Сучаснае грамадства сутыкаецца з такімі працэсамі, як акселерацыя дзяцей і падлеткаў, эмансіпацыя жанчын. У пагоні за знешняй “карцінкай” і іміджам дзяўчаты часта страчваюць унутранае адчуванне жаноцкасці, кволасці, прыгажосці. Нярэдка мы бачым дзяўчынак-падлеткаў у халоднае і ветранае надвор’е ў кароценькіх куртачках, якія не прыкрываюць спіну, у вузенькіх джынсах з заніжанай таліяй, кароценькіх вузкіх спаднічках і тонкіх калготках. Мамы гавораць пра тое, што дзяўчынкі не хочуць прыслухоўвацца да іх заўваг і рэкамендацый.
Мудрыя мамы разумеюць, што з дзяцінства трэба вучыць дзяцей не толькі правільна ўмывацца, чысціць зубы, сачыць за чысцінёй рук і валасоў, але і асвойваць азы інтымнай гігіены.
Вельмі важна з ранняга дзяцінства правільна даглядаць вонкавыя палавыя органы. Гігіенічныя працэдуры трэба праводзіць штодзённа і нават часцей (пасля кожнага акта дэфекацыі). Пры доглядзе вонкавых палавых органаў рухі павінны быць толькі ў адным напрамку — спераду назад, каб кішэчная флора не трапляла ў похву. Гігіену з мылам маленькім дзяўчынкам трэба праводзіць не часцей чым 1—2 разы на тыдзень. Нават дзіцячае вадкае мыла можа перасушыць далікатную скуру дзіцяці. Пры больш частым выкарыстанні мыла слізістая і скура палавых органаў перасушваецца і магчыма зрашчэнне (сінехіі) малых палавых губ паміж сабой або з вялікімі палавымі губамі. Пасля кожнага кантакту з вадой мамы павінны змазваць вонкавыя палавыя органы тлустым дзіцячым крэмам з вітамінамі А і Е, дэкспантэнолам. Дзіцячы крэм, прызначаны пад падгузнікі, на скуру малых палавых губ наносіць нельга, бо ён утрымлівае цынк і перасушвае вульву. Калі мама няправільна даглядае дзяўчынку, узнікаюць частковыя або поўныя сінехіі.
Пры доўгім існаванні частковых сінехій фарміруецца кішэнь, дзе затрымліваецца мача, што прыводзіць да вульвавагінітаў, якія доўга працякаюць. Пры поўным зрашчэнні малых палавых губ узнікае вострая затрымка мачы. Таму мамам маленькіх дзяўчынак вельмі важна сачыць за станам вонкавых палавых органаў дзіцяці, навучаць навыкам гігіены з ранняга ўзросту. У дзяўчынкі павінны быць свае гігіенічныя прылады: ручнік, мачалка, расчоска і г.д., бо многія захворванні перадаюцца кантактна-бытавым шляхам.
Дзяўчынка з ранняга ўзросту павінна разумець, што ў грамадскіх туалетах, басейнах, лазнях нельга садзіцца галышом. У дзяўчынак за кошт нізкай колькасці эстрагенаў у крыві да пачатку палавога выспявання ў похве шчолачнае асяроддзе і нізкая колькасць лактабактэрый. Гэта спрыяе рэзкаму парушэнню мікрафлоры пра самым малым парушэнні ў гігіене, пры гліснай інвазіі, пры алергічнай настроенасці, пры частых рэспіраторна-вірусных захворваннях. А вынікам парушэння мікрафлоры з’яўляюцца неспецыфічныя вульвавагініты, якія праяўляюцца выдзяленнямі жоўта-зялёнага колеру, дызурычнымі скаргамі, свербам вонкавых палавых органаў.
Пікі захворвання вульвавагінітамі прыпадаюць на ўзрост ад трох да сямі гадоў, калі дзяўчынка ідзе ў сад або школу, становіцца больш самастойнай, а ўвага мамы да гігіены слабее. Да гэтага ўзросту дзяўчынка павінна быць навучана элементарным правілам гігіены.
Важна мець даверлівыя і цёплыя зносіны са сваім дзіцем — асабліва гэта мае значэнне ва ўзросце 6—8 гадоў. Калі ў гэтым узросце не наладзіць даверлівыя адносіны, дзяўчынка ў далейшым пабаіцца расказваць маці пра свае праблемы і не зможа ёй даверыцца. Дзяўчынкам неабходна тлумачыць, што лепш насіць споднюю бялізну з натуральных тканін, каб яна была па памеры, няцесная, каб не парушала кровазварот органаў малога таза. Сінтэтычная бялізна, стрынгі дапушчальныя толькі час ад часу, бо пры пастаянным нашэнні яны спрыяюць пераносу кішэчнай мікрафлоры ў похву. У перадпубертатным узросце ў 9—10 гадоў яечнікі пачынаюць выпрацоўваць больш эстрагенаў. На гэта актыўна рэагуе слізістая похвы, з’яўляецца больш выдзяленняў (фізіялагічныя белі). У норме яны светлыя, не маюць непрыемнага паху, не выклікаюць сверб і непрыемныя адчуванні. У далейшым гіпаталамус, гіпофіз, яечнікі пачынаюць працаваць цыклічна, што вядзе да з’яўлення першых менструальных выдзяленняў з палавых шляхоў — менархе.
У цяперашні час менархе прыпадае ў сярэднім на ўзрост 11—12 гадоў, але нормай лічыцца менархе, якое пачалося ад 10 да 15 гадоў. Таму да 10 гадоў дзяўчынцы трэба расказаць, як яна ўстроена і тое, што крывяністыя выдзяленні з палавых шляхоў кожны месяц — гэта нармальны фізіялагічны працэс, які адбываецца з кожнай дзяўчынай. Менструальны цыкл — гэта час ад пачатку адных менструацый да пачатку другіх. Нармальны менструальны цыкл доўжыцца 21—35 дзён. Перыяд крывяністых выдзяленняў (менструацый) у сярэднім складае 3—7 дзён. З іх некалькі дзён назіраецца вялікая колькасць выдзяленняў, дапускаецца лёгкая балючасць у першыя дні, якая не парушае звычайную жыццядзейнасць і не адцягвае ад навучання. Калі мама назірае якія-небудзь адхіленні ад апісанай сітуацыі — гэта падстава звярнуцца да дзіцячага гінеколага.
Мама павінна расказаць пра гігіену падчас менструацыі. Нягледзячы на залішнюю публічную адкрытасць інфармацыі ў сучасным грамадстве, багацце рэкламы пракладак, упэўненасць мамы, што дачка, напэўна, шмат што ведае пра менструацыю ад сябровак, старэйшых сясцёр, дзяўчынка бывае да гэтага не гатова псіхалагічна. У яе часта з’яўляецца пачуццё страху, сарамлівасці, няўпэўненасці. І хто, як не мама, павінен праявіць увагу і спагаду.
Дзяўчынцы неабходна растлумачыць, як карыстацца сродкамі гігіены ў такія дні. Гінеколагі рэкамендуюць карыстацца пракладкамі, выкарыстанне тампонаў непажадана. Тампоны з’яўляюцца іншародным целам для нашага арганізма, іх неабходна мяняць кожныя 3—4 гадзіны. Пры пастаянным выкарыстанні тампонаў ствараецца эфект “тэрмаса”, калі ўмоўна-патагенная флора пачынае актыўна размнажацца ў такім выдатным пажыўным асяроддзі, як кроў. Развіваецца дысбіёз похвы, які суправаджаецца непрыемным пахам, жаўтаватымі выдзяленнямі, раздражненнем. Падобным эфектам валодае нашэнне сінтэтычнай бялізны, джынсаў, якія моцна абцягваюць, а таксама выкарыстанне штодзённых пракладак пастаянна.
У нашай краіне праводзяцца прафілактычныя агляды дзяўчынак ва ўзросце 3, 6, 12 гадоў і з 15 гадоў штогод. На агляд да гінеколага дзяўчынку павінна па магчымасці прыводзіць маці. Мама павінна псіхалагічна падрыхтаваць дачку да агляду і растлумачыць, што гэта важна і неабходна самой дзяўчынцы, а не доктару, паліклініцы або школе. Важна сфарміраваць пазітыўныя адносіны да наведвання гінеколага. Раскажыце дзяўчынцы пра гінекалагічнае крэсла, пра тое, што гэта ўсяго толькі агляд, які ўсе жанчыны праходзяць штогод, і саромецца ў кабінеце ўрача не варта. На аглядзе доктар ацэньвае палавое развіццё, аглядае малочныя залозы, ацэньвае, ці правільна сфарміраваны палавыя органы дзяўчынкі, ці ёсць адхіленні ў здароўі рэпрадуктыўнай сістэмы. Мама павінна навучыць дзяўчынку весці каляндар менструацый, пры наяўнасці якіх-небудзь скарг неабходна гэты каляндар паказаць урачу. Вельмі важна навучыць дзяўчынку праводзіць самаабследаванне малочных залоз і рабіць гэта на працягу ўсяго жыцця ў першую фазу менструальнага цыкла.
У перыяд ператварэння дзяўчынкі ў дзяўчыну маме неабходна своечасова і даступна даць дзіцяці інфармацыю па фізіялогіі гэтага ўзроставага перыяду і падтрымаць яе ў такі важны момант жыцця.
Дарагія мамы, нараджэнне дзяўчынкі ў сям’і — гэта шчасце. Падтрымлівайце і навучайце сваіх дачок. Выхоўвайце ў іх з дзяцінства пачуццё ўнутранай прыгажосці, павагі да сябе.
Дзяўчынка павінна разумець, што, стаўшы дарослай, яна будзе нараджаць дзяцей, стане жонкай і маці, ад яе ў значнай ступені будзе залежаць, якая ў яе будзе сям’я і наколькі здаровымі будуць яе дзеці. Хочацца пажадаць мамам, якія выхоўваюць дзяўчынак, цярплівасці і такту. Будзьце ўважлівымі да вашых прынцэс і беражыце іх. Гэта вашы доўгатэрміновыя інвестыцыі, а вынік — гарманічная сям’я і здаровыя дзеткі ў вашай дачушкі.
Святлана ЛАСУТА,
акушэр-гінеколаг кабінета гінекалагічнай дапамогі дзецям і падлеткам
32-й гарадской клінічнай паліклінікі.