Божае Нараджэнне католікі святкуюць у ноч з 24 на 25 снежня. Гэтае лепшае свята года мы сустракаем толькі дома, збіраючыся адной вялікай сям’ёй.
На стол накрываем усе разам. Перш-наперш пад белы святочны абрус кладзём сена. На пярыну з сухой травы ставім талерку або пляцёнку з самай галоўнай стравай — аплаткамі (тонкі калядны хлеб). Гэта аналогія ясляў, у якіх ляжыць дзіця Езус пасля нараджэння. Мы заўсёды прытрымліваемся кулінарных калядных традыцый. Акрамя аплатак, на стол ставім 12 посных страў з рыбы, грыбоў, капусты, маку і сухафруктаў. Ну а галоўная страва, вядома, куцця.
У гэты дзень ніколі не забываем паставіць на стол лішні прыбор на выпадак прыходу нечаканага госця. І кожнаму бываем рады. Гэта звязана з легендай аб Хрысце, якому не хапіла месца за сталом.
Па правілах у калядную ноч не павінна быць мяса, толькі посныя стравы, якія сімвалізуюць дабрабыт — хлеб, жыватворную сілу — пшаніца, хрысціянства — рыба. Капуста, яблыкі і арэхі аберагаюць сям’ю ад хвароб, а грыбы адказваюць за сувязь з памерлымі сваякамі, мак сімвалізуе ўрадлівасць і багацце, а мёд — дапамогу сіл прыроды.
Мая мама пякла на Каляды вушкі з грыбамі і макам, і я так раблю. Таксама гатуем стравы з агародніны, круп. Вінегрэт, салаты, бульба, грыбы, смажаная рыба — выбар даволі вялікі. Традыцыйная посная страва ад продкаў — ягаднае заліўное, у нашай сям’і такі дэсерт называюць галярэткай (galaretka (польск.) — жэле, заліўное).
Мы шануем традыцыі, якія прыйшлі ад бабуль і бацькоў, але і прыўносім свае, новыя. Па традыцыі продкаў за стол сядаем, калі на небе загараецца першая зорка. Трапезу на Куццю пачынаем з малітвы і важнага атрыбута Раства — аплаткі. Гэты посны хлеб для католікаў — святыня і сімвал прымірэння і любові. Аплатка ламаецца на часткі, потым кожны дзеліцца сваім кавалачкам і жадае ўсяго добрага на будучы год. Адломліваючы кавалачак, гаворым адно аднаму пажаданні. Камусьці жадаем здароўя, камусьці — поспехаў у працы, дзецям — добра вучыцца і быць паслухмянымі.
Куцця незвычайная
Куццю па праве можна назваць галоўным кулінарным сімвалам Божага Нараджэння. За аснову часцей за ўсё бяруць пшаніцу, рыс, груцу або булгур. Выбірайце крупы на свой смак.
Запарваем у крутым кіпені 3—4 сталовыя лыжкі маку, затым зліваем лішнюю ваду і добра размінаем песцікам або здрабняем у кавамолцы. Таксама распарваем у гарачай вадзе 50 г светлых разынак на працягу 5 мінут, пасля чаго добра прасушваем.
Адварваем да гатоўнасці 200 г груцы ў вадзе без солі, адкідваем на друшляк і ахалоджваем. Змешваем цёплыя крупы з 2—3 сталовымі лыжкамі мёду. Падсушваем на патэльні без алею 100 г грэцкіх арэхаў, сярэдне здрабняем і разам з разынкамі высыпаем да круп. Частку разынак можна выкарыстаць для ўпрыгажэння. Падавайце куццю ў прыгожых крэманках. Асобную піялу з куццёй пастаўце ў цэнтры стала.
Таццяна ЯСІНСКАЯ,
класны кіраўнік 11 класа Васілішкаўскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна.