Артэрыяльная гіпертэнзія

Артэрыяльная гіпертанія (гіпертэнзія, гіпертанічная хвароба) — хранічнае захворванне, якое найбольш часта сустракаецца ў дарослых, звязанае з павышэннем артэрыяльнага ціску. Цалкам вылечыць яго нельга, аднак свой стан можна трымаць пад кантролем. Павышаны ціск — адзін з фактараў рызыкі ішэмічнай хваробы сэрца (рызыка ў гэтым выпадку разумеецца не толькі як высока падымаецца ціск, але і час, на працягу якога назіраецца павышаны ціск). Чым раней выяўлена праблема і пастаўлены дыягназ, тым меншая рызыка развіцця ўскладненняў у далейшым.

Вядомы канкрэтныя фактары, якія павялічваюць рызыку развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі:

· спадчынная схільнасць;

· узрост (з узростам сценкі буйных артэрый становяцца больш рыгіднымі, з-за гэтага павышаецца супраціўленне сасудаў крывацёку, такім чынам, павышаецца ціск);

· пол (часцей на гіпертанію хварэюць мужчыны);

· курэнне;

· празмернае ўжыванне алкаголю, солі, залішняя вага, недастатковая фізічная актыўнасць;

· схільнасць да стрэсаў;

· захворванні нырак.

Павышэнне артэрыяльнага ціску можа не суправаджацца ніякімі сімптомамі і высветліцца выпадкова пры вымярэнні артэрыяльнага ціску. У некаторых выпадках магчыма з’яўленне галаўнога болю, галавакружэння, мушак перад вачамі. Ускладненнямі артэрыяльнай гіпертэнзіі з’яўляюцца інсульт, інфаркт, парушэнне зроку, сардэчная і нырачная недастатковасць.

Што можаце зрабіць вы?

Зменшыць артэрыяльны ціск (і тым самым знізіць рызыку ішэмічнай хваробы сэрца) можна некалькімі спосабамі.

Калі ў вас ёсць залішняя вага, трэба скінуць яе. Пахудзеўшы на 3—5 кг, вы зможаце панізіць ціск і ў далейшым кантраляваць яго. Аптымізаваўшы вагу, вы зможаце таксама знізіць узровень халестэрыну, трыгліцэрыдаў і цукру ў крыві. Гэты спосаб па-ранейшаму застаецца самым эфектыўным безмедыкаментозным метадам кантролю ціску.

Рэгулярна рабіце зарадку. Фізічныя практыкаванні на свежым паветры, такія як хадзьба, бег, язда на веласіпедзе, плаванне, могуць прадухіліць павышэнне артэрыяльнага ціску. Рэгулярная фізічная нагрузка дапаможа знізіць вагу і зменшыць уплыў стрэсу на арганізм. Спецыялісты рэкамендуюць выконваць фізічныя практыкаванні на працягу 30—60 мінут 3—5 разоў на ты­дзень.

Сачыце за тым, каб ежа не была вельмі салёнай. Абмяжуйце сутачнае ўжыванне солі да 2—4 г. Дабіцца гэтага можна, калі не дасольваць згатаваную ежу, адмовіцца ад ужывання кансерваў, паўфабрыкатаў, прадуктаў хуткага харчавання.

Ежа не павінна быць тлустай. Назіранні паказваюць, што малатлустая дыета дапамагае знізіць узровень халестэрыну ў крыві і тым самым зменшыць рызыку захворвання каранарных сасудаў. Акрамя таго, такая дыета спрыяе пахудзенню.

Ужыванне ежы, багатай на калій, дапаможа нармалізаваць артэрыяльны ціск. Крыніцамі калію з’яўляюцца садавіна і агародніна. Пажадана есці не менш за пяць порцый агародніны ці садавіны ў дзень.

Абмяжуйце ўжыванне алкаголю. У людзей, якія злоўжываюць спіртным, гіпертанія назіраецца часцей, як і прыбаўленне ў вазе.

Вельмі важна адмовіцца ад курэння, таму што яно само па сабе хоць і не выклікае артэрыяльную гіпертанію, тым не менш з’яўляецца значным фактарам рызыкі ішэмічнай хваробы сэрца.

Калі ваш урач прапісаў якое-небудзь гіпатэнзіўнае лякарства, прымайце яго строга па назначэнні. Пра любыя пабочныя рэакцыі і непажаданыя эфекты паведамляйце ўрачу. Не спыняйце прыём лекаў, не параіўшыся з урачом.

Рэгулярна наведвайце ўрача. Пасля таго як дабіліся жаданага эфекту і ціск панізіўся, яго неабходна пастаянна трымаць пад кантролем.

На жаль, няма якіх-небудзь дакладных знешніх прымет, па якіх вы вызначыце, што ціск зноў павышаецца. Таму неабходна рэгулярна вымяраць ціск самастойна і наведваць урача па меншай меры раз на год (для кантролю агульнага стану і эфектыўнасці тэрапіі, якая праводзіцца).

Такім чынам, калі вам паставілі дыягназ “артэрыяльная гіпертэнзія”, вам трэба:

· прымаць прэпараты, якія назначыў урач, у адзін і той жа час;

· не прапускаць прыём лекаў з-за таго, што ціск нармалізаваўся. Лепш абмяркуйце сваё самаадчуванне з урачом;

· папаўняць запас лекаў да таго, як яны скончацца.

Не спыняйце прыём прэпаратаў, калі паказчыкі ціску прыйшлі ў норму. Памятайце, гэта адбылося з-за таго, што медыкаменты спрацавалі.

Прафілактыка артэрыяльнай гіпертэнзіі

Калі ў членаў вашай сям’і назіраецца артэрыяльная гіпертэнзія (гіпертанічная хвароба) ці ваш узрост больш за 30 гадоў, рэгулярна вымярайце ціск. Адмоўцеся ад курэння і ўжывання спіртных напіткаў. Трымайцеся малатлустай і маласалёнай дыеты. Вядзіце здаровы лад жыцця, рабіце зарадку, пажадана на свежым паветры. Пастарайцеся пазбягаць стрэсаў і навучыцеся кантраляваць свае эмоцыі. Падтрымлівайце нармальную вагу цела — і вы будзеце адчуваць сябе значна лепш!

Надзея СКРЫННІК,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.