Ужо зусім блізка галоўнае свята вясны — Вялікдзень. Светлае і чыстае, яно нясе надзею і веру ў лепшае. Нязменным атрыбутам Вялікадня з’яўляецца чырвонае яйка і куліч. Як хочацца захаваць даўжэй адчуванне свята! І гэта магчыма. Самы час ствараць велікодныя вырабы сваімі рукамі.
Аказваецца, можна зрабіць куліч з падручных сродкаў. Для работы нам спатрэбіцца: газета, белы папяровы ручнік, вата, клей ПВА, гуаш белага колеру, сырое яйка, пэндзлік і кандытарская пасыпка. З газеты з дапамогай клею лепім масу ў форме куліча. Затым на атрыманы куліч наклейваем папяровы ручнік. Абавязкова пакідаем куліч на некаторы час для падсыхання. Зверху клеім вату і даём крыху пастаяць. Далей з дапамогай пэндзліка змазваем зверху кулічы ўзбітым яйкам і ставім на некалькі хвілін у разагрэтую духоўку. Дастаём і пасля высыхання шчыльным слоем наносім белую фарбу, упрыгожваем выраб пасыпкай. Куліч гатовы! Ён паслужыць у ролі дэкору не адзін год.
А як прыемна атрымаць вялікодны падарунак з прыгожага кошыка! Кошык можа быць тэкстыльным, папяровым і нават пластыкавым.
З Захаду на нас прыйшлі велікодныя зайчыкі. І хоць ім няма месца ў нашым успрыманні Вялікадня, але такі мілы сімвал вельмі падабаецца дзеткам, таму ўсё часцей мы яго бачым на сталах у сяброў і знаёмых.
Як зрабіць такі падарунак самастойна? Для гэтага спатрэбіцца: 2 віды тканіны, швейная машынка, кардон для шаблонаў зайчыкаў, нажніцы, ніткі, сінтэпон, фарба для тканіны, дэкор.
Найперш выразаем з кардону формы ў выглядзе зайчыкаў, затым — 2 палоскі тканіны даўжынёй 90 і шырынёй 11 сантыметраў. Складаем палоскі добрым бокам унутр і сашчэпліваем. Робім радок на швейнай машыне, на прыпуск бяром 0,5 мм. Прасуем шво на цёмны бок. Цяпер прыкладаем шаблоны зайчыкаў і абводзім па ўсёй даўжыні са сподняга боку. Сашпільваем дзве палоскі: адну — з шаблонамі, а другую — такую ж, але без выкрайкі. Прашываем на машынцы па лініях са сподняга боку. Далей выразаем вушкі і выварочваем дэталь на добры бок. Запаўняем нарыхтоўку ватай або сінтэпонам і прашываем ніз. Далей рыхтуем дно. Для гэтага выразаем круг з кардону і такога ж памеру круг з сінтэпону. Складаем іх і абшываем тканінай. Прышываем круг з зайчыкаў да дна. Зайчыкам малюем вочкі і рот. Робім ручку: выразаем з тканіны 2 доўгія палоскі, складаем кожную ўздоўж напалову. Робім швейны радок па ўсёй даўжыні, пакідаючы адзін кончык свабодным. Дэталь выварочваем на добры бок і напаўняем ватай ці сінтэпонам. Кончык зашываем, 2 дэталі перакручваем паміж сабой і прышываем усю нарыхтоўку да бакоў кошыка. Па жаданні ўпрыгожваем кошык элементамі дэкору.
Такі кошык стане не толькі незвычайным падарункам для дзяцей, але і паслужыць упрыгажэннем любога інтэр’ера.
Шчаслівых свят!
Наталля ЛЕВАНЧУК,
класны кіраўнік 9 класа Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.
Фота аўтара.