Аскарбінавая кіслата (вітамін С)

Доўгачаканае лета ў разгары, аднак многіх бацькоў усё яшчэ хвалюе пытанне, як аздаравіць дзіця. Тры месяцы — не тры тыдні, дарослыя загадзя імкнуцца прадумаць і распланаваць летні перыяд так, каб дзеці добра адпачылі, набраліся сіл і сустрэлі асенне-зімовы “прастудны” сезон здаровымі, фізічна моцнымі. Летні лагер, паўднёвы курорт, да бабулі ў вёску, санаторый, спартыўны або школьны лагер — дзе б ні адпачывалі дзеці, важна не забываць пра галоўнага “абаронцу” ад неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя, пра самы “летні” вітамін, які змяшчаецца ў асноўным у гародніне, садавіне і ягадах, — вітамін С. Гэта “ас” сярод усіх вітамінаў, аскарбінавая кіслата.

Дарослыя памятаюць, як у школе нам расказвалі пра страшнае захворванне, якое выклікае дэфіцыт вітаміну С — цынгу. Акрамя таго, усе мы ведаем, што калі прастудзіліся, то згаданы вітамін прыйдзе на дапамогу, дапаможа справіцца з хваробай, засцеражэ арганізм ад віруснай і бактэрыяльнай інфекцыі. Аскарбінавая кіслата ўдзельнічае ў працэсе сінтэзу калагену і рэчываў, якія неабходны для фарміравання касцявой і злучальнай тканкі, а значыць, умацоўваюцца косці, сухажыллі, скура, зубы, што вельмі важна для дзіцячага арганізма, які расце. Нармалізуецца пранікальнасць сценак крывяносных сасудаў, павышаецца іх эластычнасць і трываласць, паляпшаюцца абменныя працэсы арганізма, згушчальнасць крыві, засваенне жалеза з ежы. Вітамін С можа знізіць развіццё алергічных рэакцый, дапамагае хутчэй пазбавіцца запаленчых працэсаў у арганізме, выводзіць таксіны, а таксама дапамагае пераносіць фізічныя нагрузкі, стрэсы. Дзіўны памочнік для нашага здароўя вітамін С паляпшае стан печані і сэрца, зніжаючы выпрацоўку халестэрыну і не дазваляючы яму адкладацца на сценках сасудаў. І гэта далёка не ўсе перавагі аскарбінавай кіслаты. Аднак найважнейшай яе функцыяй усё ж лічыцца антыаксідантная: вітамін С паляпшае супраціўляльнасць арганізма да неспрыяльных уздзеянняў.

А галоўнае, паважаныя бацькі, летам можна без праблем набыць або нават вырасціць самім прадукты, багатыя на вітамін С. Гэта свежая садавіна, агародніна, ягады, зеляніна: чырвоны і зялёны балгарскі перац, морква, таматы, зялёны гарох, бульба новага ўраджаю, адвараная ў мундзірах, капуста брусельская, квяцістая, брокалі, бела- і чырвонакачанная, баклажаны, пятрушка, кроп, чабор, сельдэрэй, каляндра (зеляніна), шпінат, чарамша, шчаўе, хрэн, часнок, шыпшына (сушаная і свежая), абляпіха і журавіны, чорныя парэчкі і клубніцы, чарніцы, ананас, дыня, ківі, цытрусавыя, а з прадуктаў жывёльнага паходжання — ялавічная і свіная печань, ныркі, казінае малако, кумыс. Дзеці ад гэтых прадуктаў не адмаўляюцца, ахвотна ядуць, можна ўключаць іх у штодзённы рацыён. Праўда, мы памыляемся, калі думаем, што цытрусавыя з’яўляюцца рэкардсменам па колькасці вітаміну С. Аказваецца, гэта не так. Больш за ўсё аскарбінавай кіслаты ў шыпшыне (прычым у сушанай амаль у два разы больш, чым у свежых пладах), а таксама ў салодкім і вострым чырвоным перцы. Важна, што большую частку гэтых прадуктаў мы ўжываем звычайна без тэрмічнай апрацоўкі, што дазваляе захоўваць якасць прадукту. Калі неабходна тэрмічная апрацоўка, паспрабуйце пры гатаванні знізіць доступ кіслароду да мінімуму, бо кісларод акісляе аскарбінавую кіслату. Добра захоўваецца вітамін С у квашанай капусце, мочаных яблыках, марынаванай моркве — любіць гэты вітамін кіслае асяроддзе! Прадукты, якія змяшчаюць аскарбінавую кіслату, лепш трымаць у цёмным халаднаватым месцы.

Летам вельмі лёгка папоўніць запас вітаміну С у арганізме дзіцяці і дарослага натуральным шляхам, не звяртаючыся да аптэчных прэпаратаў. А захаванне здароўя дзіцяці — гэта галоўная задача для бацькоў. І таму зараз, летам, мы абавязкова павінны ствараць умовы, пры якіх дзіцячы арганізм аздараўляецца і загартоўваецца: адпачынак і прагулкі на свежым паветры, сонечныя ванны, купанне ў вадаёмах, уключэнне ў штодзённы рацыён дзяцей карысных прадуктаў, багатых на вітамін С. Гэта дапаможа за лета адужэць і сустрэць восень бадзёрымі і здаровымі.

Надзея НЕСЦЕРАВА,
фельчар-валеолаг 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі.