як летась. Але цвіценне гэтага года абяцае быць пышным.
Дарэчы, з лютага клубеньчыкі ліатрыса прадаюцца ў крамах. Я іх не купляла, але тыя, хто набываў кветку, выказвалі розныя думкі. Адным пашанцавала, другім — менш. Справа ў тым, што гэтыя ліатрысы выкопваюцца ўвосень, а як і дзе заховаўся пасадачны матэрыял, сказаць даволі складана. Некаторыя кветкаводы раяць замачыць клубеньчыкі на суткі ў бледна-ружовым растворы марганцоўкі. А другія садзяць сухімі. Ёсць і такая думка, што лепш за ўсё набываць ліатрыс увесну з парасткамі. Парасткі сведчаць аб тым, што пасадачны матэрыял добра перазімаваў.
Ліатрыс бэзавага і малінавага колераў больш просты ў вырошчванні і доглядзе. Белы больш капрызны, але і выглядае ён больш вытанчана. Магчыма, у наступным сезоне я паспрабую вырасціць і белы ліатрыс. У любым выпадку гэтая расліна надоўга заняла месца ў маім кветніку.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота Андрэя ШАЎЦОВА.