Вось і апала лісце з дрэў, дзень стаў карацейшым, пара даставаць цёплыя курткі і боты. Наперадзе доўгая зіма, многа свят і ўтульных вечароў. А яшчэ на прылаўках нашых магазінаў з’яўляецца вельмі цікавая садавіна — хурма. Назва “хурма” з грэчаскай перакладаецца як “ежа багоў” ці “божы агонь”. І ведаеце: не проста так гэтаму прадукту далі такую пампезную назву. Дзякуючы свайму ўнікальнаму складу хурма валодае не толькі незвычайным смакам, але і мноствам карысных уласцівасцей, пра якія мы зараз і пагаворым.
Хурма дапамагае захаваць зрок і прыгожую скуру. Прыгожы аранжавы колер хурмы гаворыць пра вялікую колькасць вітаміну А і яго папярэдніка — бэта-караціну (у арганізме ператвараецца ў вітамін А). Вітамін А — магутны антыаксідант. Ён абараняе клеткі ад свабодных радыкалаў, запавольвае старэнне і зніжае рызыку развіцця раку. Вітамін А таксама з’яўляецца залогам добрага зроку: перашкаджае разбурэнню пігментаў вока, дзякуючы якім мы бачым не толькі днём, але і прыцемкам. А яшчэ гэты вітамін прадухіляе развіццё катаракты.
Вітамін А значна паляпшае якасць скуры, валасоў і пазногцяў. Пры яго недахопе на пазногцях з’яўляюцца непрыгожыя папярочныя палосы, валасы становяцца сухімі і ломкімі, скура лушчыцца, а на слізістых абалонках могуць з’явіцца эрозіі.
Хурма ўмацоўвае сасуды і павышае імунітэт. Яшчэ адзін антыаксідант у складзе хурмы — вітамін С. Гэты вітамін не толькі змагаецца за маладосць нашага арганізма, але і дапамагае прадухіліць крывацёкі, умацоўваючы сценкі нашых сасудаў. А яшчэ вітамін С удзельнічае ў сінтэзе інтэрферону — бялку, які абараняе наш арганізм ад вірусаў.
Хурма дапамагае ў прафілактыцы анеміі. Гемаглабін неабходны для пераносу кіслароду да кожнай клеткі нашага арганізма. Калі ўзровень гемаглабіну ў крыві зніжаецца, урачы ставяць дыягназ анемія. Пры анеміі клеткі церпяць кіслароднае галаданне, а чалавек адчувае слабасць, зябкасць, рассеянасць і зніжэнне агульнай супраціўляльнасці арганізма. Для ўтварэння гемаглабіну неабходна жалеза. Яго больш за ўсё ў мясных прадуктах, аднак у хурме гэты элемент таксама прысутнічае. Да таго ж вітамін С, пра які мы гаварылі раней, спрыяе лепшаму засваенню жалеза.
Хурма падтрымлівае здароўе шчытападобнай залозы. Хурма багата ёдам, неабходным для нармальнай работы шчытападобнай залозы. На жаль, мы жывём у зоне ёднага дэфіцыту. Захворванні шчытападобнай залозы — распаўсюджаная праблема для нашай краіны. Парушэнні работы шчытападобнай залозы з-за недахопу ёду можна западозрыць, калі вы заўважылі ў сябе ўпадак сіл, пастаянную санлівасць, заўсёды халодныя рукі і ногі, пагаршэнне апетыту і прыбаўленне лішніх кілаграмаў, нягледзячы на сціплае харчаванне.
Хурма салодкая і дыетычная адначасова. Хурма, як і ўсе ягады, змяшчае цукар. Менавіта таму, з’еўшы яе, вы адчуваеце прыліў энергіі, а ваш настрой паляпшаецца. Лішні цукар можа хутка адкласціся ў выглядзе сантыметраў на таліі, але толькі не ў выпадку з хурмой. Дзякуючы вялікай колькасці харчовых валокнаў, якія не ператраўляюцца, цукар з хурмы засвойваецца даволі павольна і раўнамерна. Станоўчы эфект ад паядання хурмы назіраецца доўга, а лішнія кілаграмы ад гэтага прадукту вам не пагражаюць.
Чаго варта апасацца? Ужыванне хурмы ў вялікай колькасці можа выклікаць запоры. З-за высокай колькасці таніну хурма валодае даўкім смакам і нармалізуе работу кішэчніка. Аднак, калі штодзень з’ядаць больш за чатыры плады, хурма можа прывесці да склейвання змесціва страўніка і заблакіраваць работу страўнікава-кішачнага тракту. Людзям, якія схільны да запораў і хварэюць на гемарой, есці хурму не рэкамендуецца (асабліва няспелыя плады).
Дзецям да трох гадоў хурму катэгарычна нельга даваць. Прычына тая ж: таніны могуць выклікаць у малыша запор. Пасля трох гадоў частаваць дзіця хурмой можна, але з вялікай асцярожнасцю. На дзіцячы страўнікава-кішачны тракт новыя прадукты дзейнічаюць непрадказальна. Таму пачынаць каштаваць хурму трэба з адной-дзвюх долек і сачыць за рэакцыяй: калі ў дзіцяці пачнецца алергія ці праблемы з кішэчнікам, з рацыёну гэты прадукт прыйдзецца выключыць.
Алена КРАТ,
урач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.