Салодкі і горкі калінавы смак

Зімовы пейзаж у садзе ўпрыгожваюць ягады каліны. На галінках ужо ляжыць белы снег, а каліна чырвонымі кропелькамі блішчыць на дрэве. Паспытаеш (а горкія ўвосень ягады на марозе сталі салодкімі) — і ўспомніш дзяцінства.

З далёкага дзяцінства беражліва захоўваю ў памяці чароўныя казкі пра каліну. А колькі шчырых і пяшчотных песень складзена пра яе? Для славянскіх народаў каліна заўсёды была сімвалам дабра, прыгажосці, любові і сямейнага шчасця. Яна ўвасабляла сціпласць і цнатлівасць. Згодна са старадаўнімі звычаямі, каліна лічылася абавязковым атрыбутам вясельнага абраду: ёй упрыгожвалі вясельны каравай. З кветак гэтай расліны дзяўчаты плялі вянкі, вышывалі яе на ручніках.

Гатункі

Каліна чырвоная — гэта лістападная расліна, якая ўяўляе сабой невялікае дрэва або хмызняк. Распаўсюджана яна практычна ўсюды, асабліва любіць вільготныя глебы, расце на адкрытых участках. Ліставыя пласцінкі ў яе супраціўныя, радзей — кальчаковыя. Плады каліны — касцянкі ярка-чырвонага колеру. Нягледзячы на тое, што гэтыя ягады гаркаватыя на смак, яны валодаюць неверагодна карыснымі і лячэбнымі ўласцівасцямі. У склад мякаці пладоў уваходзіць шмат вітамінаў C і P, арганічныя кіслоты, карацін, пекціны і дубільныя рэчывы.

Каліну звычайную вырошчваюць і як дэкаратыўную, і як пладовую расліну. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца наступныя гатункі пладовай каліны:

  • “гранатавы бранзалет” (разгалісты куст з’яўляецца сярэднярослым; гатунак позні, ураджайны; ягады маюць прыемны даўкі смак);
  • “марыя” (куст высакарослы; адрозніваецца ўстойлівасцю да захворванняў; кампактныя гронкі складаюцца з чырвоных пладоў, якія маюць салодка-кіслы смак; увосень зялёная лістота змяняе свой колер на чырвоны);
  • “шукшынская” (сярэдняспелы ўра­джайны гатунак, названы ў гонар рэжысёра, пісьменніка і акцёра В.Шукшына; шарападобныя ягады маюць насычана-чырвоную афарбоўку і прыемны смак);
  • “таежная” (сярэдняспелы і вельмі прадукцыйны гатунак, аднак не мае ўстойлівасці да лістагрызучых шкоднікаў; ягады круглыя, цёмна-чырвонага колеру, на смак кіславатыя, маюць невялікую гаркаватасць);
  • “жалабоўская” (гатунак універсальнага прымянення; куст кампактны; сакавітыя ягады крыху падоўжаныя, амаль салодкія, з ледзь прыкметнай гаркаватасцю; увосень лістота набывае прыгожую бардовую афарбоўку);
  • “выгароўская” (вышыня куста — каля 3—4 метраў; мякаць пладоў гаркавата-кіслая; ягады невялікія, шарападобныя, насычана-чырвонага колеру);
  • “эліксір” (ураджайны гатунак; куст малараскідзісты, невысокі; ягады круглыя, насычана-бардовай афарбоўкі; мякаць у іх салодка-кіслая з умеранай горыччу).

Пасадка

Садзіць каліну зусім нескладана. Для яе варта выбіраць добра ўвільготненую супясчаную глебу з нейтральнай рэакцыяй. Пасадку саджанцаў каліны лепш рабіць восенню. Перад гэтым участак трэба перакапаць, ачысціць яго ад пустазелля. Размнажаць каліну, на мой погляд, варта зялёнымі чаранкамі, якія прыжываюцца лепш за ўсё. Для чаранка зразаю сярэднюю частку, пры гэтым на ім павінна застацца 2 альбо 3 вузлы, а ў даўжыню ён можа дасягаць 10—15 сантыметраў. Ніжнія лісты трэба абарваць, а тыя, што знаходзяцца зверху, укараціць напалову. Пры падрыхтоўцы пасадачнай ямы верхні пласт глебы неабходна адкінуць. Да яго дадаць торф, перагной. Затым атрыманую сумесь пакласці ў пасадачную яму каля расліны, утрамбаваць, добра паліць.

Догляд вясной

Як толькі сыдзе снег, трэба ачысціць прыкустовую зону ад апалага лісця, сухіх галін, потым падрыхліць яе, каб выключыць фарміраванне глебавай скарынкі, і падкарміць азотнымі ўгнаеннямі.

Незалежна ад таго, будзе каліна ў вас сфарміравана як хмызняк або як дрэўца, вясной ёй спатрэбіцца абрэзка. З гадамі крона будзе станавіцца ўсё гусцейшай і моц­на разрасцецца, што ўскладніць збор пладоў, а колькасць іх можа прыкметна паменшыцца. У вясновы час, да таго як пачнецца рух соку, варта зрабіць санітарную абрэзку. Спачатку трэба выразаць усе сухія галінкі і прыросты, што ідуць углыб кроны. Да абрэзкі кроны кожнай расліны трэба падыходзіць індывідуальна. У выніку фарміравання кроны атрымліваецца куст каліны з кампактнай кронай, нізкі, незагушчаны, з якога зручна збіраць ураджай.

Догляд летам

Падчас цвіцення каліны трэба абавязкова ўнесці калійныя ўгнаенні ў глебу каля прыствольнага круга. Таксама расліна мае патрэбу ў рэгулярных палівах, якія рэкамендуецца праводзіць 1—2 разы ў тыдзень, асабліва ў спякотны, засушлівы перыяд. Калі ў летні час назіраецца вялікая коль­касць дажджоў, то неабходна знізіць частату паліву. У гэты перыяд года глебу ў прыкустовай зоне маладых раслін лепш мульчыра­ваць торфам, каб паменшыць колькасць пустазелля.

Догляд восенню

Восенню спеюць плады каліны. Збіраць іх лепш пасля поўнага выспявання ўсіх ягад у суквецці. А пасля збору ўраджаю расліну неабходна падкарміць фосфарнымі ўгнаеннямі з дабаўленнем арганічных.

Барацьба з хваробамі і шкоднікамі

Каліна хварэе рэдка, аднак яе мо­гуць пашкодзіць грыбковыя інфекцыі, якія з’яўляюцца ў выглядзе белаватага налёту на ліставых пласцінках. Інфекцыя распаўсюдж­ваецца ад ніжняй часткі куста да верхняй. Мучністая раса, развіваючыся, прыводзіць да ўсыхання ліставых пласцінак, пры гэтым зніжаецца ўраджай. Аскахітозная плямістасць выяўляецца на лісцях у выглядзе вуглаватых плям. Калі летам багата ападкаў, на ліставых пласцінках каліны з’яўляецца шэрая гніль. Прыкметамі гэтага захворвання з’яўляюцца бурыя бясформенныя плямы на лістках каліны. Дапамагае справіцца з грыбковымі захворваннямі апрацоўка расліны фунгіцыдамі. Але для прафілактыкі з’яўлення шэрай гнілі варта на некаторы час адмовіцца ад паліву, праводзіць санітарныя прачыст­кі кроны.

Ёсць у каліны і шкоднікі: тля, ліставёртка, лістаед, пядзенік. Гэтыя насякомыя і іх лічынкі пашкоджваюць лісце, кветкі, ягады, што прыводзіць да зніжэння ўраджаю, псуе знешні выгляд расліны. Змагацца са шкоднікамі можна некалькімі спосабамі: фізічным (збор і знішчэнне гусеніц і дарослых насякомых), хімічным (выкарыстанне інсектыцыдаў), агратэхнічным (своечасовы збор ягад, збіранне лістоты ў прыкустовай зоне, выдаленне пустазелля, на якім мо­гуць размнажацца шкоднікі). Але больш экалагічным будзе біялагічны спосаб — гэта прывабліванне насякомаедных птушак на ўчастак.

Выкарыстанне

З ягад каліны я гатую варэнне, джэмы, мусы, а таксама касметычныя сродкі для скуры. Гаючымі ўласцівасцямі валодаюць свежыя і сушаныя плады каліны, іх сок, адвар і настой. Адвараныя на мёдзе ягады выкарыстоўваю пры хваробах верхніх дыхальных шляхоў, бо яны выдатна прыпыняюць кашаль. У кветках, лісці і кары каліны таксама змяшчаюцца гаючыя рэчывы. Адвар кветак каліны спрыяе паляпшэнню апетыту і ўзмацненню потавыдзялення.

Пагадзіцеся, што нескладаная ў вырошчванні, але вельмі карысная садовая расліна каліна заслугоўвае, каб для яе знайшлося месца ў вашым садзе. А яна парадуе шчодрым ураджаем сакавітых ягад з цудоўнымі ўласцівасцямі.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота аўтара.