Зязюльчыны боты, венерын чаравічак

Пафіяпедзілюм — венерын чаравічак — атрымаў сваю назву ад слоў “пафас” — назва вострава, на якім, паводле паданняў, нарадзілася Венера, і pedilon — сандаля, чаравічак. У Францыі пафіяпедзілюмы так і называюць — венерын чаравічак, у Англіі — чаравічак лэдзі, у Амерыцы — кветка-макасін, у Расіі іх называлі: адамава галава, чаравічак вапняковы, зязюльчыны боты, мар’ін чаравічак, пеўнікі. Разам з калядным дрэвам мой венерын чаравічак заўсёды цвіце на Новы год!

Характэрнай асаблівасцю кветкі, якая адрознівае яе ад іншых архідэй, з’яўляецца мудрагелістая форма аднаго з пялёсткаў у форме губы, падобнай да буйнога мяшочка або туфліка. Губа адыгрывае ролю пасадачнай платформы для насякомага-апыляльніка. Два іншыя пялёсткі параўнальна вузкія, размешчаны гарызантальна або коса ўніз.

Утрыманне

Пафіяпедзілюм — святлолюбівая расліна, але летам мае патрэбу ў прыцяненні ад прамога сонца. У асенне-зімовы перыяд таксама лепш за ўсё трымаць расліну пад яркім рассеяным святлом. Для вырошчвання чаравічкаў добра падыходзяць вокны, накіраваныя на ўс ход або захад.
Віды гэтага роду дзеляцца на дзве групы: цеплалюбівыя і холадалюбівыя. Вызначыць прыналежнасць расліны да той ці іншай групы можна па лістах. Да холадалюбівых адносяцца віды з раўнамерна зялёнай афарбоўкай лісця. Яны патрабуюць аптымальных, не ніжэй чым +8 — +12оС, начных тэмператур і дрэнна пераносяць дзённыя тэмпературы вышэй за +24оС.
Да цеплалюбівых адносяцца ўсе стракаталістыя віды і гібрыды пафіяпедзілюмаў з буйнымі акруглымі кветкамі. Для прадстаўнікоў гэтай групы начная тэмпература павінна быць не ніжэй за +15оС і дзённая — +20 — +25оС.
Пафіяпедзілюмы не маюць ярка выяўленага перыяду спакою, таму круглы год ім неабходны раўнамерны ўмераны паліў. Паліваюць мяккай, добра адстоенай вадой хатняй тэмпературы.

Догляд

Аптымальная вільготнасць паветра для чаравічка — калі 60%. Добра рэагуе пафіяпедзілюм на рэгулярныя апырскванні мяккай адстоенай вадой. Для падтрымання вільготнасці паветра ў памяшканні можна зрабіць наступнае:
1. Пастаўце вазон з раслінай на паддон, напоўнены вільготным імхом або керамзітам, але пры гэтым дно вазона не павінна датыкацца да вады.
2. Парасстаўляйце ёмістасці з вадой вакол расліны і рэгулярна апырсквайце паветра вакол яе.
У перыяд актыўнага росту і цвіцення расліну трэба падкормліваць 1 раз на 2 тыдні растворам комплекснага ўгнаення для архідэй.
Венерыны чаравічкі — вільгацелюбівыя расліны і дрэнна пераносяць сухасць субстрату, таму варта сачыць за тым, каб субстрат пастаянна быў злёгку вільготным, але не пераўвільготненым. Неабходна паліваць так, каб вада не трапляла ў разетку лістоў — інакш можа пачацца загніванне. Летам раз на месяц трэба ўносіць кветкавыя ўгнаенні ў канцэнтрацыі, напалову меншай, чым рэкамендавана ў інструкцыі.
Пафіяпедзілюмы патрабуюць рэгулярных падкормак, таму што ніводны субстрат не можа забяспечыць іх жыўленнем, дастатковым для развіцця магутнай вегетатыўнай масы і багатага цвіцення. Пажадана, каб падкормкі былі пазакаранёвымі, лепш за ўсё рабіць іх растворам любога комплекснага ўгнаення (рэкамендуем азафоску ў канцэнтрацыі 1 г/л) з перыядычнасцю адзін раз на 7—10 дзён. Адзін раз на месяц неабходна паліваць растворам кальцыевай салетры (1 г/л), што спры яе зніжэнню кіслотнасці субстрату і лепшаму развіццю каранёў. Пафіяпедзілюмы вельмі добра рэагуюць на арганічныя ўгнаенні, таму падкормкі, прыгатаваныя на базе добра перапрэлага конскага гною, аказваюць станоўчае ўздзеянне. Перагной старанна прасейваюць праз буйнаячэйкавае сіта (дыяметр ячэек 0,8—1 см) і пастэрызуюць пры 80оС на працягу 30 мінут. Невялікія порцыі можна патрымаць над парай або прагрэць у ЗВЧ-печцы на мінімальным рэжыме на працягу 5 мінут. Потым яго проста ўносяць на паверхню субстрату пад лісты. Асноўная каштоўнасць такіх падкормак у тым, што ў перагноі ёсць вялікая колькасць спор карысных мікраарганізмаў, якія кандыцыяніруюць субстрат і перашкаджаюць развіццю шкодных мікраарганізмаў. Паліў настоямі гною менш карысны для раслін і вядзе да іх забруджвання.

Каб працягнуць цвіценне:

* флёксаў, трэба частку парасткаў, якія развіліся, абрэзаць напалову. На ўкарочаных парастках разаўюцца бакавыя, якія зацвітуць пазней;
* півоней, не трэба адразаць бакавыя бутоны, а цэнтральныя кветкі, якія адцвілі, асцярожна выразаць да ўзроўню бакавых кветак;
* двухгадовых раслін — незабудкі, стакроткі, віёлы, гваздзіка турэцкага — адрэзаць адцвіўшыя кветкі, не даючы завязацца насенню;
* ляўконіі, асцярожна выразаць адцвіўшыя парасткі — расліна будзе ўтвараць усё новыя і новыя і цвісці да самай восені.
Для таго каб доўга была дэкаратыўнай зелень адцвіўшых раслін у півоней, цюльпанаў, ні ў якім разе не даваць асыпацца пялёсткам адцвіўшых кветак на лісты — на іх адразу ж з’яўляюцца плямы шэрай гнілі; на півонях абрэзаць усе адцвіўшыя кветкі да першых маленькіх лісточкаў, у касачоў пасля цвіцення цалкам выразаць кветкавую стрэлку.
Півоні, касачы, нарцысы, флёксы паліваць да і пасля цвіцення і сачыць, каб лісты былі здаровымі, прафілактычна апырскваць расліны.

Шкоднікі

Часцей за ўсё чаравічак пакутуе ад архіднай тлі, чырвонага павуціннага кляшча і шчытоўкі. Для таго каб пазбавіцца ад шкоднікаў, хворую расліну рэкамендуецца апырскаць растворам карбафосу ў канцэнтрацыі 0,1—0,2%.

Перасадка

Чаравічкі ўразлівыя да лішку солей у субстраце, таму перасадку робяць па меры яго гніення. Праводзіць яе трэба асцярожна, стараючыся не пашкодзіць ломкія карані, у сярэднім раз на 2—3 гады. Перасаджваюць пасля заканчэння цвіцення. Для наступнага цвіцення расліна павінна дастаткова развіцца да восені. Перасаджваюць пафіяпедзілюмы ў рыхлы субстрат, выраблены з ляснога подсцілу, перагною, бітых чарапкоў і драўніннага вугалю, з дабаўленнем мелу або даламітавай мукі, або ў здробленую драўнінную кару. Уніз змяшчаюць больш грубы субстрат, бліжэй да паверхні — дробны і вільгацяёмісты. Паверхню зямлі ў вазоне прыкрываюць зверху свежым сфагнавым імхом. Можна выкарыстоўваць гатовы магазінны субстрат для эпіфітных архідэй. Пасля перасадкі расліну не рэкамендуецца паліваць 7—10 дзён. Гэта дазволіць зацягнуцца мікратраўмам на каранях і прадухіліць іх загніванне. Паколькі карані ў гэтай архідэі размяшчаюцца гарызантальна, то для яе больш падыходзяць шырокія вазоны і міскі з некалькімі дрэнажнымі адтулінамі, якія забяспечваюць раўнамерную прасушку субстрату, на дно вазона трэба пакласці добры дрэнажны пласт з дробнага керамзіту.

Размнажэнне

Пафіяпедзілюм размнажаецца вегетатыўна дзяленнем сцябла на часткі з трыма парасткамі на кожнай. Чаранкі ўкараняюцца ў глебавай сумесі, якая павінна складацца з роўных частак ляснога подсцілу, перагною, бітых чарапкоў і драўніннага вугалю або здробленай хваёвай кары.

Магчымыя цяжкасці

Пры няправільным доглядзе магчыма паражэнне шчытоўкай або павуцінным кляшчом.
Сухія і жорсткія карычневага колеру плямы на лістах — гэта наступствы сонечнага апёку.
На лістах з’явіліся мяккія плямы — гэта грыбковае захворванне, пашкоджаныя ўчасткі трэба адрэзаць і апрацаваць сістэмным фунгіцыдам.
З’яўленне цвілі на лістах — прычынай гэтага з’яўляецца шэрая гніль, якая з’яўляецца з-за апырсквання расліны пры нізкіх тэмпературах або ў выніку таго, што вільгаць не паспявае выпарыцца.

Карысныя парады

1. Спіты чай і каву не варта выкідваць. У высушаным выглядзе гэта выдатны матэрыял для паляпшэння структуры глебы і выкарыстання ў якасці мульчы для такіх культур, як гладыёлус.
2. Для барацьбы з мышамі можна выкарыстаць каляндру. Летам яе можна пасеяць на ўчастку, асабліва там, дзе растуць цюльпаны або крокусы, якія больш за ўсё пашкоджваюцца мышамі, а ўвосень або зімой раскласці сушаныя сцёблы або насенне ў падвале або хляве. Можна выкарыстоўваць таксама чарнакорань лекавы. Расліну апарваюць кіпнем і развешваюць або кладуць у норы.
3. Супраць вусняў пільшчыка можна выкарыстаць 300 г драўніннага попелу, настоенага ў 1 л вады і працэджанага.
4. Апырскваючы расліны, варта памятаць, што лісты павінны быць намочаны дробным распылам з верхняга і ніжняга бакоў. Для лепшай прыліпальнасці раствору ў яго дабаўляюць 4—5 г вадкага мыла на 1 л вады або шампунь. Нельга займацца апырскваннем пры моцным ветры, перад, у час або адразу пасля дажджу.
5. Паказчык кіслотнасці велічыня рН: пры рН 7 рэакцыя нейтральная, пры рН вышэйшым за 7 — шчолачная, пры рН ніжэйшым за 4 — вельмі кіслая. Вызначыць велічыню рН можна з дапамогай лакмусавай паперкі. Калі яе не ўдалося дастаць або купіць, можна зрабіць самім. Купіць у аптэцы пургер (фенолфталеін). 10 таблетак здрабніць і размяшаць у 1/2 шклянкі цёплай вады. Нарэзаць фільтравальную паперу (яе можна дастаць у любой школе або папрасіць універсальную індыкатарную паперку) палоскамі памерам 10—12х2 см, апусціць у раствор і высушыць. Індыкатар гатовы.
Узяць зрэз глебы на глыбіні 10—20 см, змяшаць з дажджавой або дыстыляванай вадой і заціснуць у руцэ разам з індыкатарам. Калі паперка ружовая — гэта слабашчолачнае асяроддзе, калі ярка-чырвоная — шчолачнае, калі не мяняе колер — кіслае.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца біялогіі і хіміі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.