Наша любімая прыправа

Кроп — аднагадовая холадаўстойлівая, вільгацелюбівая расліна, у якой змяшчаецца шмат эфірнага масла, аскарбінавай кіслаты, а таксама вітаміну A і B3. Вырошчваць яго можна круглы год (у адкрытым грунце, а таксама ў парніках і цяпліцах). Сеяць кроп можна па-рознаму: упоперак градак, стужачным спосабам і ў роскід. Высокія ўраджаі гэтая зеляніна дае на лёгкіх урадлівых глебах круглы год.

Пад перадпасяўную апрацоўку на 1 м2 заўсёды ўносіцца 20—30 г аміячнай салетры, а яшчэ па 10—15 г суперфасфату і хларыду калію. Баразёнкі пад насенне кропу робяцца глыбінёй не больш за 2 см, у іх рассыпаецца пасяўны матэрыял, які зверху прыкрываецца торфам або перагноем слоем 0,5 см.

Пры верагодных замаразках позняй восенню градкі трэба накрыць. У восеньскі перыяд саджаць гэтую зеляніну варта пры тэмпературы +3—+ 4°С. Пасля пасадкі кропу ў такі час патрабуецца мульчыраванне, каб зімой на паверхні грунта не ўтварылася скарыначка, якая можа стаць перашкодай для прарастання насення і самой расліны.

У канцы снежня — пачатку студзеня кроп высейваецца ў скрыначкі, якія ўстанаўліваюцца ў праходах цяпліц і побач з вокнамі. На расадную скрыню норма насення — 3—4 грамы.

Такім чынам, можна круглы год вырошчваць кроп — гэтую выдатную і любімую многімі прыправу. А калі ў вас няма цяпліц, то вырошчвайце кроп на балконе або на кухонным падаконніку.

Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.