Прафілактыка анкалагічных захворванняў агароднінай

Вучоныя і ўрачы ва ўсім свеце спрабуюць адказаць на пытанне “Як усцерагчыся ад раку?”. У цяперашні час становіцца відавочным велізарнае значэнне харчавання, прычым як ва ўзнікненні, так і ў прафілактыцы анкалагічных захворванняў. Так, па даных Амерыканскага інстытута даследавання раку, нерацыянальнае харчаванне з’яўляецца прычынай развіцця захворвання ў мужчын у 40%, а ў жанчын — у 60% выпадкаў.

Даследаванні, праведзеныя ў апошнія гады заходнімі і айчыннымі вучонымі, з усёй відавочнасцю пацвярджаюць, што ўжыванне агародніны і садавіны з’яўляецца эфектыўнай прафілактыкай некаторых распаўсюджаных анкалагічных захворванняў. Справа ў тым, што многія прадукты харчавання маюць у сваім складзе антыаксіданты, якія нейтралізуюць дзеянне свабодных радыкалаў, якім уласціва выклікаць пашкоджанне мембран клетак.

Агародніна

Брокалі, квяцістая капуста, качанная капуста, брусельская капуста змяшчаюць індолы, якія ў сваю чаргу стымулююць утварэнне ферменту глутацыёнпераксідазы — магутнага антыаксіданту. Лічыцца, што індолы здольны інактываваць збыткоўныя эстрагены, якія могуць служыць прычынай раку, у прыватнасці, пухлін малочнай залозы. Таксама пералічаная агародніна змяшчае многа вітаміну С, які валодае выяўленымі антыаксідантнымі ўласцівасцямі. Варта адзначыць, што для максімальнай захаванасці індолаў гэтую агародніну пажадана ўжываць у сырым выглядзе або пасля непрацяглай апрацоўкі парай.

Жоўты перац, морква, салодкая бульба, гарбуз багаты на бэта-карацін, які ў арганізме ператвараецца ў вітамін А і абараняе ад раку тоўстай кішкі, прастаты, малочнай залозы і лёгкіх.

Часнок і цыбуля розных гатункаў. Часнок валодае здольнасцю звязваць таксіны, напрыклад, кадмій — патэнцыяльны канцэраген з цыгарэтнага дыму, і выдаляць іх з арганізма. Таксама часнок актывуе лейкацыты, якія паглынаюць і знішчаюць пухлінныя клеткі. Лічыцца, што рэгулярны прыём у ежу часнаку і цыбулі зніжае магчымасць узнікнення захворвання. Часнок, да ўсяго іншага, служыць крыніцай серы, неабходнай для выканання функцыі дэтаксікацыі печані. Цыбуля дзейнічае падобным чынам, хаця і ў меншай ступені.

Таматы з’яўляюцца крыніцай лікапіну — рэчыва з магутнымі антыаксідантнымі ўласцівасцямі, якое дапамагае прадухіліць рак прастаты, малочнай залозы, лёгкіх і страўніка.

Садавіна і ягады

Цытрусавыя. Грэйпфруты змяшчаюць монатэрпены, якія дапамагаюць зніжаць рызыку развіцця раку, выводзячы канцэрагенныя рэчывы з арганізма. Апельсін і лімоны змяшчаюць ліманен, які стымулюе работу імунных клетак, што знішчаюць ракавыя клеткі.

Журавіны змяшчаюць біяфлаваноіды, якія падтрымліваюць і ўзмацняюць антыаксідантную актыўнасць вітаміну С, на які гэтая ягада асабліва багата. У клубніцах і малінах змяшчаецца элагавая кіслата — моцны антыаксідант, які прадухіляе пашкоджанне ДНК і запавольвае рост ракавых клетак. З чарніцамі ў наш арганізм таксама паступаюць рэчывы, што прадухіляюць акісляльныя працэсы і запавольваюць працэсы старэння. Вінаград змяшчае рэсвератрол, які лічыцца моцным антыаксідантам, здольным прадухіліць пашкоджанне клетак.

У асаблівую групу прадуктаў, якія таксама валодаюць здольнасцю абараніць арганізм ад узнікнення анкалагічных захворванняў, трэба аднесці грыбы, арэхі і пладовыя семкі, а таксама спецыі.

Грыбы. Многія віды лічацца крыніцамі карысных рэчываў, што дапамагаюць умацаваць імунную сістэму. Грыбы змяшчаюць магутныя імунастымулятары — поліцукрыды пад назвай бэта-глюканы.

У міндальных арэшках ёсць леатрыл — натуральнае рэчыва, у склад якога ўваходзіць цыянідападобная субстанцыя, смяротная для злаякасных клетак.

Ільняное і кунжутнае семя, гарбузікі і сланечнікавыя семкі змяшчаюць у сваёй цвёрдай вонкавай абалонцы лігнаны. Гэта так званыя фітаэстрагены (рэчывы, якія імітуюць па сваім дзеянні гармон эстраген), што спрыяюць выдаленню залішняга эстрагену з арганізма. Лішак эстрагену, як вядома, стымулюе ўзнікненне гармоназалежных відаў раку, у прыватнасці, раку малочнай залозы, яечнікаў і маткі. Многа лігнанаў таксама ў соевых зярнятах, тофу, місо і тэмпеху.

Сярод прыпраў трэба адзначыць куркуму — парашок ярка-жоўтага колеру з клубняў расліны сямейства імбірных. Куркума здольна змяншаць выпрацоўку арганізмам асаблівых энзімаў, звязаных з запаленчымі працэсамі, колькасць якіх ненармальна высокая ў пацыентаў з некаторымі відамі запаленчых захворванняў і раку.

Канечне, здаровы лад жыцця і рацыянальнае харчаванне як адзін з яго складнікаў не могуць гарантаваць поўную адсутнасць магчымасці развіцця анкалагічнага захворвання ў чалавека, аднак вынікі шматлікіх даследаванняў паказваюць, што ў людзей, якія вядуць здаровы лад жыцця, зніжана рызыка развіцця некаторых відаў раку.

Сяргей ЧЭПЕЛЕЎ, 
урач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання
Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.