Бярозавы сок для здароўя і прыгажосці

Бярозавы сок з даўніх часоў славіўся сваімі гаючымі ўласцівасцямі — гэта экалагічна чысты, смачны, карысны для здароўя, асвяжаючы прахала­джальны напітак. Гаючы сакрэт у тым, што вясной бяроза аддае ў лісце ўсе жыццёвыя сілы, якія назапасіла на працягу зімы. Пакуль не распусціліся клейкія лісточкі (прыблізна за месяц да з’яўлення лісця і цвіцення, у перыяд раставання снегу), у бяроз пачынаецца рух сокаў, які называецца “плачам бярозы”. На працягу 15—20 дзён бяроза дае нам свой салодкі сок.

Для лекавых мэт часцей за ўсё выкарыстоўваюць два віды бярозы — павіслую і раскідзістую. Іх пупышкі, лісце, попел (актываваны вугаль), дзёгаць, сухі перагной драўніны, ксіліт (заменнік цукру для хворых на дыябет, што атрымліваецца з адходаў драўніны) — усё гэта шырока прымяняецца ў медыцыне. Бярозавы сок змяшчае 0,5—2% цукру, у яго склад уваходзяць ферменты, арганічныя кіслоты, дубільныя рэчывы, солі кальцыю, калію, жалеза, раслінныя гармоны, глюкоза і рэчывы, якія валодаюць высокай антымікробнай актыўнасцю (фітанцыды).

Кожны чалавек павінен ужываць не менш за 6 л бярозавага соку ў сезон. Гэты карысны для здароўя напітак разбурае мачавыя камяні, эфектыўны пры лячэнні язвы страўніка і печані, галаўнога болю, бранхіту, кашлю, дапамагае пры рэўматызме, радыкуліце, артрыце. Акрамя таго, бярозавы сок ачышчае кроў, валодае рэгенерыруючай уласцівасцю, стымулюе абмен рэчываў, а таксама з’яўляецца выдатным дыетычным і асвяжаючым напіткам. Сістэматычны прыём бярозавага соку аказвае агульнаўмацавальнае і танізуючае дзеянне. Урачы кажуц­ь, што калі выпіваць хаця б па шклянцы соку ў дзень, то знікнуць санлівасць, пачуццё стомленасці, раздражняльнасц­ь. Наогул, піць бярозавы сок у чыстым выглядзе — задавальненне. Гэта прыемны, асвяжаючы напітак, які ўмацоўвае арганізм.

Бярозавы сок разбурае мачавыя камяні, эфектыўны пры лячэнні язвы страўніка і печані, галаўнога болю, бранхіту, кашлю, дапамагае пры рэўматызме, радыкуліце, артрыце.

Аднак трэба памятаць, што сок дрэва, якое расце каля ажыўленай трасы або ў прамысловай зоне горада, замест карысці прынясе шкоду.

Як нарыхтаваць бярозавы сок?

На 1 л бярозавага соку бяруць 125 г цукру і 5 г лімоннай кіслаты, перамешваюць. Затым фільтруюць, разліваюць у слоікі, пастэрызуюць і закручваюць накрыўкамі. Карысна змеш­ваць бярозавы сок з іншымі сокамі са свежай садавіны і агародніны, а таксама настойваць яго на лісці мяты, мелісы, чабару, зверабою, ліпавага цвету, пладах  шыпшыны, брусніцах.

Памятайце: сок дрэва, якое расце каля ажыўленай трасы або ў прамысловай зоне горада, замест карысці прынясе шкоду.

Бярозавы квас

У дубовую бочку з бярозавым сокам на вяроўцы апускаюць мяшочак з гарэлымі скарыначкамі жытняга хлеба або сухарамі. Праз двое сутак пачнецца браджэнне. Затым у бочку насыпаюць дубовую кару, ягады або лісце вішні, разынкі, а таксама сцёблы кропу. Праз два тыдні квас гатовы.

Ёсць і іншы рэцэпт. Бярозавы сок награваюць да 35°С, кладуць у яго дрожджы з разліку 15—20 г на 1 літр. Закваску ставяць на 3—4 дні ў халоднае месца, затым разліваюць у ёмістасці і кансервуюць.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
урач-гігіеніст санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.